Вы тут

Прыгожую прычоску і макіяж можна зрабіць і без гукавой камунікацыі


У Беларусі інваліды з парушэннем слыху з трох з паловай тысяч прафесій могуць засвоіць толькі сотню. Гэта рашэнне медыцынскай рэабілітацыйнай экспертнай камісіі. На справе ж патэнцыял глухіх людзей значна шырэйшы. Доказ таму — «Адукацыя без перашкод» Гомельскай абласной арганізацыі ГА «Беларускі саюз жанчын» у межах міжнароднай ініцыятывы «Вучыцца, каб дзейнічаць».


Сутнасць унікальнага праекта — навучыць жанчын, у якіх ёсць праблемы са слыхам, цырульнай справе і мастацтву макіяжу. Да ўдзелу запрасілі вельмі розных гамяльчанак: ад учарашніх школьніц і маладых матуль да рабочых завода.

— Аб'яднала ўсіх адно — жаданне атрымаць новыя навыкі і, канешне, імкненне да прыгожага. Якая жанчына не марыць выглядаць на ўсе сто? — падзялілася кіраўнік Гомельскай абласной арганізацыі ГА «Беларускі саюз жанчын» і куратар праекта Галіна Пашэд.

Па словах жанчыны, ідэю правесці такі курс падказала само жыццё. Галіна Міхайлаўна не раз запускала грамадскія ініцыятывы па падтрымцы інвалідаў, а летась была арганізатарам міжнароднага фестывалю прыгажосці «Залатая пралеска». Адно да другога — вось вам і новы праект.

Самыя цярплівыя мадэлі — мамы, сёстры, дзеці

Цікава, што некаторыя з удзельніц да старту ўжо мелі пэўны досвед у б'юці-сферы. Хтосьці стрыг дамашніх, хтосьці рабіў макіяжы сяброўкам. Многія былі б і рады запісацца на платныя курсы, але вучыць інвалідаў сёння мала хто адважваецца. Дзяўчатам сапраўды пашчасціла, што ў Гомелі знайшліся неабыякавыя людзі і запусцілі такі праект.

— У нашай краіне шмат увагі аддаецца інклюзіўнай адукацыі для дзяцей і моладзі, гэта цудоўна. Чаго нельга сказаць пра адукацыю для дарослых. Цяпер ва ўсім свеце пануе тэндэнцыя зменлівасці: адны прафесіі хутка губляюць запатрабаванасць, а іншыя набываюць. Таму кожны павінен быць гнуткім, імкнуцца да засвойвання новых ведаў і навыкаў. Аднак людзі з пэўнымі праблемамі здароўя пакуль не маюць такой магчымасці, — кажа Галіна Верамейчык, кіраўнік прадстаўніцтва Нямецкай асацыяцыі народных універсітэтаў. — Праект «Адукацыя без перашкод» якраз адносіцца да нефармальнай адукацыі для ўсіх. Чым больш будзе такіх ініцыятыў, тым хутчэй мы ўбачым змены ў гэтым кірунку на заканадаўчым узроўні і тым больш людзей зможа змяніць сваё жыццё ў лепшы бок.

Дарэчы, «Адукацыя без перашкод» закранула лёсы не толькі саміх удзельніц, але і іх сем'і. Мамы, сёстры, дзеці, мужы былі самымі цярплівымі мадэлямі і ў той жа момант самымі строгімі крытыкамі. За пяць месяцаў усе прызвычаіліся адзін да аднаго, пасябравалі.

— Калі мяне запрашалі ў праект, папярэджвалі: «Будзе складана». А на справе аказалася наадварот. Такія зацікаўленыя, апантаныя вучаніцы сустракаюцца нячаста. Ні на імгненне не адрываючы вачэй, сочаць за кожным рухам тваёй рукі, на эмацыянальным узроўні спрабуюць зразумець, чаго ты ад іх чакаеш, — дзеліцца ўражаннямі выкладчык курса па макіяжы Вольга Цімашэнка. — Візажыст — якраз адна з тых прафесій, дзе можна абысціся і без гукавой камунікацыі. Кліент прыходзіць не паразмаўляць, а атрымаць канкрэтную паслугу. Тут добрае партфоліа гаворыць само за сябе.

Ірына Машэчка, якая вучыла ўдзельніц сакрэтам цырульніцкай справы, прызналася, што заняткі маглі доўжыцца да пяці гадзін без перапынкаў. За кароткі тэрмін (сустракаліся толькі два разы на тыдзень) дзяўчаты прайшлі поўны курс: ад правілаў дэзынфекцыі інструментаў да складаных вячэрніх укладак і афарбовак. Па словах Ірыны, яе вучаніцы могуць хоць заўтра выходзіць на работу ў любы салон горада.

— Працую майстрам на вытворчасці, але ў душы заўсёды была цырульнікам — даўно сама стрыгу сына. Яму падабаецца, і я не раз задумвалася аб змене прафесіі, але баялася, што з-за праблем са слыхам гэта немагчыма, — расказвае Ірына Зубарава. — Праект даў магчымасць зірнуць на сітуацыю па-іншаму. Паспрабаваць свае сілы ў рэальных салонах, папрацаваць пад наглядам прафесіяналаў, паспаборнічаць з майстрамі-пачаткоўцамі.

