Вы тут

72-гадовая гродзенка працуе фітнес-трэнерам і зусім не ўжывае лекаў


Лічыце неверагодным? А цяпер уважліва паглядзіце на фота, перш чым працягваць чытаць артыкул далей, і адкажыце сабе на пытанне: «Ці дасі гэтай жанчыне столькі гадоў?» Здаецца, адказ відавочны.


Нінель Блахіну ведаю ўжо некалькі гадоў, але кожны раз, калі лёс даруе шанц чарговы раз падтрымаць нашы стасункі, раблю тое з вялікім задавальннем, бо гэта жанчына не проста дзеліцца сваёй магутнай энергетыкай, а на сваім асабістым прыкладзе даказвае — узросту і старасці няма наогул, вы выглядаеце так, як самі сябе адчуваеце. Нездарма год таму яна прыняла ўдзел у вядомай праграме Максіма Галкіна «Старэйшы за ўсіх», дзе палымяна станцавала рок-н-рол — усім на зайздрасць!

Кожны раз пражыць новае жыццё

Для суботняй сустрэчы абралі папулярнае гродзенскае кафэ, дзе заўсёды шматлюдна і смачна (відаць, і народу — натоўп, таму што заўсёды можна нечым паласавацца). На парозе з'яўляецца Нінель (нягледзячы на розніцу ва ўзросце, я не называю яе імя па бацьку — так больш натуральна) у скураной спадніцы ніжэй за калена, такой жа скураной куртцы, як заўсёды, на абцасах і з нязменнай царскай хадою. Па дарозе хапае некалькі зацікаўленых мужчынскіх позіркаў і сядае за столік, што знаходзіцца далекавата ад цэнтра, дзе можна стварыць крыху кулуарную атмасферу, так проста пабалбатаць аб сваім, дзявочым...

— Ну і куды вы гэтым разам даехалі, пакуль мы не бачыліся? — пытаюся адразу.

— Свае 72 гады сустрэла ў лютым на Паўднёвым Гаа, а ў верасні была на Сіцыліі, — з загадкавай усмешкай (відаць, што адразу ёй прыгадваецца нешта дзівоснае) адказвае Нінель.

І вось тут варта распачаць гісторыю яе вандровак: за 30 гадоў яна наведала амаль 30 краін свету. Дзе толькі ні была! І ў горы на вышыню без малога тры тысячы метраў падымалася, і з аквалангам у акіянскія воды нырала, у горадзе кахання і рамантыкі — Парыжы — загадвала самыя патаемныя жаданні... Павандравала па Еўропе, пабывала на Блізкім Усходзе, у Афрыцы, Паўночнай Амерыцы. У апошнія гады яе больш вабяць экзатычныя краіны: Туніс, Мальдывы, Дамінікана, Індыя...

Дарэчы, з паездкай на Мальдывы абдылася цікавая гісторыя: мая візаві аднойчы вырашыла: калі вядомая Анастасія Валачкова там была, чаму я не магу? Так і здарылася, а яшчэ яна паўтарыла знакаміты шпагат балерыны на пляжы... Нездарма ж калісьці таксама вельмі сур'езна займалася балетам.

На пытанне: «Якія з кантынентаў назапашаны для візітаў у будучыні?» — адказала, што марыць злётаць у Японію і Аўстралію.

На думку маёй суразмоўніцы, лепш за вандроўкі нішто не вылечвае ад сезоннай хандры:

— Для мяне паехаць у іншае месца — гэта быццам пражыць новае жыццё, якое напаўняе свежымі эмоцыямі, моцнымі ўражаннямі, узмацняе жаданне дзейнічаць і ствараць лепшае!

Здзейсніць мару на... пенсію?

Цяпер галоўнае пытанне: фінансавае (куды ж без яго?!):

— Ці магчыма пенсіянеру ездзіць па свеце?

— Канешне! Галоўнае, разлічыць усе свае выдаткі. Я, напрыклад, атрымліваю пенсію і працую. Мы з мужам прызвычаіліся весці аскетычны лад жыцця: есці няшмат, не купляць пра запас. З дзяцінства мяне бабуля навучыла, што трэба эканоміць. Пенсіянеру ж неабавязкова рабіць манікюр-педыкюр у салоне, купляць новае адзенне, карацей, разлічвацца за тыя рэчы, якія цягнуць шмат сродкаў у маладых. А яшчэ я падлічыла: штомесяц выдаткоўваю сабе на ежу не больш за 100 рублёў.

