Вы тут

Лукашэнка: Галоўнае пытанне адносін паміж Беларуссю і Расіяй — роўныя ўмовы


21 лістапада адбылася сустрэча Прэзідэнта з міністрам замежных спраў Расіі Сяргеем Лаўровым.


Беларускі лідар адзначыў, што бакам ёсць, пра што пагаварыць. "Хоць сакрэтаў у мяне ад Міністэрства замежных спраў Беларусі няма, і я думаю, ваш калега, карыстаючыся вашымі давернымі адносінамі адзін з адным, вельмі падрабязна распавёў вам пра сітуацыю ўнутры краіны, пра нашы памкненні. Вы чалавек дасведчаны і ўмееце чытаць паміж радкоў", — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт дадаў, што сёння з'яўляецца розная інфармацыя, "пішуць усякае", на што ён рэагуе некалькі хваравіта і не можа адвыкнуць ад гэтага за столькі гадоў. "Таму вось такая размова сам-насам, яна заўсёды карысная — гэта першае, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — Другое: вы ведаеце, у нас быццам бы і нядрэнныя адносіны складваюцца ў цэлым з Расійскай Федэрацыяй, нават вельмі добрыя. Факт, што лепш, чым з іншымі дзяржавамі".

Прэзідэнт звярнуў увагу, што паміж дзяржавамі існуе адно галоўнае пытанне, якое неабходна вырашыць. Яно, па словах беларускага лідара, абмяркоўваецца на самым высокім узроўні, яго абмяркоўваюць Міністэрствы замежных спраў, пры чым абмеркаванне пачалося яшчэ ў часы Барыса Ельцына. "Роўныя ўмовы для працы людзей, суб'ектаў гаспадарання ў нашай агульнай айчыне, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Я так гэта называю і інакш, напэўна, не назавеш. Калі ёсць такая розніца ў рабоце суб'ектаў гаспадарання ў парушэнне нашых дамоваў, якія існуюць, гэта дрэнна . Вось трэба вырашыць гэтае асноўнае пытанне, і я думаю, у нас ніколі не будзе прэтэнзій да Расіі, а ў Расіі — да нас".

Беларускі лідар таксама адзначыў, што калі ў Беларусі і Расіі гандлёвае сальда складваецца ў велізарны мінус, то нашай краіне даводзіцца шукаць дзесьці па ўсім свеце, каб закрыць гэты дысбаланс. Ён дадаў, што ўсё ідзе ад эканомікі.

"А так, увогуле, сітуацыя нядрэнная", — канстатаваў ён.

Кіраўнік дзяржавы расказаў, што ставіць у прыклад работу Міністэрства абароны і Міністэрства замежных спраў, асабліва апошняга, паколькі ёсць поўнае разуменне, але ёсць і пытанні, пра якія трэба казаць "гледзячы адзін аднаму ў вочы".

У адказ міністр замежных спраў Расіі Сяргей Лаўроў адзначыў, што літаральна перад сустрэчай з кіраўніком дзяржавы адбылося сумеснае пасяджэнне калегіі Міністэрства замежных спраў Беларусі і калегіі Міністэрства замежных спраў Расіі.

"Вельмі карысная была размова і па праблемах сумеснай барацьбы супраць фальсіфікацыі гісторыі Другой сусветнай вайны, Вялікай Айчыннай вайны, па пытаннях кібербяспекі, па пытаннях развіцця інтэграцыйных працэсаў з удзелам ЕўрАзЭС, ШАС і іншых структур на вялікай еўразійскай прасторы, і па пытаннях нашай агульнай культурнай спадчыны і прасоўвання яе за мяжой", — сказаў дыпламат.

Кіраўнік расійскага знешнепалітычнага ведамства прывёў падрабязнасці нядаўняй размовы з міністрам замежных спраў Беларусі Уладзімірам Макеем — у тым ліку бакі абмяркоўвалі роўныя правы, неабходнасць іх выраўноўвання, пра што і сказаў Аляксандр Лукашэнка.

"Мы лічым, што трэба цалкам выконваць дамоўленасці, якія былі, як у адносiнах да гаспадарчых суб'ектаў, так і ў дачыненні да грамадзян. У нас многія рэчы ўжо вырашаны, але па асобных пытаннях мае быць работа, і мы, як знешнепалітычнае ведамства,  будзем усяляк спрыяць таму, каб адпаведныя структуры двух краін знаходзілі дамоўленасці", — заявіў міністр замежных спраў Расіі.

Уладзіслаў ЛУКАШЭВІЧ

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.