Вы тут

Санаторый дома і гурткі для пажылых


— Для таго каб зразумець, якая дапамога патрабуецца канкрэтнаму пажылому чалавеку, мы пастаянна праводзім абследаванні дома, — расказвае дырэктар Жыткавіцкага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Ніна Рамановіч. — У прыватнасці, сёння ў Чырвоненскі сельскі Савет выехала шэсць чалавек.


Загадчык аддзялення сацыяльнай дапамогі дома Любоў Макушэнка і адзінокая 86-гадовая Зося Чабатарова з Жыткавічаў.

Штотыдзень супрацоўнікі цэнтра з Жыткавічаў ажыццяўляюць два-тры выезды ў раён. І ўсё для таго, каб на месцы зразумець і разабрацца, каму якія патрабуюцца паслугі. Тут лічаць, што трэба зрабіць усё, каб пажылы чалавек як мага даўжэй змог жыць у сябе дома. Пры гэтым яму прапануюць сацыяльнае абслугоўванне, гаворыць Ніна Мікалаеўна:

— Звычайна пры абследаванні заходзім у дом, правяраем работу сацыяльнага работніка, ажыццяўляем кантроль сродкаў рэабілітацыі, глядзім, ці прыбрана ў доме, ці можа чалавек дровы сабе прынесці або прыгатаваць ежу, ці дапамагаюць сваякі яго абслугоўваць. Калі сваякоў няма — прапануем нашы паслугі. Бывае так, што спачатку людзі катэгарычна адмаўляюцца. Тады мы накіроўваем у гэты дом псіхолага. Дамаўляемся, што сацработнік папрацуе месяц-два. Гаворым: калі не задаволіць дапамога — адмовіцеся. Як правіла, потым сацыяльныя работнікі становяцца амаль што роднымі і надалей пажылыя людзі ўжо не ўяўляюць жыцця без іх дапамогі.

Ніна Мікалаеўна адзначае, што на пачатку года на абслугоўванні ў цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва было 930 чалавек, сёння іх — 950. І гэта з улікам таго, што кожны месяц 14-15 людзей сталага веку ў раёне пакідаюць гэты свет. Але ж колькасць тых, каго цэнтр абслугоўвае, становіцца большай.

Распытаць пажылога чалавека пра яго штодзённыя праблемы — абавязковая місія супрацоўнікаў цэнтра. Выслухоўваюць прэтэнзіі, праблемы, просьбы пра меддапамогу. Таму звычайна работа ідзе яшчэ і разам з медыкамі. Здараецца, што вясковую бабулю трэба тэрмінова шпіталізаваць, што і дапамагаюць зрабіць інспектары з раёна.

— Цяпер у нашым раёне чатыры дамы зімоўкі, — гаворыць Ніна Рамановіч. — На халодны перыяд звычайна разам збіраюцца блізкія сваякі: родныя ці стрыечныя сыходзяцца ў адзін дом, каб было весялей і зручней. На сённяшні дзень мы плануем і прыёмныя сем'і — унесена адпаведная прапанова ў бюджэт наступнага года. А яшчэ ў нас практыкуецца так званы санаторый дома. У населеным пункце дамаўляемся з нейкай гаспадыняй. У яе дома збіраюцца пажылыя людзі, бавяць час не толькі за гарбатай. Да іх прыходзяць супрацоўнікі сельсавета, Дома культуры, ФАПа, сацыяльныя работнікі. На працягу месяца праводзім медагляд, у тым ліку прызначаюцца пэўныя курсы лячэння.

І гэта далёка не ўсе мерапрыемствы, якія практыкуюцца ў раёне для людзей сталага веку. Восенню і ранняй вясной ужо традыцыйна праходзіць акцыя «Чысты дом і чысты двор». Спецыялісты цэнтра дапамагаюць зрабіць генеральную прыборку ў тых дамах і дварах, дзе гэта асабліва неабходна.

Усім, хто на абслугоўванні, супрацоўнікі цэнтра прапануюць «зялёную аптэку»: загадзя нарыхтаваныя травы бясплатна разносяць інвалідам і адзінокім пенсіянерам.

— Цяпер вось вырашылі, што да дня інваліда ў нас будзе дабрачынны канцэрт, — адзначае Ніна Мікалаеўна. — Кожны купіў па тры білеты: адзін для сябе, а два — для інвалідаў і адзінокіх. Ім мы білеты бясплатна раздаём і прывозім у Жыткавічы на канцэрт.

Да таго ж 44 пажылыя жыхары Жыткавічаў пастаянна займаюцца ў спартыўнай зале, яшчэ каля 90 — непастаянна. Для гэтага ёсць тут два трэнажоры, але Ніна Мікалаеўна спадзяецца, што з'явяцца і яшчэ некалькі. Папулярнай у раёне стала скандынаўская хада. Цяпер пенсіянеры з глыбінкі шпацыруюць са спецыяльнымі палкамі па наваколлі. Таксама ж актыўна ходзяць у гурткі: займаюцца рукадзеллем, асвойваюць камп'ютар і нават з задавальненнем танцуюць.

Ірына АСТАШКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».