— ???

— Не верыце? Я не купляю кілаграмы агародніны, што робяць большай часткай пенсіянеры, калі трапляюць на рынак. Я жыву побач і бачу, з якімі торбамі яны вяртаюцца дамоў. А да маіх двух-трох агуркоў тутэйшыя гандляры ўжо прызвычаіліся, — усміхаецца жанчына.

Вось так і атрымліваецца, што за год можна назапасіць пэўную суму, каб здзейсніць сваю мару пра экзатычны адпачынак.

Дарэчы, цікава наогул, чым харчуецца фітнес-трэнер і чаму навучае іншых? Мая суразмоўніца расказвае, што на працягу чатырох гадоў нават практыкавала вегетарыянства, але калі з'явіліся праблемы са здароўем, ад ідэі не есці мяса зусім яна адмовілася:

— Я зразумела, што пасля 50 нельга абмяжоўваць сябе ў рэчывах, якія знаходзяцца ў ім.

Зараз Нінель ужывае ялавічыну, кураціну — словам, нятлустае мяса, можа дазволіць кавалачак сальца, калі душа вельмі просіць... А ўвогуле, план харчавання выглядае наступным чынам: можна есці 5-6 разоў на суткі, але ў аб'ёме не больш за шклянку.

— Ні ў якім разе не ўжываем разам першае, другое і кампот! Мучное — мінімальна, а вось салодзенькім можна сябе папесціць: шакаладам, мёдам ці зефірам, гэта вельмі карысна (ды што ўжо казаць, і смачна!).

Зранку жанчына заўсёды выпівае шклянку цёплай лімоннай вады і з'ядае тры сырыя перапяліныя яйкі, а пазней гатуе сабе кашу на малацэ, — кажа, што вельмі смачна атрымліваецца з гарбузовымі семкамі.

Калі чытач памятае, сустрэчу мы прызначылі ў кафэ, і самы цікаўны, напэўна, задасць пытанне: дык няўжо ж у модным месцы дзве жанчыны сядзелі і лыпалі галоднымі вачыма? Маўляў, лухта гэта ўсё — філасофія для іншых, а сабе — талерку смажанай бульбачкі з тлусценькім селядцом пад цыбулькавай коўдрачкай! А вось і не, паважаны, — сушаныя кольцы апельсіна з лупінай, якія тут чамусьці завуцца чыпсамі, цалкам задаволілі нашу кулінарную цікаўнасць і голад.

Гімнастыка, што дазваляе расці

Трэба сказаць, што Нінель Блахіна ўвесь час знаходзіцца ў няспынным руху: працуе фітнес-трэнерам (навучае тэхніцы скрэйтчынг-ёга), пакуль дазваляе надвор'е, плавае ў Нёмане, катаецца на ровары ці роліках, штодзённа робіць гімнастыку. Навошта столькі ўсяго?

— Ведаеце, у мяне ўжо дэгенератыўны ўзрост: калі 72 гадзіны я не плаваю, не хаджу, не трэніруюся, — адчуваю атрафіраванне мышцаў. Таму не магу сабе дазволіць проста легчы на канапу і ляжаць...

— Як лічаць некаторыя, ваш знешні выгляд — гэта вынік таго, што вы амаль усё жыццё займаліся танцамі і ў вас вельмі добрая генетыка: маўляў, лёгка казаць, калі ад прыроды надзелены мініяцюрнымі памерамі...

— Каб вы бачылі, якія сцёгны былі ў маёй маці! — эмацыянальна рэагуе жанчына, адначасова спрабуючы паказаць мне дзвюма рукамі вялікую акружнасць. — Мая бабуля (усе жанчыны ў нас з Кубані) была таксама ў целе... Не, толькі праца над сабой робіць тое, што хочацца бачыць у люстэрку.

Прашу яе ўспомніць той перыяд, калі пачала займацца стрэйтчынг-ёгай (адмысловая гімнастыка на расцяжэнне суставаў і пазванкоў). Дарэчы, з гэтым таксама звязана цікавая гісторыя.

