Вы тут

Як гэта было: трэці дзень Беларускага тыдня моды


Айчынныя дызайнеры прадставілі калекцыі вясна-лета 2019. Натхненне шукалі ў тэхналогіях будучага, лацінаамерыканскіх тропіках і эстэтыцы 80-х.


Калі завяршыліся Тыдні моды ў Нью-Ёрку, Парыжы і Мілане, і сусветная fashion-тусоўка суцішылася, самы час прыгледзецца да мясцовых творцаў прыгожага. Дакладней да іх свежых прац.

ETHICAL FASHION SHOW - сумесны праект адразу некалькіх беларускіх дызайнераў, якія робяць акцэнт на выкарыстанні натуральных матэрыялаў і звяртаюцца да этна-матываў, - Historia Naturalis, Poetka, Kastrama, Kanva, Lokon-Kokon.

Вялікія саламяныя завушніцы, традыцыйныя капелюшы і спадніцы з карункамі... Нарэшце ўспомнілі, што ў беларускай культуры ёсць не толькі лён, хаця і без яго на подыуме не абыйшлося.

У гэтым сезоне каманда дызайнераў кампаніі “Ледзі-тэкс”, якой належаць брэнды Devur i Femme, звярнулася да свабоднага і бунтарскага духу 80-х гадоў. Бручныя касцюмы, спалучэнне яркіх колераў накштал ружовага з чырвоным, шмат “паласатых”рэчаў. Дапоўнілі вобразы бліскучыя сумачкі і буўныя завушніцы з яркага пластыку. 

Важна, што на подыум выйшлі нестандартныя мадэлі - plus-size і ўзроставыя. Тым самым кампанія падкрэсліла, што іх адзенне створана для ўсіх жанчын без выключэння (размерны рад сапраўды – ад 42 да 60).

Віцебскі дызайнер Таццяна Яфрэмава – піянер Беларускага тыдня моды. Яе неверагоднай працаздольнасці i таленту можна толькі пазайздросціць. Маці чатырох дзяцей выпускае па дзве паўнавартасныя ўласныя калекцыі ў год. Пры гэтым кожны раз прыемна здзіўляе фантазійнасцю.

- Мне было цікава пагуляць з тэмай штучнага інтэлекту. Яна зараз ва ўсіх на слыху, ідуць спрэчкі пра тое, хто мацней, – чалавек ці тэхналогіі. Свой уласны погляд на гэта я паказала праз адзенне. Сімбіёз натуральных тканін са штучнымі – сімвалічны, - распавяла Таццяна. 

Новая калекцыя брэнда NATALIA KORZH называецца “Безымянная зорка”. Гэта і трыкатажна-вельветавая ўтульнасць з мноствам буйных дэталей – кішэняў і рэменяў, і боха-шык - летуценныя сукенкі і спадніцы з квяцістым прынтом. Глыбокія насычаныя колеры (фіялкавы, балотны, кедравы) надаюць вобразам таямнічасці, у якую хочацца хутчэй апрануцца.

Падчас працы над асноўнай лінейкай брэнда NELVA каманда брэстскіх дызайнераў пад кіраўніцтвам Аляксандра Шытко акунулася ў адвечны свет прыроды. Вынік – стрыманыя базавыя рэчы, якія можна апрануць хоць у офіс, хоць на вечарынку, разбавілі дэталі з матывамі тропікаў, леапардавым прынтом, колерамі яскравага сонца і спелых фруктаў.

Лінія адзення Friday by NELVA – адлюстраванне сучаснасці. Хуткай і зменлівай. Спорт-шык, гарадскі кэжуал, курортныя павевы раскрытыя праз рэчы простага крою. Аднымсловам, апрануў і пайшоў.

Ларыса Балунова адносіць свае рэчы да “інтэлектуальнага адзення”. Яно ўвасабляе элегантнасць і вытанчанасць, але не пазбаўлена камфорту. У калекцыі вясна-лета 2019 дызайнер трымалася лініі прастаты і спакою. Сукенкі ў пол, асіметрыя, камбінезоны і касцюмы-двойкі з шортамі складаных адзенняў ад малочнага і шэрага да сіняга і графітавага.

Дарэчы, Беларускі тыдзень моды збірае не толькі лепшых беларускіх дызайнераў, але і прыцягвае галоўных моднікаў краіны. Часам разглядваць вобразы гасцей не менш цікава, чым калекцыі.

Акрамя паказаў, у межах Беларускага тыдня моды пройдзе адукацыйны праект Belarus Fashion Forum. 16–17 лістапада для прафесіяналаў моднай індустрыі выступяць аўтарытэтныя еўрапейскія спікеры Матэа Бардзі (арт-дырэктар Green Carpet), Кідэст Тэклу (супрацоўнік сектара бавоўны, тэкстыля і адзення Міжнароднага гандлёвага цэнтра), Сімона Іраніко (акадэмік, доктар навук у галіне маркетынга) і іншыя.

Ганна КУРАК

Фота аўтара

 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».