Вы тут

Партызанскія рукапісы — бясцэнныя сведчанні ваеннага часу


Рукапісныя часопісы 1942—1944 гадоў, якія выпускала практычна кожнае буйное партызанскае фарміраванне ў Магілёўскай, Мінскай, Беластоцкай, Вілейскай і іншых абласцях тагачаснай Беларусі, па вялікім рахунку цяжка аднесці да друкаваных сродкаў масавай інфармацыі. Бо друкаваліся яны — на машынцы, на газетнай паперы — далёка не заўжды, пераважна вырабляліся з падручных сродкаў: кардону, шпалераў, вучнёўскіх сшыткаў у клетку ці лінейку, тканіны, каленкору, скуры, расфарбоўваліся, як правіла, уручную алоўкамі ды чарнілам. Да чытача даходзілі нерэгулярна — то кожныя некалькі тыдняў, то раз у некалькі месяцаў, а то і наогул аднаразова, бо пасля чарговай сутычкі з ворагам нікога з рэдкалегіі не заставалася ў жывых... І тым не менш партызанскія часопісы — адна з найкаштоўнейшых крыніц інфармацыі пра падзеі на акупаваных тэрыторыях, пра баявыя аперацыі, будні і святы, пра настрой, з якім людзі ішлі ў партызаны.


Нібы ў чароўнае люстэрка глядзеў рэдактар рукапіснага часопіса «Камсамольская іскра» (1943 год, атрад «Камсамол» 1-й Мінскай партызанскай брыгады), які напісаў у звароце да чытачоў: «Праляціць час, калі-небудзь гісторык, пісьменнік або лектар, згадваючы пра партызанаў, загляне ў наш часопіс і тут знойдзе матэрыял, каб дакладна, слушна паказаць і расказаць аб тым, хто такія партызаны, як яны жылі і змагаліся за шчасце народа...»

Насамрэч некаторыя асобнікі партызанскіх часопісаў дайшлі да шырокай публікі значна раней — ужо ў лістападзе 1942 года разам з іншымі матэрыяламі, якія ўдалося сабраць і пераправіць на Вялікую зямлю, яны экспанаваліся ў Дзяржаўным гістарычным музеі ў Маскве на выстаўцы «Беларусь жыве, Беларусь змагаецца, Беларусь была і будзе савецкай». У цяперашні час самая вялікая калекцыя партызанскіх рукапісных часопісаў — 248 адзінак — захоўваецца ў Мінску ў Дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Супрацоўнікі музея, дарэчы, падрыхтавалі і выдалі ў выглядзе факсімільных публікацый асобныя старонкі гэтых часопісаў: у 2009 годзе выйшаў з друку альбом «Партызанскі альманах 1944—2009», а ў 2016—2018 гадах — каталогі партызанскіх рукапісных часопісаў Магілёўскай і Мінскай абласцей. Зборнікі партызанскіх часопісаў іншых рэгіёнаў таксама рыхтуюцца да друку, а знайсці, пачытаць і паглядзець ужо складзеныя можна ў чытальных залах Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Акрамя таго, у фондах бібліятэкі таксама захоўваюцца некаторыя арыгіналы партызанскага друку — часопісы, улёткі, «кнігі падарункаў Радзіме» і г. д.

Самы каштоўны дакумент

Першы нумар рукапіснага часопіса, які захаваўся ў ваенных гісторыкаў, датаваны лютым 1942 года — гэта асобнік «Народнага мсціўца», самаробны сшытак з аркушаў абгортачнай паперы і звычайнага школьнага сшытка. У выданні яго бралі ўдзел многія вопытныя газетчыкі, а рэдактарам быў палітрук Васіль Бачароў. Часопіс выходзіў у 208-м партызанскім атрадзе ў Магілёўскай вобласці.

Партызанскія часопісы — насамрэч унікальныя інфармацыйныя зборнікі, значэнне і важнасць якіх разумелі ў тым ліку іх стваральнікі і чытачы — таму гэтыя «атрадныя летапісы» бераглі нароўні з самымі каштоўнымі паперамі. Так, вядомы выпадак, калі ў маі 1944 года, адступаючы ад пераўзыходзячых сіл ворага, байцы атрада «Бальшавік» вымушаныя былі затапіць металічную скрыню з дакументамі атрада і часопісам № 1 у рацэ паміж вёскамі Прыстань і Кабылічы Пухавіцкага раёна. Калі крыху пазней атраду ўдалося вярнуцца ў гэта месца, скрыню дасталі, а часопіс прасушылі — і зноўку чыталі і перачытвалі.