— Гадоў у 50—60 у мяне былі сур'ёзныя праблемы са здароўем: медыкі знайшлі нават атрафацыю міякарда. Ну, кажу, паміраць, дык з музыкай! І паехала ў Туніс, дзе 51 градус. Сама сабе думаю: такой спякоты сэрца не вытрымае, карацей, паляцела, каб загінуць прыгожа... У выніку ўсім цяжка, а мне хоць бы што! Вось дзе генетыка, як вы кажаце, спатрэбілася: паколькі ўсе продкі з Кубані, я добра вытрымліваю спякоту. І ў Тунісе я сустрэла вельмі высакароднага прыгожага старога. Ён быў носьбітам стрэйтчынг-ёгі, я ўпершыню ўбачыла на ўласныя вочы, як гэта працуе, і... афанацела. Гэтай практыкай я займаюся ўжо сем гадоў.

— А як жа праблемы з сэрцам?

— Іх ужо няма, — усміхаецца жанчына. — Наогул, я зараз да дактароў заходжу, толькі каб параіцца і пагутарыць, расказаць, што і як у мяне змяняецца. Лекаў мне ўжо не прызначаюць. Калі ляцелі на Гаа, адзін малады чалавек гадоў 50 запытаў, ці не змяніўся ў мяне ціск, бо выляталі мы з мінус 30, а прыляцелі ў плюс 40 градусаў. Дык не, кажу, не змяніўся.
А чаму павінна балець галава?

Між іншым, штодзённыя практыкаванні дазваляюць жанчыне літаральна... расці. Усе мы ведаем, што чым больш сталаму чалавеку гадоў, тым меншым па памеры становіцца яго пазваночнік, адпаведна і рост. А ў сітуацыі Нінель усё наадварот: у параўнанні з ёй, 71-гадовай, — яна стала вышэйшай на палову сантыметра. Што пацвердзіў нядаўні візіт на прафілактычны агляд у паліклініку.

Школьніцы як стымул да кардынальных змен

— Дарэчы, аб дактарах: ці ёсць умяшальніцтва ў вашу знешнасць з боку эстэтычнай хірургіі?

— Так, я першая, хто скарыстаўся ў Гродне такой магчымасцю, калі клініка прыгажосці прапанавала такую паслугу. Мне тады было 62 гады.

Мая суразмоўніца не лічыць заганным дапамагаць прыродзе рознымі сродкамі, у тым ліку і радыкальнымі.

З гэтым паходам таксама была звязаная свая гісторыя. Нінель Блахіна раней вельмі доўгі час працавала харэографам у элітнай гродзенскай гімназіі. Дзеці заўсёды ўсё заўважаць і не даруюць хібаў, упэўнена суразмоўніца. І калі дзяўчынкі, звяртаючыся да свайго педагога, адзначылі яе не надта добры выгляд, яна вырашыла: цяпер ці ніколі.

Канешне, у пастаянным доглядзе за сваёй знешнасцю ёсць месца і хатнім працэдурам, але, галоўнае — гэта добры настрой і жаданне быць прыгожай і бадзёрай у любым узросце! Прыклад маёй прывабнай гераіні — непасрэдны таму доказ. Упэўнена, што яе мужчыны — муж, сын і ўнук-студэнт — падтрымліваюць сваю актыўную прыгажуню ў яе намаганнях на ўсе 100 %!

Рэцэпт вельмі карыснага смузі ад Нінель Блахіной

Увечары заліваем цёплай вадой 2 сталовыя лыжкі аўсяных шматкоў і 2 сталовыя лыжкі грэчневай крупы, заранёй здробненыя на кавамолцы. Раніцай кладзём у блэндар 3 лыжкі гэтай масы, 1 банан, 2 лыжкі тварагу і столькі ж ёгурту, дадаём цёплага малака і перамолваем.

Гэта вельмі смачна, расказвае жанчына. І можна есці нават перед трэніроўкай. Вядома, што ўжываць ежу перад фізічнымі нагрузкамі не рэкамендуюць, але ж такі смузі не вяртаецца ў страўнік пякоткай.

Вольга АНУФРЫЕВА, фота гераіні публікацыі з сацыяльных сетак.

Загаловак у газеце: «Галава? А чаму яна павінна балець?!»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як выхаваць даследчыка за школьнай партай?

Як выхаваць даследчыка за школьнай партай?

Чаму ўсе краіны, якія развіваюць інавацыйную эканоміку, робяць сёння стаўку на STЕM? 

Палітыка

Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з прадстаўнікамі СМІ Расіі

Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з прадстаўнікамі СМІ Расіі

Некалькі рэчаў сёлета адбываюцца ўпершыню.

Грамадства

Ці набудуць у гаспадароў старыя хаты?

Ці набудуць у гаспадароў старыя хаты?

Адэльскі сельскі савет, што ў Гродзенскім раёне, можна назваць брамай у Еўрасаюз.