Вы тут

Як жыць, калі ў вас — псарыяз?


Псарыяз — вельмі непрыемнае захворванне, на якое пакутуе ад 2 да 7 % жыхароў планеты. Беларусь знаходзіцца ў эндэмічнай зоне, якая вылучаецца высокай захваральнасцю (вышэйшая толькі ў скандынаўскіх краінах — Нарвегіі і Швецыі, дзе каля 5 % хворых). У нас на псарыяз хварэе каля 3,5 % насельніцтва, а гэта да 300 тысяч хворых. Спецыялісты расказалі, як зрабіць жыццё з захворваннем, якое лічыцца невылечным, больш камфортным.


Ярка-ружовыя ці чырвоныя плямы і бляшкі, пакрытыя рыхлымі серабрыста-белымі лускавінкамі, сверб і лушчэнне — такія асноўныя сімптомы псарыязу. Як адзначыў галоўны дэрматавенеролаг Міністэрства аховы здароўя, галоўны навуковы супрацоўнік лабараторыі рэканструктыўна-аднаўленчай хірургіі РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі Імя М. М. Аляксандрава Аляксандр ЛУК'ЯНАЎ, псарыяз можа праявіцца ў любым узросце, на яго хварэюць на ўсіх кантынентах, прычым пакутуюць і мужчыны, і жанчыны. Праўда, найчасцей немач праяўляе сябе да 40 гадоў — у 70-80 % выпадкаў. Хвароба істотна ўплывае на якасць жыцця і функцыі асобных органаў і сістэм, у прыватнасці на сардэчна-сасудзістую сістэму, павялічвае рызыку атэрасклерозу, інфарктаў і інсультаў, метабалічнага сіндрому і сустаўнага сіндрому. Псарыяз перадаецца ў спадчыну, праўда, не ў кожнага праяўляецца. На яго «актывізацыю» ўплывае некалькі пускавых фактараў: і эмацыянальныя, і асяроддзе.

І нават калі псарыяз праявіўся, гэта не азначае, што якасць жыцця моцна знізіцца. Многае, як сцвярджаюць спецыялісты, залежыць ад самога пацыента.

— І з псарыязам можна жыць добра, калі весці правільны лад жыцця: высыпацца, не пераядаць, не набіраць вагу, не курыць і не злоўжываць алкаголем, — кажа Аляксандр Лук'янаў. — Толькі ў 30 працэнтах выпадкаў псарыяз мае цяжкае цячэнне, у астатніх 70 працэнтах многія праявы можна змякчыць правільнымі паводзінамі. Нічога добрага не атрымаецца з разгульным ладам жыцця, хуткім наборам вагі. На працягу ўсяго жыцця такім хворым патрэбна пастаянная фізічная нагрузка.

Спецыяліст нагадаў, што гэта не інфекцыйная хвароба, і да такіх хворых не трэба ставіцца з апаскай — яны не ўяўляюць небяспекі і могуць наведваць басейны, саўны, цырульні.

— Псарыяз — сезонная хвароба, у 80 працэнтах выпадкаў гэта зімовы псарыяз, — расказвае загадчык кафедры дэрматавенералогіі і касметалогіі Беларускай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі Алег ПАНКРАТАЎ. — Але яго правакуе і абвастрае не холад, а адсутнасць ультрафіялету. І для такіх хворых прымяняюцца методыкі святлолячэння. Больш няшчасныя 10 працэнтаў хворых, у якіх ультрафіялет з'яўляецца правакуючым фактарам хваробы. Яшчэ 10 працэнтаў маюць змешаную форму.

У цяжкіх выпадках хваробу лечаць біялагічнымі прэпаратамі, прымяняюцца такія метады і ў нас. Пакуль гэтыя высокатэхналагічныя сродкі каштуюць нятанна — курсавое лячэнне аднаго пацыента ў год абыходзіцца ў 10-12 тысяч долараў.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.