Вы тут

Рэальны патэнцыял інтэграцыі


Галоўныя мерапрыемствы V Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі прайшлі з удзелам прэзідэнтаў абедзвюх краін — Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна. Гэты факт падкрэсліў не толькі значэнне і высокі статус магілёўскага форуму, але і вялікую ролю менавіта рэгіянальнага ўзаемадзеяння дзвюх дзяржаў


Аляксандр Лукашэнка перакананы:

— Гэтае мерапрыемства стала добрай традыцыяй для прэзідэнтаў дзвюх краін, кіраўнікоў рэгіёнаў, прадстаўнікоў бізнес-супольнасці і экспертаў, пляцоўкай для абмеркавання ключавых пытанняў міждзяржаўных адносін.

Тым больш што база для развіцця гэтых адносін больш чым салідная, пацвердзіў Уладзімір Пуцін.

Знакавы момант: зносіны прэзідэнтаў ў Магілёве пачаліся з асабістай сустрэчы. Спачатку непасрэдна ў аэрапорце, куды Аляксандр Лукашэнка прыбыў сустрэць Уладзіміра Пуціна. А затым і па месцы правядзення форуму — у Палацы культуры Магілёўскай вобласці. Дарэчы, цяперашняя сустрэча Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна — ужо трэцяя за апошнія дзве дэкады. І ў бягучым годзе не апошняя: яшчэ маюць адбыцца кантакты ў ходзе міжнародных самітаў у Астане і Маскве.

Асноўны фармат двухбаковай сустрэчы лідараў дзвюх краін прысутнасці журналістаў не прадугледжваў. Зрэшты, ні для каго з прысутных не было сакрэтам, пра што ішла гаворка за зачыненымі дзвярыма. Зразумела, пра найбольш актуальныя пытанні беларуска-расійскіх адносін. А таму з асаблівым нецярпеннем ўдзельнікі форуму чакалі выступленняў кіраўнікоў дзяржаў на пленарным пасяджэнні. Тэма якога казала сама за сябе: «Прыярытэтныя напрамкі развіцця рэгіянальнага супрацоўніцтва як ключавога фактару інтэграцыі ды саюзнага будаўніцтва».

Менавіта на ключавой ролі рэгіянальнага фактару акцэнтаваў увагу ўдзельнікаў форуму Прэзідэнт Беларусі:

— У цяперашні час больш за восем тысяч прадпрыемстваў Беларусі і Расіі звязаны вытворчай кааперацыяй. У Беларусі каля 3000 арганізацый з расійскім статутным капіталам. У Расіі зарэгістравана каля 50 сумесных зборачных вытворчасцяў, створана каля 160 суб’ектаў тавараправоднай сеткі з беларускім капіталам.

Гэта сотні тысяч працоўных месцаў, што ў наш час з’яўляецца немалым дасягненнем.

Пры гэтым, падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка, менавіта ў рэгіёнах дзвюх краін пачынаецца мноства вытворчых і тэхналагічных ланцужкоў па выпуску сумеснай прадукцыі. Аб узаемнай зацікаўленасці ў развіцці міжрэгіянальных сувязяў сведчыць і высокая інтэнсіўнасць абмену візітамі дэлегацый рознага ўзроўню:

— Падпісана парадку 80 дамоваў аб супрацоўніцтве з суб’ектамі Расійскай Федэрацыі. Асноўнымі гандлёвымі партнёрамі Беларусі застаюцца Масква і Санкт-Пецярбург, Рэспублікі Татарстан і Башкартастан, Пермскі край, а таксама Бранская, Калужская, Маскоўская, Смаленская і Цюменьская вобласці. Аб’ём гандлю з дадзенымі рэгіёнамі складае больш за 70% беларуска-расійскага тавараабароту. Гэта высокі вынік, але важна наладзіць такое ж супрацоўніцтва і з іншымі суб’ектамі Расійскай Федэрацыі. Лічу, што ў нас ёсць усе неабходныя інструменты.

Што да галіновай канкрэтыкі, то найважнейшым прыярытэтам міжрэгіянальнага ўзаемадзеяння Прэзідэнт Беларусі бачыць рэалізацыю вытворча-кааперацыйных праектаў у машынабудаванні, дрэваапрацоўцы, харчовай і лёгкай прамысловасці:

— Варта забяспечыць неабходную загрузку ўжо дзеючых прадпрыемстваў шляхам стварэння сумесных праграм па імпартазамяшчэнні. Тады нашы вытворчасці змогуць развівацца ў інтарэсах абедзвюх краін. На нядаўняй сустрэчы ў Сочы (з Прэзідэнтам Расіі.— Рэд.) мы дэталёва абмяркоўвалі гэтае пытанне. Спадзяюся, у бліжэйшы час прымем рашэнні, якія здымуць усе перашкоды ў развіцці сумесных вытворчасцяў.

