Вы тут

«Хмарачос». Карціна алеем...


Нашы чытачы Леў Дзіханаў і Вікторыя Жыхар цікавяцца, як правільна перакласці на беларускую мову слова «небоскреб», як у нашай мове называецца дошка для рэзкі хлеба альбо іншых прадуктаў і чым пішуць мастакі: маслам ці ўсё ж алеем?

На ўсе моўныя пытанні ў рэдакцыйнай пошце, як заўжды, адказваюць стыльрэдактары газеты Алесь Саламевіч і Леў Глушыцкі.

1. Рускае слова небоскрёб — гэта калька з англійскага skуsсrареr (ад skу 'неба' і sсrаре 'скрэбці, скабліць') або з нямецкага Wоlkеnkrаtzеr (ад dіе Wоlkе 'воблака, хмара' і krаtzеn 'драпаць, чухаць, скрэбці').

Калькаваны назоўнік небаскроб фіксуецца і ў беларускіх слоўніках. Аднак апроч яго і куды актыўней у мове ўжываецца слова хмарачос, якое, дарэчы, займае першае месца сярод адпаведнікаў да англійскага skуsсrареr у «Англійска-беларускім слоўніку» («Вышэйшая школа», 2013).

Цікава, што на трэцім месцы — пасля небаскроба — пададзены яшчэ адзін наш назоўнік — небасяг. Праўда, у беларускіх тэкстах ён, здаецца, найменш распаўсюджаны.

Такім чынам, у якасці асноўнага мы б раілі слова хмарачос.

2. У таго, хто думае па-руску, сапраўды могуць узнікнуць цяжкасці з перакладам словазлучэння разделочная доска (варыянт апрацоўчая дошка — вядома ж, калька, прычым вельмі нязграбная). Аднак той, хто мову беларускую ведае, адразу ўспомніць кароткае і ёмкае слоўка — днушка.

Яго мы знойдзем і ў «Тлумачальным слоўніку беларускай мовы», і ў шматлікіх даведніках. Такім чынам, карыстаймася днушкай!

3. Словы масла і алей сваім значэннем, вядома ж, розныя. Маслам (што важна — без якіх-небудзь удакладненняў) у Беларусі называюць прадукт, атрыманы са смятанкі або смятаны (па-руску — сливочное масло). Алей жа — тлушч з расліннага насення (сланечнікавага, ільнянога, канаплянага і іншага). Таму словазлучэнне сланечнікавае масла — гэта грубая лексічная памылка.

З раслінных тлушчаў робяцца і фарбы. Таму назоўнік алей распаўсюджаны ў сферы жывапісу. Ва ўсякім разе, у подпісах да мноства карцін у Нацыянальным мастацкім музеі можна ўбачыць словы: «Палатно, алей». А ў першым томе «Беларускай энцыклапедыі» знайсці артыкулы «Алейны жывапіс», «Алейныя лакі» і «Алейныя фарбы».

У абарону слоў

У беларускіх тэкстах і размовах усё актыўней ужываецца слова паліць замест курыць. Але ж ці заўсёды гэта апраўдана, ці заўсёды першае выключае другое? Возьмем, напрыклад, выраз ён кінуў паліць. Першая думка: на дварэ настолькі пацяплела, што нехта больш не паліць... у печы. А насамрэч нам хацелі сказаць, што той нехта болей не курыць.

Згадзіцеся, у гэтым выпадку больш дарэчы звычнае старое, нават старадаўняе слова. Тым больш што якраз яго выкарыстоўваў і выкарыстоўвае наш народ, нашы класікі. Узгадайма прыказку «калі ты курэц (не назавеш жа яго пальцом?), то насі люльку і тытунец», іншыя аднакаранёвыя словы накшталт курэнне, курэцкі, дымакур, табакур, куродым...

Часам адчуваецца падазронасць і ў дачыненні да слова цыгарэта (яе, маўляў, трэба замяняць папяросай).

Яна ў мове, вядома ж, ёсць... Аднак цыгарэта — варыянт не горшы...

Такім чынам, словы курэнне, курыць, цыгарэта, як той казаў, маюць месца быць.

Не меў бы працэс...

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзілася на добраахвотнай аснове.