Вы тут

«Год малой радзімы стаў лейтматывам свят і мерапрыемстваў на Гродзеншчыне»


Аляксандр Вярсоцкі, начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Гродзенскага аблвыканкама:

— Год малой радзімы стаў лейтматывам многіх свят і мерапрыемстваў на Гродзеншчыне. Дарэчы, сёлета ў абласной праграме запланавана 270 мерапрыемстваў. Асабліва знакава прайшлі юбілеі гарадоў — Гродна, Смаргоні, Астраўца, Зэльвы, Скідзеля, Дзятлава, Ліды. Падчас свят адбылася ўрачыстая пасадка алеі знакамітасцяў. І не толькі ў гарадах прайшлі такія святы. Сёлета юбілеі святкавалі ў аграгарадку Свіслач, вёсках Мількаўшчына Гродзенскага раёна (радзіма Элізы Ажэшкі) і Беражкі, што на Зэльвеншчыне. Прайшлі нават святы вуліц з нагоды іх утварэння.

Вельмі прыемна, што вядомыя ўраджэнцы Гродзеншчыны прыязджаюць сюды не толькі на святы, але і для таго, каб папрацаваць. Многія з іх прымалі ўдзел у навядзенні парадку на зямлі падчас суботнікаў. Напрыклад, знакамітыя выпускнікі ГрДУ імя Янкі Купалы высадзілі ў Гродне на новай вуліцы ліпавую алею.

Многае зроблена па стварэнні музеяў і музейных пакояў. У стартавым Годзе малой радзімы можна гаварыць аб адкрыцці на Гродзеншчыне 13 новых аб'ектаў. Папаўняецца існуючы фонд, а таксама ствараюцца новыя экспазіцыі. У іх ліку — этнаграфічныя экспазіцыі ў вёсках Смаргонскага і Дзятлаўскага раёнаў. У вёсцы Трокенікі Астравецкага раёна адноўлены побыт былой сядзібы знакамітага мастака і пісьменніка Мар'яна Богуша-Шышкі. На працягу года ў Навагрудку праходзілі мерапрыемствы, прысвечаныя 300-годдзю Саламеі Русецкай, першай у гісторыі Рэчы Паспалітай жанчыны-лекара. Вядома яна і мемуарамі «Авантуры майго жыцця».

Асаблівую асалоду і задавальненне адчуваеш тады, калі бачыш плады сваіх намаганняў, прыкладання сіл. Такім аб'ектам стала рэканструкцыя сядзібы Міхала Клеафаса Агінскага ў Смаргонскім раёне. У рамках трансгранічнага праекта быў зроблены першы крок да ажыццяўлення гэтага праекта. Потым работы працягваліся за бюджэтныя сродкі. Сёння сядзіба стала паўнавартасным турыстычным аб'ектам, дзе праходзіць мноства мерапрыемстваў, у тым ліку і цудоўны шляхецкі баль. Налета музеяў і экспазіцый будзе ў рэгіёне адкрыта не менш, бо яшчэ з'яўляюцца новыя імёны, якія былі незаслужана забыты, і трэба ўвекавечыць памяць аб іх.

Маштабныя работы вядуцца на гродзенскіх замках. Змяняецца воблік Старога замка ў Гродне, ідуць рэканструкцыя і кансервацыя Гальшанскага і Крэўскага замкаў. Працягваюцца аднаўленчыя работы па Каложскай царкве, наступным этапам якіх будзе рэканструкцыя ўнутранага ўбранства. Аб'ект унесены ў папярэдні спіс ЮНЕСКА.

Лічу, што мясцовым уладам, дэпутатам варта звярнуць увагу ў сваіх раёнах на знакавыя аб'екты і прывесці іх у належны стан. Механізмы гэтай работы могуць быць розныя, у тым ліку праз удзел у трансгранічных праектах. Пакуль патэнцыял прадстаўнікоў тэрытарыяльнага самакіравання, старастаў, дамавых камітэтаў выкарыстоўваецца не ў поўнай ступені.

Як вядома, пад знакам Года малой радзімы пройдуць і наступныя два гады — 2019-ы і 2020-ы. Гэта значыць, што ёсць час, каб паклапаціцца аб сваёй малой радзіме, упрыгожыць свой родны кут. Да 1 студзеня ў вобласці будзе сфарміраваны новы план работы ў гэтым кірунку.

Важнымі падзеямі стануць юбілей Гродзенскай вобласці, 75-годдзе вызвалення Беларусі, а ў 2020-м — 75-годдзе Перамогі. Будзем звяртаць асаблівую ўвагу на добраўпарадкаванне воінскіх манументаў і могілак. У сувязі з гэтым у кожным раёне вызначыцца такі знакавы аб'ект, рэканструкцыя якога будзе весціся ў наступным годзе. У Гродне гэта будуць воінскія могілкі на вуліцы Белуша.

Працягнецца выдавецкая дзейнасць. Убачаць свет фотаальбомы, якія раскажуць аб старажытнасці такіх гарадоў, як Гродна, Слонім і Смаргонь. Рыхтуецца прэзентацыйны альбом «Гродзенская вобласць» да 75-годдзя рэгіёна. Новыя выданні раскажуць аб мастаках і спартсменах Прынёманскага краю. Дарэчы, сёлета выйшаў у свет альбом «Гродзеншчына ў тварах», які прысвечаны вядомым і знакавым асобам рэгіёна, а таксама альбом, прымеркаваны да ХІІ фестывалю нацыянальных культур. У снежні плануецца надрукаваць кнігу аб рэках і азёрах Прынёмання.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Загаловак у газеце: Пад знакам увагі і добрых спраў

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».