Вы тут

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў


Урокі іншай мовы

І хацеў бы забыць, але...

Жнівень 1942-га. Вайна. Эвакуацыя. Мы з мамай ні села ні пала апынуліся на Волзе, у зусім невялічкай вёсачцы. Школа там, праўда, ёсць, але толькі чатыры класы, а мне трэба ісці ў пяты, у суседняе мардоўскае сяло.

Туды адвяла мяне мама, прыстроіла на кватэру да старэнькай бабулі. Дамовіліся, што я, апроч вучобы ў школе, буду дапамагаць ёй па гаспадарцы, а яна мне — што-кольвек варыць у печы.

І вось мой першы дзень: усё, што сказала гаспадыня, я да вечара зрабіла, стамілася, прылягла на лаўку, дзе гаспадыня адвяла мне месца нанач, і не заўважыла, як прыснула, а вось прачнулася ад нейкага зусім незнаёмага свербу...

Чую, бабуля таксама не спіць: звесіўшы ногі, сядзіць на печы і таксама чухаецца.

— Гэта — клапы, — кажа мне. — Зараз нап'юцца-нагуляюцца і сыдуць. Ты спі, не звяртай увагі.

Але ж які там сон?!

Усю ноч я прамучылася, увесь дзень думала, шукала выйсце і, як здалося, знайшла. У суседнім доме жылі бабуліны ўнукі, мае аднакласнікі. Значыць (ідэя!), калі звечара завітаць да іх і прасядзець дапазна, клапы могуць пайсці на спачынак.

Сказана — зроблена: сядзім мы з дзяўчатамі, размаўляем, але ж яны не-не ды і залапочуць па-свойму, па-мардоўску. А я тады нічога не разумею.

— Навучыце мяне сваёй мове, — прашуся ў іх.

Дзяўчаты — з радасцю: кажуць мне, як па-іхняму будзе «крэсла», «стол», «хлеб»... Назаўтра — новыя словы і новыя «настаўнікі», а напаслязаўтра — у хаце ўжо цэлая кампанія, і кожнаму ў ёй хочацца як найхутчэй навучыць мяне новай мове.

Я рабіла поспехі, але ж і памылкі, здаралася, таксама: варта было вымавіць чарговае слова ці фразу, як вакол мяне чуўся смех... А то і рогат... Пытаюся (па-мардоўску), з чаго? Дзеці аж заходзяцца.

І тут я разумею, што ў мяне і сапраўды атрымліваецца нешта смешнае — для іх...

А ў выніку гэтая не тое вучоба, не тое гульня цягнулася досыць доўга, аж пакуль я не пачала — хай не размаўляць — дык хоць разумець усё, што вакол мяне гаварылі іншыя.

...У вывучэнні мардоўскай мовы быў яшчэ адзін бясспрэчны плюс: меней дакучалі клапы, бо спаць я клалася позна-позна, калі яны таксама ўжо спалі.

Раіса Васільева, г. Падольск, Маскоўская вобл.

 


Чый боб лепшы?

Байцы ўспамінаюць мінулыя дні, настаўнікі — сваю школу, вучняў.

Тады мы з імі праходзілі фальклор, вусную народную творчасць. Дзецям даручалася распытаць сваіх ды чужых бабуль і дзядуль, бацькоў, запісаць і прынесці ў школу прыказкі, прымаўкі, загадкі, прыпеўкі.

Як і варта было чакаць, дзеці з даручэннем паспяхова справіліся: зачытвалі тое, што запісалі, асобныя — нават спявалі... У тым ліку і гэта:

Дзед боб малаціў,

Баба падсявала,

Дзед бабу папрасіў,

Баба не давала.

— А чаго ён папрасіў? — спытаў нехта з дзяцей.

Настаўніца разгубілася — не ведала, што і казаць.

— Дык жа бобу! — падказаў нехта з дзяцей.

— А яму што — свайго не хапала? Ён жа малаціў...

— Бабін, мусіць, смачнейшы?

...Што і казаць, многія стравы ў баб, у жанчын, і сапраўды атрымліваюцца лепш. Вось мужчыны і просяць.

С. Я. Атрохава, в. Селішча, Слуцкі раён


Людзей слухай, а свой розум май

З Алесем Ставерам мы пазнаёміліся ў гады студэнцтва (я вучыўся ў БДУ, ён —
у педінстытуце), а вось зблізіла нас так званая беларуская Швейцарыя, або Лагойшчына. Я працаваў там настаўнікам, ён — школьным інспектарам, а таму не дзіва, што, стаўшы вядомым паэтам-песеннікам, менавіта сюды любіў прыязджаць у творчыя камандзіроўкі, выступаць у працоўных калектывах, у школах.

Дык вось неяк раз...

— Ты ведаеш, браце, — казаў па тэлефоне Алесь, — наважыўся я пад'ехаць у Лагойск, назбіраць апенек... Ды не адзін, а з двума сябрамі. Так што сустракай ды рыхтуйся ў праважатыя.

Адмовіць Алесю я, вядома ж, не мог: завяршыў усе неадкладныя справы і праз гадзіну-другую ўжо сустракаў знаёмы «масквіч», з якога выйшлі паэт Алесь Пісьмянкоў і вядомы літаратар, удзельнік абароны Брэсцкай крэпасці Алесь Махнач.

З такой вось вельмі паважанай кампаніяй мы хутка прыйшлі ў невялікі лес паблізу гравійкі, што вяла да Гайны.

Апенек тут сапраўды было шмат, толькі збірай ды напаўняй кашы. Адзінае — сонца ўжо хілілася на захад, нам трэба было спяшацца.

