Вы тут

Цікавыя навіны з-за мяжы


Рыбак злавіў у моры немаўля

У Новай Зеландыі рыбалоў выцягнуў з мора 18-месячнае дзіця, якое збегла ад бацькоў, паведамляе Аssосіаtеd Рrеss.

Гус Хат заўважыў дзіця, якое плыло па хвалях, калі правяраў пастаўленыя на пляжы донкі. Ён злавіў яго за руку і выцягнуў з вады. «Нават тады я лічыў, што гэта ўсяго толькі лялька, — успамінае мужчына. — Твар як з фарфору, валаскі намоклі. Але тут ён ціхенька піскнуў. «Божа мой, — думаю. — Гэта дзіця, прычым жывое». Хат аднёс хлопчыка ў размешчаны непадалёк палатачны лагер. Паводле слоў гаспадыні лагера Рэбекі Солтар, прамоклы малы быў вельмі бледны, а ў яго валасы і адзежу набіўся пясок.

Як высветлілася, бацькі немаўляці спалі ў лагеры і не заўважылі, як яно ўцякло з палаткі. Хлопчык змог дабрацца да мора, упаў у ваду і праплыў каля 15 метраў. «Калі б мяне там не было ці я прыйшоў на хвіліну пазней, то не ўбачыў бы яго», — адзначыў рыбалоў. Дзіця адвезлі ў бальніцу, пасля агляду ўрачы зрабілі выснову, што яно не пацярпела. Паліцыя не плануе прыцягваць яго бацькоў да адказнасці.

У Швецыі пабіліся знатакі класічнай музыкі

На канцэрце класічнай музыкі ў шведскім горадзе Мальмё здарылася бойка, паведамляе выданне Wаshіngtоn Роst.

Лейпцыгскі аркестр Гевандхаўза выконваў Пятую сімфонію Малера, калі адна з слухачак стала з гучным шамаценнем разгортваць жавальную гумку. Малады чалавек на суседнім месцы кідаў у яе бок абураныя погляды, а калі гэта не дало чаканага эфекту, адабраў пакецік з гумкай і выкінуў яго. Пасля завяршэння канцэрта жанчына павярнулася да крыўдзіцеля, нешта сказала яму, а затым ўдарыла па твары з такой сілай, што акуляры хлопца паляцелі на падлогу. Яе спадарожнік схапіў маладога чалавека за кашулю і пачаў збіваць яго. Бойка працягвалася, пакуль не ўмяшаліся іншыя гледачы. Ці трапілі гэтыя аматары класічнай музыкі ў паліцыю, не паведамляецца.

Муж не ведаў, што жонка хацела яго забіць

Суд англійскага горада Мейдстан, графства Кент, правёў слуханні па справе Хэйл Везерол, якая дзевяць месяцаў спрабавала забіць свайго мужа, які ні аб чым не здагадваўся, паведамляе выданне Thе Mіrrоr.

Брытанка рабіла спробы забіць свайго 49-гадовага мужа Рэйманда, хворага на рак мозга, з лета 2017 года да ранняй вясны 2018-га. 32-гадовая Хэйл уступіла ў змову са сваім палюбоўнікам і найлепшым сябрам мужа Гленам Полардам і яго 20-гадовай дачкой Хізэр. За гэты час зламыснікі спрабавалі атруціць мужчыну, падарваць яго машыну і ўтапіць падчас рыбалкі. Рэйманд успрымаў тое, што адбываецца як «чараду здарэнняў, няўдач і супадзенняў». У гісторыі інтэрнэт-браўзера яго жонкі паліцэйскія выявілі запыты «тэхнікі ціхага забойства», «крэатыўныя спосабы забойства» і «16 крокаў, каб забіць кагосьці і не папасціся». Рэйманд зразумеў, што яго спрабуюць забіць, толькі пасля таго, як яму стрэлілі ў галаву: куля трапіла ў яго правую шчаку і выйшла праз левую. Непадалёк ад месца злачынства следчыя знайшлі кінутую машыну Хізэр Полард. Пракурор сцвярджае, што матывам замахаў на забойства былі інтымныя адносіны паміж Хэйл і Гленам Полардам. Дачка апошняга дапамагала злачынцам з любові да бацькі. Усе трое адмаўляюць сваё дачыненне да злачынства.

Іван КУПАРВАС

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.