Вы тут

Магілёўскі майстар — пра талент, любоў да прафесіі і таямніцы гадзіннікаў


У Міхаіла Кругліка са словам «зорка» вельмі прыемныя асацыяцыі. Менавіта так называўся самы першы гадзіннік, які ён адрамантаваў. А заадно адкрыў у сабе талент будучага майстра. У той час ён яшчэ вучыўся ў школе і нават не загадваў, кім стане ў дарослым жыцці. Ім тады кіравала выключна цікавасць.


Каштоўны падарунак

— Я наогул быў вельмі цікаўны падлетак, усё, што трапляла ў рукі, разбіраў. У доме не было ніводнай цэлай цацкі, — усміхаецца Міхаіл. — Вось і той наручны гадзіннік «Зорка» быў спраўны, пакуль я да яго не дабраўся. Бабуля добра ведала пра мае здольнасці, таму хавала сваю каштоўнасць як мага далей — у куфар. Надзявала толькі тады, калі кудысьці ішла, напрыклад у краму. Рэч была вельмі дарагая. Гэта ж самыя першыя вырабы Угліцкага гадзіннікавага завода — на рубінах. Не кожны селянін, а жылі мы ў вёсцы Сямікаўка Бялыніцкага раёна, мог пахваліцца такім багаццем. Мой дзед займаўся гандлем і купіў жонцы падарунак, калі ездзіў у Маскву. У доме былі яшчэ насценныя ходзікі, але мяне спакушала бабуліна ўпрыгажэнне.

І аднойчы хлопец не ўтрымаўся. Прычыніў вечка куфра і выцягнуў гадзіннік. Аднекуль у руках з'явілася адвёртка. Дабрацца да механізма было цяжкавата, накрыўка аказалася вельмі шчыльна прыладжанай, але школьнік усё ж такі яе ўскрыў. Металічная пласцінка разгублена дзынькнула аб падлогу, а ўслед за ёй пасыпалася і ўся астатняя начынка. Шкоднік не ведаў, што з гэтым рабіць, а таму сабраў усе маленькія дэталькі ў хустачку і засунуў за куфар, каб бабуля не знайшла. Ёй, зразумела, нічога расказваць не стаў. Вельмі баяўся. Бабуля ж, калі выявіла згубу, вельмі засмуцілася. Але ўнука вінаваціць не стала, бо, як той казаў, не злоўлены — не злодзей. Прайшло болей за паўгода пасля таго, як унук вярнуўся да бабулінага гадзінніка.

— У суседа быў такі ж, ды зламаўся, вось ён і аддаў яго мне, — расказвае Міхаіл. — Я ледзь не кінуўся ў скокі ад радасці, дастаў схаваныя дэталі і пачаў збіраць. А суседскі падарунак паклаў побач, глядзеў, куды якую вось ставіць. Шмат часу правазіўся, але калі механізм зацікаў, быў на сёмым небе ад шчасця. Не ведаў, праўда, як паведаміць бабулі гэтую радасную навіну. Яна ж усё ніяк не магла забыцца пра сваю трагедыю. І тады я падкінуў ёй ідэю, што гадзіннік мог саслізнуць за куфар. Але, каб адсунуць яго ад сцяны, патрэбна была дапамога некалькіх моцных мужчын. Паклікалі суседзяў, адцягнулі і, сапраўды, гадзіннік знайшоўся. Бабуля падняла яго і аж расплакалася.

А ў хлопца з таго моманту быццам дар адкрыўся — стаў рамантаваць няспраўныя гадзіннікі ўсім аднавяскоўцам. Як пачатковец, грошы за сваю работу не браў, было цікава навучыцца збіраць розныя мадэлі, пачынаючы ад наручных і заканчваючы будзільнікамі і ходзікамі. Хутка мог злёту даць дыягназ паломцы. У асноўным ляцелі восі.

Непакорны «карэец»

Дома ў Міхаіла гадзіннікам прысвечаны цэлы пакой. Ходзікі, «куранты», будзільнікі, марскія з анкерным ходам, лётныя — ціканне зліваецца ў адзіны манатонны гул, які супакойвае. Майстар аднекуль дастае скрыні з запчасткамі, і вочы разбягаюцца — цыферблаты, карпусы, стойкі, валікі, вушкі, шкельцы... Калісьці ён купляў запчасткі непасрэдна на адмысловых заводах. Тады гадзіннікі былі ва ўсіх і майстры па іх рамонце без справы не сумавалі. Зараз мужчына на пенсіі, але знаёмыя не забываюцца пра яго здольнасці. То адзін патэлефануе, то другі. І нясуць у асноўным гадзіннікі савецкай вытворчасці. Ведаюць, што такіх майстроў, як Міхаіл, сёння адзінкі. Гэта зараз ён можа сабраць механізм ледзь не ўсляпую, а ў маладосці прыходзілася трапляць у розныя сітуацыі.