— Усё, хлопцы, кідаем... Выходзім да «масквіча», — скамандаваў я і паказаў, куды, у які бок нам трэба ісці.

Алесь Махнач толькі ўсміхнуўся: маўляў, памыляюся, трэба не туды, а якраз... наадварот, і рушыў першым. А я — неяк разгубіўся, не адважыўся пярэчыць шаноўнаму госцю, падумаў, можа, ён і праўда ведае лепш.

У выніку старэйшы з трох Алесяў, прыкметна кульгаючы (як, дарэчы, і Ставер), павёў нас за сабой, аж пакуль не скончыўся лес, не паказаліся нейкія хаты і постаць жанчыны, што жала траву на ўзмежку.

Гэта было зусім непадалёк, таму я папрасіў спадарожнікаў трохі пачакаць, а сам падаўся да жнейкі, каб распытаць, дзе ёсць мы і дзе ж гравійка.

...На шчасце, і яна, і «масквіч» былі не за светам: мы неяк дапаўзлі (бо стаміўшыся, з поўнымі кашамі...) і рады былі як дзеці! Асабліва — Алесь Пісьмянкоў.

— Ведаеце, хлопцы, у маёй жонкі заўтра дзень нараджэння, — казаў потым ён. — Так што зараз прыеду, насмажу лагойскіх апенек... Глядзіш, і падарунак ёй будзе!

...Што казаць — нядрэнны, можа, нават памятны. Але ж каб мы, крый бог, заблудзілі, яна б гэты дзень помніла даўжэй.

Віктар Несцяровіч, г. Лагойск


Шчасце, калі ў доме гаспадар?

У нашых добрых знаёмых — сужэнцаў Н. — бізнес сямейны і, можна сказаць, паспяховы, долі ў ім — роўныя, а вось ролі — не зусім. Гэта значыць, што за мужам — сустрэчы, перагаворы і дагаворы, рэстараны, рыбалкі, трэнажорныя залы, за жонкай — усё астатняе, гэта значыць непасрэднае кіраванне людзьмі, штодзённая карпатлівая праца.

А зрэшты, чаму б і не: яна ж не горш адукаваная і юрыдычна падкаваная, да таго ж — рашучая, патрабавальная... Не толькі да іншых: у яе самой, як здаецца, усё па найвышэйшым разрадзе — і на працы, і дома. А між тым наймічак яна ніколі не прызнавала і не прызнае: сама з усім чыста спраўляецца! Хоць часам і думае, што вось так, мусіць, нельга, што муж — калі што — без яе прападзе.

Ён, праўда, так ніколі не лічыў. І хацеў даказаць.

Што з таго атрымалася? Ды сюрпрыз... У чыстым выглядзе.

Пачалося ўсё з таго, што жонцы і сапраўды дзён на колькі прыйшлося з'ехаць.

Муж у яе адсутнасць стаў кіраваць фірмай, падтрымліваць парадак у доме. А перад вяртаннем жонкі вырашыў паказаць, што таксама не зломак і ўмее ўсё. Для гэтага ў пасудамыечную машыну ён закінуў посуд, у пральную — запіхнуў пасцельную бялізну, прыкінуў, што прыгатуе на вячэру... Падумаў нарэшце, што няблага было б і прыбрацца: усё прапыласосіць, але ж не панская гэта справа.

Каб не траціць на яе свой каштоўны час, муж патэлефанаваў у інтэрнэт-краму, заказаў дастаўку робата-пыласоса.

Яго мігам, можна сказаць, прывезлі (бо не кожны ж дзень такія заказы); тут жа, на месцы, праверылі, настроілі праграму. Згодна з ёй робат папрацаваў, потым ціха «прыпаркаваўся» ў кутку пакоя, а назаўтра (гаспадар ужо на работу пайшоў) сам уключыўся (ведама, праграма!) і пачаў пыласосіць.

Сабака, які ў адсутнасць іншых дамачадцаў дома быў за галоўнага, мякка кажучы, гэтага не зразумеў — зайшоўся абураным брэхам!

Робат на яго нуль увагі: працуе сабе ды ўсё.

Тады цюцька забег наперад... (Пыласос не спыніўся.) Паспрабаваў укусіць. (Не даецца і цвёрды...) Хацеў адпіхнуць — паўзе, куды хоча...

Моцны, карацей, арэшак! Але ж і сабака зусім не слабы.

«Не сілай, дык спосабам», — падумаў, мусіць, ён і ўспомніў, што для яго патрэб у ванным пакоі ляжаць паперкі. Матнуўся туды — прынёс. Робат — праглынуў. Спачатку чыстыя — і адну, і другую...

Сёмую — са сваімі экскрэментамі — сабака таксама прыцягнуў. Робат не спалохаўся: старанна расцёр па падлозе «змесціва» і (ура!) такі ж «папярхнуўся» — заглух!

Сабака святкаваў!

А тым часам і гаспадары ўжо да дома пад'ехалі. Муж, адчыняючы дзверы, загадкава прамовіў:

— Дарагая, цябе чакае сюрпрыз...

І ён сапраўды быў: пасярод пакоя, можна сказаць, «налажыўшы рукі», ляжаў «забіты» робат, а над ім з пераможным брэхам узвышаўся сабака.

...Адным словам, сюрпрыз удаўся. І жонцы ён, вядома ж, запомніцца, бо адмываць падлогу давялося самой — доўга, са смехам і, дзякаваць богу, з разуменнем, што муж хацеў як лепей. Проста атрымалася як... атрымалася.

Любоў Чыгрынава, г. Мінск

Рубрыку вядзе Валянціна ДОЎНАР

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.