Вы тут

Беларусь можа прапанаваць тры кандыдатуры на пасаду генсека АДКБ


Пра гэта заявіў Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Азербайджанскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь Лаціфам Гандзілавым.


Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што склалася добрая практыка, калі ён сустракаецца з пасламі не толькі ў пачатку або канцы дыпламатычнай місіі, але і непасрэдна ў працэсе работы.

Беларускі лідар распавёў, што нагода сустрэчы - добрая: літаральна праз тыдзень у нашу краіну прыляціць Прэзідэнт Азербайджана Ільхам Аліеў. «У нас ёсць, пра што пагаварыць, ёсць маса пытанняў, хоць, павінен сказаць, фундамент нашых адносін набірае трываласць, - сказаў ён. - За гэты год, напэўна, разы ў тры мы павялічылі тавараабарот. Гэта вельмі добры прырост, наўрад ці такі прырост есць з іншымі дзяржавамі, але патэнцыял наш значна большы».

Прэзідэнт падкрэсліў: у двухбаковых адносінах нашых краін ёсць куды расці і над чым працаваць. Аляксандр Лукашэнка дадаў, што задаволены супрацоўніцтвам па гуманітарнаму і адукацыйнаму напрамках. Так, каля паўтысячы азербайджанцаў атрымліваюць адукацыю ў Беларусі.

«Для Азербайджана нашы дзверы адчыненыя», - адзначыў кіраўнік дзяржавы. «Вы павінны ведаць, што вы для нас сябры, і мы заўсёды гатовыя пайсці вам насустрач. І нашы дамоўленасці з Ільхамам Гейдаравічам - гэта святое. Мы дамовіліся, што мы будзем іх выконваць, закрытых тэм у адносінах Азербайджана і Беларусі няма», - дадаў ён.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што адсочвае матэрыялы ў СМІ і заклікаў не звяртаць увагі на некаторыя развагі. «Асабліва пасля АДКБ. Мяне здзіўляюць гэтыя здагадкі і развагі. Мы вінаватыя самі, і наш МЗС вінаваты ў тым, што мы дастаткова выразна і дакладна не інфармавалі журналісцкую супольнасць, а праз іх - грамадства нашых краін па тэматыцы перамоваў АДКБ і гэтак далей», - сказаў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы дадаў, што ўсё ў СМІ звялося да таго, што бакі нібыта абмяркоўвалі толькі кандыдатуру будучага кіраўніка апарата АДКБ. «Так, мы абмяркоўвалі гэта пытанне, але яно заняло ў нас, напэўна, 15 хвілін. А асноўны час у нас заняло першае пытанне - знешнепалітычная сітуацыя вакол краін АДКБ», - распавёў беларускі лідар.

Паводле яго слоў, натуральна, што пры абмеркаванні знешнепалітычнай абстаноўкі закранулі і ўнутрыпалітычную, аднак гэта адбывалася выключна з падачы аднаго з кіраўнікоў дзяржаў. Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ў Беларусі не так даўно прайшлі буйныя міжнародныя мерапрыемствы - Форум рэгіёнаў, сустрэча асноўнай групы Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы. Ён адзначыў, што на саміце АДКБ у Астане сам ўздымаў гэтыя тэмы.

Што тычыцца прызначэння кіраўніка апарата АДКБ, то па гэтым пытанні ён заявіў, што варыянтаў была маса. «Гэта не значыць, што мы “пасунулі” Арменію, што хтосьці там перамог, а хтосьці прайграў. Пытанне ў тым, што Нікол Пашынян павінен ва ўрадзе разабрацца ў сітуацыі, таму што яны ўзначальваюць сёння ЕАЭС, наш эканамічны саюз, і АДКБ. Вельмі вялікая загрузка на краіну, якая знаходзіцца на пераходным перыядзе», - канстатаваў кіраўнік дзяржавы.

На яго думку, калі Нікол Пашынян разбярэцца і дасць адказ, што будзе літаральна днямі ў Санкт-Пецярбургу на сустрэчы, тады і будзе прынята рашэнне. «Усё было ў спакойным рэчышчы, ніхто там не ламаў коп'і. Сапраўды, наступная краіна па алфавіце - Беларусь. Таксама нічога дзіўнага няма. І мы павінны быць гатовыя да таго, што прапанаваць сваю кандыдатуру. У мяне тры кандыдатуры, якія я магу прапанаваць на пасаду Генеральнага сакратара АДКБ. Нічога асаблівага, не - сплялі тут цэлую кучу здагадак і размоў», - сказаў беларускі лідар.