Калі служыў у арміі, на Далёкім Усходзе, яго паслугамі карысталіся і камандзіры, і салдаты. Механізмы наладжваў з паўабарота, але аднойчы трапіла ў рукі незнаёмая мадэль — карэйскі варыянт. Саслужывец набыў модны па тых часах гадзіннік, які каштаваў 100 рублёў, але прадавец папярэдзіў: калі пашчасціць, працаваць будзе 200 гадоў, а калі стрэлкі стануць, ім ужо нічога не дапаможа. Міхаіл зацікавіўся пакупкай, але таварыш па службе не жадаў эксперыментаў. Угаворвалі яго цэлым узводам. І ён нарэшце здаўся. Амбіцыйны беларус лічыў, што нават такі «заморскі» варыянт прыйдзецца яму па зубах. І амаль што не памыліўся. Праўда, павазіцца прыйшлося цэлы год.

— Гэта была вельмі дарагая рэч, і я рызыкаваў, — згадвае ён тую даўнюю гісторыю. — Дамовіліся, што, калі не спраўлюся, вярну грошы. Сумненні з'явіліся толькі тады, калі разабраў гадзіннік. Ён разляцеўся, і я не паспеў запомніць канструкцыю. Збіраць дапамагалі ўсе мае саслужыўцы. Ставім пласцінку, спружынку, пласцінку, спружынку — бац, усё разлятаецца, і зноў прыходзіцца рабіць з пачатку. Работа карпатлівая. Быў момант, калі сябрам ужо гэта надакучыла і яны пачалі збіраць па рублі, каб дапамагчы мне разлічыцца з гаспадаром. Але я ўпарты, цярпення і ўседлівасці хапае. Бывала, і па начах сядзеў, але ўсё ж такі ажывіў «карэйца». Праўда, ненадоўга. Па няведанні парушыў герметыку. Але потым рамантаваў гадзіннікі любой складанасці, у тым ліку і з герметыкай. «Камандзірскія», напрыклад, ідуць ужо 30 гадоў.

З лекарскім ухілам

Гадзіннікі — гэта для душы, а вучыцца пасля школы Міхаіл пайшоў на трактарыста. Нават год да арміі адпрацаваў у родным калгасе. А ўжо падчас службы засвоіў яшчэ адну прафесію — медыцынскую. Кажа, што пра медыцыну марыў нават раней, чым стаў гадзіннікамі займацца. І калі ў арміі спыталіся, хто можа кіраваць машынай, — ён са сваімі правамі трактарыста прамаўчаў, затое з гатоўнасцю падахвоціўся ісці ў санітары. Потым здаў іспыты на санінструктара, а затым на фельчара. І пасля службы нават некалькі гадоў працаваў у бальніцы.

— У мяне бабуля лячыла. Аднойчы прыснілася і загадала мне таксама лячыць. Ад яе ў спадчыну мне замовы засталіся. Калі бачу, што камусьці магу дапамагчы, не адмаўляю. Гадзіннікі, дарэчы, таксама рэагуюць на адхіленні ў арганізме. Аднойчы да маіх паслуг звярнулася жанчына. Перабраў яе механізм, пачысціў — карыстайцеся, калі ласка. А яна назаўтра тэлефануе — гадзіннік не ідзе. Я вельмі здзівіўся, бо дакладна ведаў, што ён спраўны. Забраў яго, дома адчыняю, а ён зноў забруджаны, пакрыты нейкай зелянінай. Я прапанаваў ёй правесці эксперымент — даў свой гадзіннік. Яна панасіла яго, і ён таксама хутка зламаўся. Гляджу, а ўнутры такі ж самы зялёны налёт. Пракансультаваўся з адным знаёмым урачом, ён выказаў здагадку, што ў жанчыны нешта не так са здароўем. Я з ёй пагутарыў і высветлілася, што ў яе праблемы са страўнікам. Ёй трэба было рабіць аперацыю, але яна не спяшалася. Затое пасля выпадку з гадзіннікам усё ж такі адважылася.

Яшчэ ў аднаго кліента зламаўся насценны гадзіннік. Ён прынёс яго да мяне, дастаў з сумкі, а механізм цікае. Вырашылі праверыць, наколькі яго хопіць. Павесілі на сцяну, чакаем, калі спыніцца, а ён ідзе. Праз месяц мужчына прыходзіць, а гадзіннік працуе. Занеслі да яго — стаў. Паглядзеў механізм, а там цэнтральнае кола крыху падагнутае. Паправіў яго, і «куранты» болей не «капрызілі». Цікава, што «за кампанію» з маімі яны ішлі нават з паломкай.

Міхаіл упэўнены, што механічныя гадзіннікі для дома самая што ні ёсць карысная рэч. Там, дзе яны цікаюць, прастора нібыта ачышчаецца. А вось да іх аналагаў на батарэйках у яго недавер. Такія, калі зламаюцца, можна адразу ж несці на сметнік. У іх і рамантаваць няма чаго. «У адрозненне ад механічных, электронныя толькі энергію забіраюць, — упэўнены майстар. — Нездарма да мяне нясуць шмат савецкіх гадзіннікаў. Там і дэталі надзейныя, і метал больш трывалы. А калі ёсць рубіны, то такім гадзіннікам зносу не будзе. Яны, можна лічыць, вечныя. Мне асабіста больш за ўсё падабаюцца «куранты» і ходзікі, тыя што з боем. Старыя людзі кажуць, што звон злых духаў зганяе. І гэта сапраўды так. Я ведаю».

Нэлі ЗІГУЛЯ

Загаловак у газеце: Гадзіннік даў пуцёўку

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.