Вы тут

Усё, чаго жадае душа, у Дзяржынскім раёне ёсць


Так лічыць старшыня Дзяржынскага райвыканкама Мікалай АРЦЮШКЕВІЧ, і ён мае рацыю. Раён займае першае месца ў Мінскай вобласці па вытворчасці збожжа, і другое — па вырабе малака. У рэспубліканскім конкурсе асемянатараў раённыя спецыялісты сёлета ўзялі другое месца, а вакансій тут больш, чым беспрацоўных. Умовы працы на вёсцы прывабліваюць на пераезд нават гараджан з Дзяржынска. Тут вам і зарплата, і жыллё ледзьве не адразу, і садок са школай на месцы. Мікалай Іванавіч расказаў, як атрымоўваецца забяспечваць працаўнікам сельгаспрадпрыемстваў усе гэтыя выгоды.


Уласнымі сіламі — танней і якасней

Прыпыняць работу ў сельскай гаспадарцы нельга ў любы сезон. І самы галоўны кірунак тут, як ні дзіўна, — будаўніцтва, адзначае старшыня:

— Тэхналогіі работы на зямлі і атрымання ўраджаю збожжавых намі ўжо адпрацаваны. У малочнай галіне таксама працуем па самых сучасных тэхналогіях. А яшчэ ва ўсіх гаспадарках раёна ўжо асвоілі схему будаўніцтва гаспадарчым спосабам (уласнымі сіламі) — так выходзіць утрая танней, чым на падрадзе. Пры гэтым якасць значна вышэйшая, бо людзі будуюць самі для сябе. І паспяваюць больш, і ўнутранасць робяць, як трэба, пад пэўныя задачы.

Узводзяць не толькі будынкі пад фермы, але і жыллё. У раёне гатова некалькі праектаў на будаўніцтва 12-кватэрнага жылля гарадскога тыпу ў аграгарадках, чакаюць толькі крэдытаў, каб пачаць. Такога кшталту жыллё ў калгасах цяпер больш запатрабавана, чым асобныя домікі, кажа старшыня, ды і эканамічна больш выгадна. Метр у такім шматкватэрным доме каштуе 90—100 рублёў, а ў індывідуальным — 150.

Тым не менш асобныя домікі на сяле з'яўляюцца. У гаспадарцы «Маяк-78», напрыклад, штогод дзве-тры такія новабудоўлі ўздымаюцца. А яшчэ ў раёне перарабляюць пад кватэры будынкі былых дзіцячых садкоў. Так наваселле могуць справіць адразу пяць-шэсць сем'яў.

— Нават гараджане сёння ідуць у гаспадарку трактарыстамі ды механізатарамі, бо і зарплата тут на ўзроўні, і добры сацпакет. Адно цяжка: летам праца без выхадных, таму многія не вытрымліваюць, сыходзяць, — уздыхае Мікалай Арцюшкевіч. — Стараемся ўзімку гэта кампенсаваць скарочанымі днямі і дадатковымі выхаднымі.

З работай у раёне праблем няма. «Заданне было стварыць сёлета ў раёне 500 рабочых месцаў, а іх у нас з'явілася ўжо 632», сцвярджае старшыня.

Штогод Дзяржынскі раён стабільна павялічвае паказчыкі надояў, сёлета з пачатку года прыбавілі 46 кілаграмаў на карову, і гэта яшчэ досыць сціпла, лічыць кіраўнік раёна:

— Прырост крыху меншы, чым летась. Сказваецца актыўнае будаўніцтва малочнатаварных комплексаў (МТК) і перавод жывёл з прывязнога на бяспрывязнае ўтрыманне. Гэта крыху стрымлівае лічбы, але ў далейшым мы на комплексах атрымліваем добрыя прыбаўкі.

Летась МТК скончылі ў вёсцы Баравікі. Сёлета два комплексы ўвялі ў гаспадарках «Крутагор'е-Петкавічы» і «Маяк-78», яшчэ два — завяршаюць, а да канца 2019-га ў раёне плануюць збудаваць як мінімум даільную залу і адно памяшканне чарговага МТК.

Надвор'е + вопыт = выдатны вынік

— Скончыць усе палявыя работы ў раёне да прафесійнага свята было справай гонару, — кажа Мікалай Арцюшкевіч. — Летась гэта не ўдалося, бо вераснёўскія дажджы ішлі да самай зімы, працаваць у полі было немагчыма. Сёлетняя ж восень была для працаўнікоў залатая.