Складанасці ёсць, і Прэзідэнт пра іх таксама казаў:

— Нашымі галоўнымі задачамі працягваюць заставацца ліквідацыя абмежаванняў ва ўзаемным гандлі і забеспячэнне роўных умоў дзейнасці гаспадарчых суб’ектаў. І найбольш адчувальнае пытанне — супрацоўніцтва ў аграпрамысловым комплексе. У многіх рэгіёнах Расіі беларусаў ведаюць як добрасумленных і надзейных партнёраў, а беларускія прадукты цэняць і любяць. На жаль, часцяком сумесная работа па павышэнні якасці экспартуемага харчавання падмяняецца абмежавальнымі мерамі.

Перспектыўным напрамкам з’яўляецца і развіццё ўзаемадзеяння ў будаўнічай сферы, нагадаў Аляксандр Лукашэнка:

— Беларускія спецыялісты могуць якасна ўзвесці любыя аб’екты сацыяльнай інфраструктуры.

Акрамя таго, у цяперашні час у Расіі ствараюцца кластары, індустрыяльныя паркі, тэрыторыі апераджальнага развіцця. Беларусь гатова актыўна ўдзельнічаць і ў гэтых праектах:

— Мы павінны эфектыўна задзейнічаць велізарны навуковы, прамысловы і кадравы патэнцыял дзвюх краін для стварэння сумеснай прадукцыі.

Аднак не толькі эканоміка ляжыць у аснове беларуска-расійскіх узаемаадносін. Наступныя два гады стануць знакавымі для блізкіх народаў: яны разам будуць адзначаць 75 гадоў з дня вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і 75­годдзе Вялікай Перамогі. Аляксандр Лукашэнка перакананы, што на прыкладзе подзвігу савецкіх салдат, якія абаранялі тады агульную Радзіму, павінна выхоўвацца новае пакаленне грамадзян Беларусі і Расіі. І тут жа была вылучана ідэя:

— Прапаную наступны Форум рэгіёнаў прысвяціць разгляду пытанняў, звязаных з маладзёжнай тэматыкай. Варта абмеркаваць розныя аспекты адукацыі, культуры, творчага развіцця, патрыятычнага выхавання і фарміравання здаровага ладу жыцця маладых людзей.

Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін праілюстраваў лічбамі глыбіню эканамічнай інтэграцыі дзвюх краін:

— Беларусь займае першае месца па аб’ёмах тавараабароту Расіі з краінамі СНД. На расійскі рынак пастаўляецца палова ўсёй беларускай экспартнай прадукцыі. У мінулым годзе тавараабарот павялічыўся амаль на чвэрць і дасягнуў 32,4 мільярда долараў. У студзені–жніўні бягучага года дадаў яшчэ 14,5% — і нам цалкам па сілах вывесці ўзаемны гандаль на ўзровень у 50 мільярдаў долараў. Для параўнання: я зусім нядаўна быў у Індыі. Краіна з насельніцтвам 1,1 мільярда чалавек. Аб’ём гандлю Расіі з Індыяй — 10 мільярдаў долараў пакуль мы не дасягнулі. А з Беларуссю ўжо 32 з лішнім. Гэта шмат пра што кажа.

Пры гэтым расійскі лідар перакананы, што хуткі ўвод у дзеянне ў Беларусі першай атамнай электрастанцыі, якая будуецца пры дапамозе Расіі, палепшыць сітуацыю з энергазабеспячэннем краіны і дасць ёй дадатковыя экспартныя магчымасці. Прадугледжана збудаванне і яшчэ аднаго знакавага аб’екта — цэнтра ядзернай навукі і тэхналогій:

— Мы не проста будуем вельмі важны прамысловы аб’ект, а ствараем у Беларусі новую галіну. Вядома, Беларусь і ў Савецкім Саюзе славілася навукоўцамі, высокім узроўнем адукацыі. Але такой асобнай галіны не было. Цяпер будзе.

Эталонным можна смела назваць цяперашні форум, аналагаў якому яшчэ не было — як па колькасці ўдзельнікаў, так і па аб’ёме заключаных на ім дамоваў. Наогул кажучы, мерапрыемства гэта набыло такі статус і такую вагу, што за права правядзення наступнага, VI Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі ўжо расце канкурэнцыя гарадоў. Прапануюцца розныя пляцоўкі, у тым ліку Санкт-Пецярбург. Пакуль у гэтым пытанні арганізатарамі  — верхнімі палатамі парламентаў абедзвюх краін — узятая паўза. Толькі вядома, што тэма будучага форуму будзе маладзёжнай і праходзіць ён будзе на тэрыторыі Расіі. Цалкам ясна і тое, што арганізатарам давядзецца пастарацца, каб наступнае мерапрыемства аказалася не горшым за магілёўскае. Зрэшты, народы Беларусі і Расіі ды эканоміка абедзвюх краін ад гэтага апынуцца толькі ў выйгрышы.

Васіль Харытонаў

Фота БЕЛТА

 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».