Назвы літаратурна-мастацкіх партызанскіх рукапісных часопісаў часта пераклікаюцца і паўтараюцца ў розных рэгіёнах: «Чырвоны партызан», «Народны мсцівец», «За Радзіму», «Голас партызана», «Мы пераможам», «Сцяг», «Партызанская барацьба», «Удар з тылу», «Уперад», «Камсамольская іскра», «У бой за Радзіму», «Савецкі патрыёт», «Шлях партызана», «Партызан-дыверсант», «Баявыя гады»... А вось па аб'ёме і афармленні гэтыя выданні зусім розныя: вось «Мсцівец», які складаецца ўсяго з 14 старонак сшытка ў лінейку, з першай да апошняй літары акуратна напісаны і размаляваны чарнілам, а вось «Варашылавец», які выпускаў атрад імя К. Варашылава на тэрыторыі Барысаўскага і Крупскага раёнаў — на 67 старонках амаль паўсотні якасных ілюстрацый, зробленых алоўкамі і фарбамі, а вось абцягнуты дэрмацінам «Удар з тылу» —
92 старонкі, рукапісныя суседнічаюць з машынапісам; вось «Чапаевец», у выхадных даных якога не без гумару пазначана: «Партызанскія лясы, Пухавіцкі раён, студзень-люты 1944 г.», а вось цэлая падшыўка «Камсамольскай іскры» 1-й Мінскай партызанскай брыгады — на рускай і беларускай мовах, з машынапісным тэкстам і нават некалькімі фотаздымкамі. Шмат на якіх старонках сустракаюцца дэталёвыя ілюстрацыі: партрэты камандзіраў атрадаў, баявых таварышаў, народных герояў (часта аўтарамі гэтых малюнкаў з'яўляліся прафесійныя і вядомыя беларускія мастакі, у тым ліку Сафія Лі, Мікалай Гурло, Генрых Бржазоўскі і іншыя), побытавыя замалёўкі — з іх можна было даведацца, напрыклад, як выглядалі партызанскія лазні ці сталоўкі, шпіталь або захопленая ў немцаў тэхніка, выявы медаля «Партызану Вялікай Айчыннай вайны», схемы праведзеных баёў, карты мясцовасці...

Ад «Яблычка» да Шэкспіра

Што да тэкставага напаўнення часопісаў, то пад іхнімі вокладкамі — далёка не адны толькі ідэалагічныя «агіткі» і заклікі біць ворага не шкадуючы сіл. У рукапісных выданнях многа карыснай інфармацыі як прыкладнога кшталту — тактыка і тапаграфія, урокі арыентавання на мясцовасці, санітарна-гігіенічныя парады, напрыклад, як змагацца з прастудай і кашлем або як правільна рабіць перавязкі, так і справаздачнага характару: камсамольская «дошка гонару» тых, хто вызначыўся ў барацьбе з нямецка-фашысцкімі акупантамі і ў мірнай працы, біяграфіі камандзіраў і палітработнікаў. Ёсць месца і для важных дакументаў накшталт партызанскай прысягі, радыёграмы ад камандуючага партызанскім рухам генерал-лейтэнанта Панцеляймона Панамарэнкі або загадаў па атрадзе, і для дайджэста навін, і для агляду падзей — на фронце, у тыле Савецкага Саюза, за мяжой. І, канешне, значная частка нумароў адведзена пад «народную творчасць» — сваімі словамі, хай не заўжды дасканала, але палка і шчыра, партызаны расказвалі, што адчуваюць, чым ганарацца, над чым плачуць, а з чаго і смяюцца. Карыкатуры, фельетоны, анекдоты, рэбусы, «партызанскія прыказкі», прыпеўкі, апавяданні, вершы, пераробленыя на новы лад вядомыя песні — адзін толькі «Яблычак» сустракаецца ў мностве варыяцый, з якімі, мабыць, весялей было ісці і ў бой, і ў работу.

Мяркуеце, у гушчары лясоў партызанам было не да высокіх матэрый? Часам сапраўды так, а часам... Вось толькі адзін з яскравых прыкладаў. У часопісе «Камсамольская іскра», які выдаваў у Чэрвеньскім раёне атрад імя камсамола 1-й Мінскай партызанскай брыгады, змяшчалася падборка памятных дат за бягучы месяц. Дык вось, у гэтай падборцы ёсць, акрамя чытання тав. Сталіным у Свярдлоўскім універсітэце лекцыі пра асновы ленінізму, даты нараджэння падарожніка і вучонага-натураліста Мікалая Пржэвальскага і смерці вялікага англійскага драматурга Уільяма Шэкспіра — з партрэтамі. Уяўляеце сабе: 1944 год, акупаваная Беларусь, і — Шэкспір! Справа ў тым, што, акрамя «народнага рупара», партызанскія часопісы выконвалі і культурна-асветніцкую функцыю, займаліся, як бы пафасна гэта ні гучала, грамадска-патрыятычным і духоўна-маральным выхаваннем людзей, якія доўгі час знаходзіліся ў паходна-баявых умовах. Напрыклад, аўтар заметкі «Гаспадарка партызана» ў часопісе «Мсцівец» (партызанская брыгада «За Советскую Белоруссию» Міншчыны) строга даводзіць: «Некаторыя партызаны завяліся такой гаспадаркай, што яму аднаму неабходная падвода, каб перавозіць яму маёмасць. Трэба запомніць кожнаму партызану, што мы жывём на ўтрыманні акружаючага нас насельніцтва і лішняе, узятае ў селяніна, крыўдзіць яго. Партызаны, якія маюць непатрэбнае, павінны аддаць таварышам, якія жывуць у нястачы, альбо вярнуць насельніцтву».