Уборку завяршылі своечасова дзякуючы добраму надвор'ю і згуртаванай працы спецыялістаў, лічыць і Андрэй АТРУШКЕВІЧ, першы намеснік старшыні Дзяржынскага райвыканкама.

Цяпер застаецца рэалізоўваць прадукцыю і атрымліваць прыбытак. Штодня 1,5—2 тысячы тон буракоў, напрыклад, адпраўляюцца на Гарадзейскі цукровы камбінат. Збіралі буракі, дарэчы, кругласутачна, у дзве змены, бо тэхніка дазваляе працаваць і ў цемры. А яшчэ ў ёй камфортна. Не кожная іншамарка мае такі клімат-кантроль, як імпартныя камбайны гаспадаркі.

— Чым больш бурак застаецца ў зямлі, тым больш ён расце. І трэба злавіць момант, калі ён набярэ дастаткова цукру і максімальна вырасце, што дазволіць атрымаць максімум пры яго рэалізацыі, — тлумачыць намеснік старшыні. — Сёлета ўраджайнасць склала больш за 500 цэнтнераў з гектара, а значыць, заспелі найлепшы час для ўборкі.

Вынікі ўборачнай кіраўнік раёна расцэньвае як сярэднія. Збожжавых і каласавых сёлета амаль удвая меней, чым летась, — 89 тысяч тон супраць леташніх 116. Аднак гэты недабор замясцілі 40 тысячамі тон зерня кукурузы, якой летась было адно 24 тысячы. Тым не менш буйная рагатая і птушыная гаспадарка раёна павялічваецца з такой хуткасцю, што, каб пракарміць яе, прыходзіцца дакупляць зерне.

— Працягнем работу па пераглядзе і ўдасканаленні структуры пасяўных плошчаў, каб павялічыць вытворчасць збожжавых. Асабліва гэта датычыцца нізкаўрадлівых пясчаных зямель, дзе каласавыя растуць не вельмі добра, затое кукуруза дае 100 цэнтнераў з гектара, — сцвярджае кіраўнік раёна. — Гэта рацыянальнае выкарыстанне зямель. Сёлета, напрыклад, мы паменшылі на 300 гектараў плошчы пад буракі, аднак валавы збор іх не меншы, чым летась, — каля 103 тысяч тон. На 100 гектараў скарацілі і плошчы пад бульбу, аднак сабралі яе столькі ж, як і ў 2017-м. Такім чынам затраты на вырошчванне мы знізілі, а ў прадукцыі не згубілі.

Ад душы дзякую ўсім працаўнікам Дзяржынскага раёна, якія нястомна павышаюць дабрабыт нашага краю, і віншую іх з прафесійным святам. Асаблівая ўдзячнасць кіраўнікам гаспадарак, якія сёлета зрабілі шмат і дасягнулі добрых вынікаў у жывёлагадоўлі і раслінаводстве.

Гэта Юрый КЛІМАШ, кіраўнік гаспадаркі «Крутагор'е-Петкавічы», Рыгор НІКАЛАЕВІЧ, дырэктар «Баравое-2003», Уладзімір ЛЯЎША, галава аграпрадпрыемства «Кастрычніцкая рэвалюцыя», Іван ГАРГУН, які ўзначальвае «Маяк-78», Арцём КОЧАТАЎ, галава ўнітарнага прадпрыемства «Логавішча-Агра». Кіраўнік «Агракамбіната «Дзяржынскі» Уладзімір ЛУК'ЯНАЎ і дырэктары філіялаў прадпрыемства: «Пяцігор'я» — Пётр ЯРЫЖАНЕЦ, «Фалько-Агра» — Вадзім КУНЦ, «Праўда-Агра» — Віталь ХАЦЬКО. Асобная падзяка кіраўніку агракамбіната «Ждановічы» Рыгору ЧУЙКО. Яго гаспадарка пастаянна і плённа ўзаемадзейнічае з Дзяржынскім раёнам і з'яўляецца арыенцірам для паляпшэння паказчыкаў нашымі прадпрыемствамі.

Гэты год быў добры, і няхай наступныя прыносяць яшчэ большую прыбаўку і абыходзяцца без прыродных катаклізмаў. А людзям нашым жадаю здароўя, імпэту і сямейнага шчасця, якое і бадзёрасць дае, і на працу натхняе.

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.