Пакуль Ірына гаворыць са мной, назіраю цікавую карціну: астатнія дзяўчаты ў зале таксама адарваліся ад сваіх спраў. Дзясятак пар вачэй уважліва сочыць за рукамі Іры — усім цікава «паслухаць», пра што ідзе гаворка. Здаецца дробязь, але яна падкрэслівае важную рысу майстроў з інваліднасцю па слыху — яны людзі засяроджаныя. Немагчыма ўявіць, як дзяўчаты ў час работы балбочуць з калегамі аб сваім. Прыйшоў кліент — і іх увага цалкам прыкаваная да яго валасоў ці твару. Значыць адсутнічае рызыка, што, загаварыўшыся, яны адрэжуць лішнія некалькі сантыметраў валасоў. Вось вам і важкая прычына сесці ў крэсла менавіта да «ціхага» майстра, а не да яго гаваркіх калег.

Сёння свята ў дзяўчат

Спрытныя жаночыя рукі хутка накручваюць валасы на плойкі, упэўнена трымаюць у руках машынкі для стрыжкі, праводзяць раўнюткія тонкія лініі на павеках і вуснах. У паветры пах лаку для валасоў змешаны з хваляваннем. Нягледзячы на тое што адукацыя ў межах праекта нефармальная і дыпломаў дзяўчаты не атрымалі, экзамен ніхто не адмяняў. Але ніякіх адзнак. Выпускныя іспыты вырашылі правесці ў форме конкурсу прафесійнага майстэрства.

Мужчынская стрыжка, жаночая вячэрняя прычоска, макіяж — у кожнай з удзельніц была магчымасць паказаць свае здольнасці з найлепшага боку ў тым кірунку, які ёй больш даспадобы. Права быць мадэллю ў дзяўчат заслужылі самыя блізкія — іх сяброўкі, сёстры і браты, мужы.

На выніковую работу строгае журы дало ўсяго гадзіну. Шум фена, стракатанне нажніц і аніводнага слова — у зале стаяла поўная цішыня...

Паглядзець на работы выпускніц незвычайнага праекта сабралася шмат народу. Дзеля іх зладзілі сапраўднае дэфіле: мадэлі прайшліся па гомельскім Цэнтры інклюзіўнай культуры і скарылі не толькі гледачоў, але і сэрцы журы. Найлепшымі майстрыхамі прызналі Лідзію Градовіч (жаночая прычоска), Ліяну Крэчатаву (мужчынская стрыжка) і Святлану Феафілаву (макіяж).

Пасля балю

З вокладкі буклета, які падрыхтавалі па слядах праекта, позіркам прафесійнай мадэлі глядзіць зеленавокая дзяўчына. У позірку нешта чапляе. Гэта Вера Абрамава — адна з удзельніц, якой вучоба далася ўдвая складаней, чым астатнім. У яе ДЦП. Аднак, нягледзячы на гэта, Вера нараўне з астатнімі дзяўчатамі вучылася ўкладваць валасы і рабіць макіяжы. Рукі хоць і не слухаліся, але не апускаліся. З дапамогай сям'і і іншых удзельніц Вера дайшла да фіналу.

Праект скончыўся, але ўсіх хвалюе пытанне: што далей? Ці ёсць у дзяўчат шанц уладкавацца на работу ў салон? Або свае веды і навыкі яны змогуць скарыстаць толькі «для сябе».

— З працаўладкаваннем у салоны сапраўды могуць узнікнуць праблемы. Не таму што такім майстрам не рады наймальнікі, а таму што яны не змогуць прайсці медкамісію. Існуючыя стандарты не гнуткія, для таго каб іх змяніць, патрэбен час, — кажа дырэктар ААТ «Локан» Ларыса Кірычэнка. — З іншага боку, сёння ў Беларусі актыўна развіваецца такі кірунак дзейнасці, як самазанятасць. Ніхто не забараняе пачаць напрацоўваць кліентуру дома. Першым часам гэта будуць знаёмыя, але ў нашай прафесіі найлепшая рэклама — «сарафаннае радыё». Не дарма ў межах праекта дзяўчат знаёмілі з азамі прадпрымальніцкай дзейнасці.

— Працаўладкаванне для такіх людзей па-ранейшаму застаецца праблемай. У нашай краіне няма сярэдніх спецыяльных, вышэйшых устаноў адукацыі для тых, у каго праблемы са слыхам. Кола прафесій, да якіх іх дапускаюць, абмежаванае. Швачкі, токары, слесары — у асноўным гэта рабочыя спецыяльнасці, якія пакрысе страчваюць актуальнасць. А праект «Адукацыя без перашкод» даў дзяўчатам магчымасць паспрабаваць свае сілы ў рэальна запатрабаваных сёння прафесіях. Факт: усе хочуць быць прыгожымі! — разважае дырэктар Цэнтра інклюзіўнай культуры горада Гомеля Кірыл Курдзюмаў. — Пры гэтым цікавасць да нефармальнай адукацыі дарослых інвалідаў сёння надзвычай вялікая. Работадаўцы гатовы не толькі аддаць вакансію людзям з абмежаванымі магчымасцямі, але і навучыць іх новым навыкам. Добры прыклад — «ціхія» касы, якія з'явіліся летась у сталічных крамах. Наймальнік сам рыхтаваў для сябе спецыялістаў. А выпускніцы нашага праекта ўжо гатовы да выхаду на работу: яны засвоілі не толькі новую прафесію, але і навучыліся працаваць у салонах горада падчас практычных заняткаў.

Ганна КУРАК

Загаловак у газеце: Без лішніх слоў

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».