Вы тут

Справа аб васямнаццаці. ​Нацыянальны конкурс «Лістапада» здае пазіцыі


Нацыянальны конкурс міжнароднага кінафестывалю «Лістапад» ужо каторы год быццам збірае для гледачоў найлепшае, што было створана беларускімі аўтарамі ўнутры краіны ці за яе межамі. У гэтым годзе да паўнаты карціны ўзніклі пытанні: куртатая праграма, пазбаўленая некалькіх работ — спачатку праз умяшанне Міністэрства культуры, потым праз рэакцыю фільммэйкераў, — умясціла ў сябе 18 фільмаў. З той нагоды, што мы ўжо неяк прызвычаіліся ацэньваць, ёсць у айчыннага кінематографа надзея ці не, менавіта па праграме Нацыянальнага конкурсу, сёлета засталіся са змешанымі пачуццямі. Ці то надзеі няма, ці то яна недзе хаваецца. Прынамсі, самай прыемнай і роўна пазітыўнай часткай аказалася анімацыя, а што з астатнім беларускім кіно — лепш, напэўна, не думаць.


Кадр з фільма «Песні для Кіта».

У кантэксце

Нацыянальны конкурс і ў мінулыя гады агаляў няспеласць альбо нават застой беларускага кінематографа. Прадукт «манапаліста» Нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм» па вядомых прычынах (з-за сумніўнай якасці) нават з усімі бюджэтнымі грашыма трапляў у яго рэдка (калі не браць у разлік анімацыю). Незалежныя аўтары, здымаючы за свой кошт, прапаноўвалі ў асноўным першыя крокі і кароткі метр — затое па іх разнастайнасці можна было ўбачыць кірунак думак і сферу інтарэсаў.

Адзінкавыя моцныя аўтары выдзяляліся з праграмы, але станавіліся выключэннем, да таго ж выяўлялі, у гэтым годзе таксама, шматзначную і, напэўна, вельмі сумную тэндэнцыю: часта вартыя ўвагі работы прапаноўвалі беларусы, што вучацца, жывуць, працуюць за мяжой.

Але праз конкурс быў відаць нейкі «дзвіж», рухі, развіццё, прысутнасць моцных аўтараў, жаданне маладых людзей карыстацца тэхналогіямі і праз спрашчэнне працэсу стварэння кіно быць да яго датычнымі.

Сёлета Нацыянальны конкурс аказаўся расчаравальным. Па-першае, з-за самой праграмы, якая для мяне прасігналізавала аб стагнацыі айчыннага кінематографа (хоць трэба прызнаць, дакументальная частка была пазбаўленая такіх работ, з якімі вобраз Нацконкурсу выглядаў бы больш станоўчым). Па-другое, з-за скандалу, што разгарнуўся вакол таго, што Міністэрства культуры вырашыла апошняе слова аб складзе праграмы пакідаць за сабой без удзелу прадстаўнікоў дырэкцыі кінафестывалю. Пахіснуўся вобраз надзейнай пляцоўкі, якой дагэтуль уяўляўся Нацыянальны конкурс «Лістапада». Але нешта вартае на вялікі экран усё ж трапіла.

Дакументалістыка

У працяг тэмы сумных тэндэнцый: найлепшым фільмам дакументальнай часткі конкурсу нацыянальнага кіно становіцца работа беларуса, што жыве ў Расіі. Руслан Фядотаў з'яўляецца адным з аўтараў любімай намі «Саламанкі» пра абшчыну менанітаў у Мексіцы, якая ў свой час атрымала ўзнагароду «Лістапада» і іншых фестываляў. Гэтым разам ён выступіў са сваёй работай «Песні для Кіта» пра бяздомную і вельмі непасрэдную жанчыну, што любіць плюшавыя цацкі, можа пралезці праз агароджу і пафарбаваць валасы ў грамадскай прыбіральні. Карціна, знятая пад уздзеяннем школы Марыны Разбежкінай, прапанавала гледачам сапраўдную жывую дакументалістыку, што вызначаецца і фактурай, і спосабам здымкі.

Цікава, як бы размеркаваліся ўзнагароды, калі б Нацыянальны конкурс не страціў важных дакументальных «байцоў», бо ў такім выпадку канкурэнты ў Руслана Фядотава былі б няпростыя.

Можна па інерцыі вылучыць работу знанага беларускага дакументаліста Галіны Адамовіч «Нашы дзеці» пра бацькоў, у тым ліку актрысу Ганну Хітрык, што выхоўваюць «незвычайных» дзяцей. Але трэба прызнаць, што высакароднасць тэмы і прафесіяналізм тут перакрываюць мастацтва, а фільм у выніку становіцца сацыяльна значным — і толькі.

Поўны метр у дакументалістыцы быў прадстаўлены таксама неадназначнай работай Аляксандра Свішчанкова «Мая Германія». Яе герой, жыхар Беларусі, ганарыцца тым, што з'яўляецца этнічным немцам, хоць насамрэч аказваецца звычайным дзедам-мяшчанінам. Рэжысёр аддаў яго развагам і крыўдам столькі месца, што нават незразумела — ці то ён наўмысна даў свайму герою волю, каб той сябе знеслаўляў, ці то ён не справіўся з націскам. Карціна атрымалася займальнай, але выпушчанай з-пад кантролю. Як і Нацконкурс у цэлым.