У адказ Лаціф Гандзілаў адзначыў, што для азербайджанцаў Аляксандр Лукашэнка - гэта родны чалавек. «Наш народ вельмі вас любіць, вельмі высока вас цэніць», - адзначыў дыпламат. Ён назваў пазіцыю беларускага лідара па канфлікту ў Нагорным Карабаху крыніцай натхнення і надзеі.

Па выніках пасол распавёў журналістам, што сустрэча была звязана з маючым адбыцца візітам Прэзідэнта Азербайджана ў Беларусь. Акрамя таго, асаблівае значэнне візіту надае і 25-годдзе ўстанаўлення дыпламатычных адносін паміж нашымі дзяржавамі. Дыпламат адзначыў, што падчас візіту прадугледжваецца падпісанне парадку 10 пагадненняў па розных галінах эканомікі, па гуманітарным кірунку.

Даведка

  • Па выніках 2017 года тавараабарот паміж Беларуссю і Азербайджанам склаў 160,7 мільёна долараў (93,6 % да ўзроўню 2016 году), экспарт - 150,5 мільёна (111,1 %), імпарт - 10,2 мільёна долараў (скараціўся ў 3,5 разы). Сальда станоўчае ў памеры 140,3 мільёна долараў.
  • У студзені - верасні 2018 года тавараабарот склаў 331,5 мільёна долараў (вырас у 3,3 разы ў параўнанні з аналагічным перыядам 2017 году), экспарт - 321,9 мільёна долараў (павялічыўся ў 3,4 раза), імпарт - 9,6 мільёна долараў (140,3 %). Сальда станоўчае ў суме 312,3 мільёна долараў.
  • Аснову беларускага экспарта ў 2018 годзе забяспечылі пастаўкі спецыфічных тавараў, трактароў, седлавых цягачоў, розных відаў вагонаў, харчавання, прадукцыі дрэваапрацоўкі, збожжаўборачнай тэхнікі, лекаў.
  • Імпартаваліся палімеры этылену, ацыклічныя вуглевадароды, нафтапрадукты, спецыфічныя тавары, баваўнянае валакно, моцныя спіртныя напоі, арэхі, сухафрукты, фруктовыя і агароднінныя сокі.
  • Экспарт паслуг у 2017 годзе склаў 13,7 мільёна долараў (129,3 % да ўзроўню 2016), імпарт - 5,2 мільёна (103,2 %). Сальда станоўчае ў аб'ёме 8,5 мільёна долараў.
  • У студзені - жніўні 2018 года экспарт паслуг склаў 9,5 мільёнаў долараў (105,5 % да аналагічнага перыяду мінулага года), імпарт - 3,5 мільёна (108 %). Сальда станоўчае ў памеры 6 мільёнаў долараў.
  • У 2017 годзе ў эканоміку Беларусі прыцягнута інвестыцый з Азербайджана на суму 11,3 мільёна долараў, у тым ліку прамых - 10,7 мільёна.
  • У Азербайджане дзейнічае больш за 70 прадстаўніцтваў, даччыных прадпрыемстваў, суб'ектаў тавараправоднай сеткі і дыстрыб'ютараў беларускіх кампаній.
  • Створана зборачная вытворчасць трактароў ААТ "МТЗ", аўтамабіляў ААТ "МАЗ" і ААТ "МЗКЦ" на базе ВА "Гянджынскі аўтамабільны завод". У перыяд з 2007 года да гэтага часу сабрана больш за 10 тысяч трактароў "Беларус" розных мадыфікацый і спецыяльнай тэхнікі на іх базе, а таксама звыш 3,5 тысяч аўтамабіляў, аўтобусаў і прычэпаў МАЗ.
  • У нашай краіне функцыянуе 59 прадпрыемстваў з азербайджанскім капіталам, у тым ліку 15 сумесных і 44 замежных арганізацыі.

Уладзіслаў ЛУКАШЭВІЧ

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».