Памяць — героям

Большасць партызанскіх злучэнняў адлюстроўвалі ў сваіх часопісах альбо друкавалі асобна вынікі баявой дзейнасці за пэўны перыяд. «Партызанскі атрад «Іскра» быў арганізаваны 3 мая 1942 года. З моманту арганізацыі да 15 кастрычніка 1943 года нашым атрадам забіта 1370 нямецкіх салдат і афіцэраў,  64 здраднікі Радзімы; пушчана пад адхон 15 варожых эшалонаў, у выніку падрываў знішчана — 16 паравозаў, 1 мотавоз, 126 вагонаў, 1 цыстэрна, на галоўнай чыгуначнай магістралі ворага падарваныя 523 рэйкі, знішчана 980 метраў правадной сувязі», — скрупулёзна пералічваецца ў адной з такіх справаздач. У атрадзе імя Дзяржынскага знакамітай брыгады «Дзядзькі Колі» баявыя дасягненні запісвалі ў «Кнігу падарункаў Маці Радзіме». «У раёне Студзёнка — Бычы наша група знішчыла 6 пралётаў 2-лінейнай тэлефонна-тэлеграфнай сувязі (1200 метраў). Нікіфаровіч І. І.», «Мною, Камлюком Антонам Іванавічам, як камандзірам узвода, з групай байцоў з 19 на 20 лістапада 1943 года была праведзена баявая аперацыя. На шасэйнай дарозе Барысаў — Зембін, у раёне Трасцяніца — Студзёнка, было знішчана 40 пралётаў (3200 метраў) тэлефонна-тэлеграфнай сувязі», — пералічваюць байцы. «На брыгадную дошку гонару за праяўленне храбрасці было занесена 18 партызан. Абвешчана падзяка па загадзе 12 партызанам. 183 партызаны атрымалі ганаровае права запісаць свае баявыя дасягненні ў «Кнігу падарункаў Маці Радзіме», — дадае камандзір брыгады Пётр Лапацін, ён жа «Дзядзька Коля».

Але, безумоўна, асаблівую значнасць маюць змешчаныя ў часопісах спісы загінулых таварышаў — з імёнамі і прозвішчамі, часта з партрэтамі і некаторымі біяграфічнымі звесткамі, якія дазваляюць устанавіць дакладныя месцы і абставіны гібелі.

Адзін з такіх летапісаў — «Кніга гонару камсамольцаў партызанскага атрада «Чырвоны сцяг», якія праявілі адвагу ў барацьбе з фашысцкімі вылюдкамі», — расказвае пра лёс камсамольца Сцяпана Хрэна, 1922 года нараджэння, члена ВЛКСМ з 1939 года, удзельніка партызанскага атрада з 4 жніўня 1942 года: «За час знаходжання ў партызанскім атрадзе Сцяпан праявіў сябе адданым патрыётам сваёй партыі Леніна — Сталіна, верным сынам свайго народа. Нямала фрыцаў і паліцэйскіх загінула ад агню Сцёпінага кулямёта. Падчас зімовай блакіроўкі 1943 года дзясяткі фрыцаў былі падкошаны кулямётчыкам Сцёпам. Аднак міна ворага абарвала жыццё Сцёпы. Байцы яго аддзялення пакляліся біць ворага так, як біў іх камандзір Сцяпан Сцяпанавіч. Вечная памяць загінуламу герою...» Гэтых імёнаў — дзясяткі, сотні, і за кожным стаіць боль родных і сваякоў, гнеў і гонар сяброў. А яшчэ — удзячная памяць дзяцей, унукаў і праўнукаў, маленькая часцінка вялікай Перамогі і таго самага мірнага неба, якое і сёння, праз 75 гадоў, мы не развучыліся цаніць і берагчы.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Загаловак у газеце: У агні не згарэлі і ў вадзе не патанулі

Выбар рэдакцыі

Спорт

Беларус Данііл Крывіцкі ў 15 гадоў гуляе ў футбол у іспанскім клубе

Беларус Данііл Крывіцкі ў 15 гадоў гуляе ў футбол у іспанскім клубе

 З перспектыўным футбалістам мы звязаліся, каб даведацца пра яго далейшыя планы, трэніроўкі ў «Інтэры» і жыццё ў Іспаніі.

Грамадства

Чаму лесапілка стала прадметам спрэчак сярод вяскоўцаў

Чаму лесапілка стала прадметам спрэчак сярод вяскоўцаў

Каб высветліць маштаб праблемы, журналіст «Звязды» накіравалася ў вёску Струпень.

Грамадства

Як выхаваць даследчыка за школьнай партай?

Як выхаваць даследчыка за школьнай партай?

Чаму ўсе краіны, якія развіваюць інавацыйную эканоміку, робяць сёння стаўку на STЕM?