Вы тут

Як у Слаўгарадскім раёне апякуюць пенсіянераў


— Гэта быў закінуты калгасны дом, з якім трэба было нешта рабіць. Я прапанаваў прыстасаваць яго пад патрэбы пажылых жыхароў раёна, каб не сумавалі зімой у адзіноце. Раённыя ўлады ідэю ўхвалілі, так з'явіўся праект, які падтрымалі на ўзроўні ПРААН. На добрую справу была накіравана міжнародная дапамога і шмат чаго зроблена за кошт мясцовага СВК «Жалезінскі». Гаспадарка перакрыла дах, адрамантавала памяшканні, замяніла вокны. Дом атрымаў новае жыццё, а пенсіянеры — магчымасць правесці зіму з камфортам, — расказвае па дарозе да сацыяльнай установы старшыня Лапаціцкага сельсавета Сцяпан Байцоў.


Дом у Лапацічах нічым асабліва не выдзяляецца сярод іншых, хіба што шыльда ў акне нагадвае пра яго прызначэнне. У хаце пахне гарохавым супам і каўбасой, цёпла і ўтульна — сапраўды, як дома. Пастаяльцы жывуць на ўсім гатовым. Не трэба клапаціцца ні пра дровы, ні пра ежу. Сацыяльны работнік Наталля Журкова і прыгатуе, і прыбярэцца, і памые бялізну. Наталля добра ведае звычкі сваіх падапечных і заўсёды гатова ім дагадзіць. «Вось наварыла супу гарохавага. Аднаму дзеду тваражку і кефіру купіла, другому асобна курыныя крылцы зварыла», — дае яна справаздачу.

Самы малады пастаялец — Яўген Васількоў, яму ўсяго 61 год. Мужчына, як той казаў, у росквіце сіл. Але толькі на выгляд. Цяжка жыць аднаму, асабліва ў вёсцы, дзе жыхароў па пальцах можна пералічыць. Пра дом у Лапацічах даведаўся ад сацработнікаў. Яны ж і дапамаглі яму сюды дабрацца. Жыве на новым месцы з 26 кастрычніка, і яму ўсё падабаецца. У Перагоне, кажа, нават тэлевізара не было. А тут увесь набор бытавой тэхнікі. Пенсія ў яго невялічкая, калі б застаўся дома зімаваць, не звёў бы канцы з канцамі. А тут плата сімвалічная — каля 8 рублёў у месяц за паслугі сацработніка (адзін візіт — 61 капейка). Плюс 100 рублёў на камуналку і прадукты. Сацработнік купляе ўсё, што пенсіянеры пажадаюць, і па іх жа заяўках гатуе.

Уладзімір Нікіценка з Шаламоў тут ужо другі год, нават дадому не ездзіў. У Магілёве жыве сястра Тамара Арлова і двое пляменнікаў Ігар і Жанна, але ў госці да яго яны не прыязджаюць.

— Знаёмых у вёсцы ўжо не засталося, а тут хоць нейкае жыццё, — уздыхае ён. — Аднойчы нават у клубе быў.

Асноўны занятак пастаяльцаў — пагутарыць ды тэлевізар паглядзець. Вельмі падабаецца «Поле цудаў» з яго нязменным вядучым Леанідам Якубовічам. Вясёлы ён чалавек і вынаходлівы. Цікава яго слухаць.

У Віктара Мізгайлы дачка і сын у Санкт-Пецярбургу, шмат гадоў абяцаюць прыехаць, але бацька ўжо і на-
дзею ўбачыць іх страціў. Апошні раз прыязджалі, яшчэ калі іх маці жывая была. А яе вось ужо 15 гадоў як няма.

— Хоць бы прыехалі, хату бацькоўскую адрамантавалі, — крыўдзіцца ён. — Я ж ужо зусім слабы стаў.

Сацработнік кажа, што хата яе падапечнага хоць і старая, але на яе аднойчы ўсё ж такі знайшоўся пакупнік. На жаль, рэалізаваць маёмасць не атрымалася. Дачка не дазволіла. А ў яе ўсе дакументы на дом. Угаворвалі, нагадвалі пра закон і адказнасць даглядаць сваю нерухомасць, а яна ўперлася: не буду бацькоўскую хату прадаваць. Дом развальваецца, а яна з Піцера не едзе. Летам Віктара Іванавіча вазілі ў Слаўгарад паглядзець на родныя сцены. Самастойна ездзіць ён ужо не ў сілах — як-ніяк 88 гадоў.