Ігравое кіно

Бясспрэчна, з шасці карцін вылучаецца нашумелы хіт «Хрусталь» Дар'і Жук, якому, здавалася б, у Беларусі сёння няма канкурэнтаў, бо за ім большы бюджэт, капрадукцыя чатырох краін, фестывальныя лёс і ўзнагароды, адносна добры пракат, рэзананс у СМІ і вылучэнне на саісканне прэміі «Оскар» ад Беларусі.

Дарэчы, нягледзячы на тое, што фільм доўга ішоў у пракаце, не толькі ў Мінску, але і ў іншых гарадах, яго паказы падчас «Лістапада» сабралі поўныя залы. Стужка — толькі нагадваю — вяртае нас у 90-я і расказвае гісторыю дыджэйкі Вэлі, што марыць з'ехаць у Чыкага. З нейкага пункту гледжання «Хрусталь» у конкурсе сапраўды выглядае дзіўна, бо па вытворчай сіле ён нашмат больш прэзентабельны за іншыя карціны.

Таму і было цікава пачуць рашэнне міжнароднага журы, якое ў якасці пераможцы ігравой часткі Нацыянальнага конкурсу выбрала кароткаметражны і не такі прадстаўнічы ў плане маштабу, затое прафесійны, праблемны, узрушальны і стыльны фільм «Дачка» беларускі Мары Тамковіч, што жыве ў Польшчы. Па сюжэце бацька знаходзіць у ваннай дачку, што хацела скончыць жыццё самагубствам з-за цяжарнасці пасля згвалтавання. У спробах дамагчыся справядлівасці бацьку супрацьстаіць літаральна ўвесь свет, таму ў выніку, не знайшоўшы паразумення ў афіцыйнага блока, галоўны герой помсціць гвалтаўніку сваімі сіламі.

Увайшоў у конкурс і альманах «Беларусьфільма» «Вайна. Застацца чалавекам». Гэта другі падобны праект кінастудыі — пасля зборніка «Мы», у якім дэбютавала некалькі маладых аўтараў. Практыку было вырашана працягнуць і гэтым разам закрануць тэму вайны. Меркавалася, напэўна, што маладыя галасы скажуць нешта новае ў традыцыйнай для «Беларусьфільма» сферы. Альманах атрымаўся розным: з пункту гледжання прафесійнай роўнасці вылучаюцца навелы Мітрыя Сямёнава-Алейнікава і Ігара Васільева, трывіяльны сюжэт з сантыментамі пра зоры на небе ўвасобіўся ў кароткаметражцы Змітра Федаровіча, варыяцыя пра зямны і незямны сусветы на фоне Вялікай Айчыннай вайны атрымалася ў Кацярыны Тарасавай. Некаторыя работы тут вызначаюцца словам «дэбют» у найгоршым сэнсе. Затое навела «Франка» Сямёнава-Алейнікава атрымала дыплом «За выдатнае візуальнае рашэнне». Больш работы кінастудыі ў адабраную ігравую праграму не ўвайшлі ні ў якім выглядзе.

Анімацыя

Самая цёплая, вобразная і прыгожая частка Нацыянальнага конкурсу — гэта анімацыя, прадстаўленая ў тым ліку работамі кінастудыі «Беларусьфільм». Адзіная сфера, у якой ты проста атрымліваеш асалоду ад колераў, вобразаў і нейкай чысціні. Так, ёсць тут пэўны дыктат «жанру», калі работы зроблены ў адукацыйным кірунку для дзяцей, разбіваюцца на часткі, быццам падручнік, завяршаюцца традыцыйнай мараллю. Але візуальныя рашэнні, якімі тут дасягаюцца мэты, і нейкая неамбіцыйнасць топяць ільды Арктыкі.

Найлепшай у анімацыі стала карціна «Лагодны воўк» Наталіі Дарвінай — сюжэцік пра ваўка, што ўвесь час галодны, таму што шкадуе жывёлак і ратуе іх з пастак. Выгнаны са зграі ён засеў у сваім доміку з нарыхтаванымі травамі для заварвання гарбаты і ў нейкім парыве скраў ягня, але і яго не змог з'есці, а толькі акружыў гасціннасцю. У выніку гаспадар ягняці забраў добрага ваўка да сябе, накарміў яго блінамі і назваў замест галоднага лагодным.

Асобны дыплом атрымаў аніматар Ігар Воўчык, ён так і называецца: «Ігару Воўчыку — за вытанчанасць і паэтычнасць яго творчасці». Сёлета ў конкурсе рэжысёр удзельнічаў з фільмам «Ваўчышка» (адны ваўкі гэтым разам), галоўны персанаж якога — уласна ваўчышка — застаўся адзін у страшным лесе, потым трапіў у бяспечны чалавечы дом, але ўсё роўна збег назад.

Постскрыптум

Як па сённяшнім стане, дык Нацыянальнаму конкурсу надзвычай важна вярнуць былы прынцып адбору і даць зразумець, як кінематаграфістам, так і публіцы, што яго праграма фарміруецца дырэкцыяй не толькі ў пачатку, але і на фінальным этапе таксама. Каб важная функцыя гэтай пляцоўкі — а ў беларускай прасторы яна насамрэч выключная — ніколі б больш не нівелявалася.

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».