— Без праважатага не магу, — уздыхае мужчына, — трачу прытомнасць. Ногі баляць, ужо нікуды не хаджу. Нават у краму. А раней часта наведваўся.

Установа яму падабаецца. Ад дзяцей дапамогі няма, а чужыя вось даглядаюць. Хоць, відаць па вачах, што сумуе па доме. «Там усё роўна лепей, — не стрымліваецца стары. — Да аднаго знаёмага зойдзеш, да другога — у мяне шмат знаёмых. А тут прыходзіцца кантактаваць з імі па тэлефоне».

Тут заўсёды рады гасцям.

Слаўгарадчанка Ніна Дзем'янкова, якой ужо 90 з «хвосцікам», пакуль што чалавек новы. У яе распараджэнні цэлы пакой. На сустрэчу з карэспандэнтам прыбралася, апранулася ў белую кашулю і чорны сарафан. «Я ж у райвыканкаме працавала, — кажа яна. — Прывыкла падбіраць адзенне з густам».

Андрэеўна з задавальненнем расказвае пра сваё жыццё. А было яно ў яе складанае і суровае. Ваеннае ліхалецце, бежанцы, канцлагер — усякага нагледзелася. Радавалася, калі жыццё пакрыху стала ўваходзіць у каляіну. З мужам пабудавалі вялікі дом у вёсцы Міхайлоў — гэта зусім недалёка ад Слаўгарада. А калі муж памёр, прадала сваю нерухомасць і пераехала ў Слаўгарад бліжэй да сына. Калі ён захварэў, дапамагала нявестцы даглядаць. Пакуль жылі ўтраіх — не скардзілася, але потым унучка з вялікай сям'ёй пасялілася. Старому чалавеку цяжка ладзіць з маладымі, вось яна і вырашыла нешта змяніць у сваім жыцці. Пайшла ў райвыканкам ды папрасіла выдзеліць асобны пакой у інтэрнаце. Там ёй не адмовілі, папрасілі пачакаць, пакуль рамонт у пакоі зробяць. А часова прапанавалі пажыць у доме сезоннага знаходжання ў Лапацічах.

Андрэеўна ўдзячная за клопат: «Наша Наташа анёл-ахоўнік, дапамагае ва ўсім. Калі б было здароўе, села б на аўтобус ды з'ездзіла да сына ў Слаўгарад. Але ногі падводзяць. Ды і ціск пад 180, рытм сэрца збіваецца».

Дарэчы, сын у Слаўгарадзе не адзіны ў Ніны Андрэеўны — ёсць яшчэ дзве дачкі ў Мінску. Яны звалі маці да сябе, ды ёй у іх не спадабалася. Там жа жыве і яе брат, таксама ў гадах — на дзевяць гадоў маладзейшы за яе. Калісьці ў іх сям'і было восем дзяцей, а засталіся толькі яны з братам. Унукаў налічыла каля дзесяці, ёсць і праўнукі. Згадвае, што калі 90-годдзе яе адзначалі, гасцей быў поўны дом. Але вялікая сям'я яшчэ не гарантуе бесклапотную старасць.

— Для чалавека галоўнае — не застацца ў адзіноце, — лічыць Сцяпан Байцоў. — І мы клапаціліся пра тое, каб людзі змаглі пажыць тут у сваё задавальненне. Ім не трэба займацца ацяпленнем, гатаваць ежу. Можна, канешне, было б паехаць у дом састарэлых, але там зусім іншыя ўмовы. Трэба афармляць дакументы, плаціць пэўную суму з пенсіі. А шмат хто жадае проста перазімаваць недзе, а летам вярнуцца дадому і заняцца градамі. І мы ім даём такую магчымасць.

У тэму

Вольга Іванова, начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Слаўгарадскага райвыканкама:

— Наша галоўная задача — клопат пра сацыяльна неабароненыя катэгорыі насельніцтва. І мы вельмі актыўна займаемся развіццём мясцовых ініцыятыў, у тым ліку за сродкі грантаў. З апошніх — гэта школа бяспечнай жыццядзейнасці для інвалідаў і пажылых грамадзян, якая распачала работу ў маі. Праводзім там семінары, запрашаем на іх ратавальнікаў, работнікаў газавай службы, РАУС, бальніцы і гэтак далей. Крыху раней адкрылі ў Слаўгарадзе цырульню і швейны цэх для адзінокіх і маламаёмных. Калі раней цырульнік працаваў там на паўстаўкі, то зараз такі попыт, што прыйшлося аформіць двух майстроў на поўныя стаўкі.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Загаловак у газеце: На зімоўку ў Лапацічы

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.