Вы тут

Калі чакаць грып і як абараніцца ад адру


Сезон вакцынацыі ад грыпу ў разгары, і ўсім, каму прышчэпка паказана, важна не спазніцца — яе пажадана зрабіць да снежня. Тым часам эпідэмія яшчэ адной небяспечнай інфекцыі — адру — у некаторых суседніх краінах працягваецца. Медыкі расказалі, калі сёлета чакаць прыход грыпу, як абараніць сябе ад адру і чаму ад захворвання часам не выратоўваюць прышчэпкі.


З-за сёлетняга цёплага надвор'я мы менш хварэем

Узровень вострых рэспіраторных інфекцый у Беларусі зараз на 16 % ніжэйшы, чым у гэты перыяд летась.

— Зараз у нас спакойная сітуацыя з віруснымі інфекцыямі, што, магчыма, у нейкай ступені звязана з цёплым для гэтай пары надвор'ем, — адзначыла намеснік начальніка аддзела гігіены, эпідэміялогіі і прафілактыкі Міністэрства аховы здароўя Іна Карабан. — Людзі сёлета больш актыўна робяць прышчэпкі ад грыпу. Ужо вакцыянаваны 21 % насельніцтва.

Як нагадала Іна Карабан, прышчэпку трэба рабіць у цалкам здаровым стане:

— Калі прышчапіцца нават з лёгкім насмаркам, імунітэт можа не выпрацавацца і не абароніць, калі арганізм сустрэнецца з вірусам, — растлумачыла спецыяліст.

Актывізацыі віруса грыпу ў гэтым сезоне медыкі традыцыйна чакаюць у канцы студзеня — пачатку лютага. Але не выключаюць, што яна можа ссунуцца на люты — сакавік.

— Улічваючы даныя па Паўднёвым паўшар'і, дзе асаблівых усплёскаў віруса грыпу не было, не чакаецца вялікага росту захваральнасці і ў Паўночным паўшар'і, — адзначыла Іна Карабан. — Новай пандэміі ў гэтым сезоне, хутчэй за ўсё, не будзе. З іншага боку, пасля апошняй прайшло дзевяць гадоў. І калі ўлічваць той факт, што новы вірус, які і выклікае пандэмію, з'яўляецца кожныя восем-дзесяць гадоў, то варта праявіць насцярожанасць і не пагарджаць прышчэпкамі.

Загадчык кафедры дзіцячых інфекцыйных хвароб Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта Аксана Раманава падкрэсліла, што і сярод дзяцей пад'ёму захваральнасці на вострыя рэспіраторныя інфекцыі, характэрнага для гэтага перыяду, не назіраецца.

— У дзіцячай інфекцыйнай бальніцы Мінска, дзе я практыкую, росту вірусных інфекцый няма. Няма і хворых на адзёр, — паведаміла Аксана Раманава.

Адзёр не адступае

З лютага гэтага года, калі пачалі рэгістравацца першыя выпадкі адру, у Беларусі на яго захварэлі 241 чалавек ва ўсіх абласцях краіны, у тым ліку два чалавекі хварэюць зараз. Усе выпадкі заражэння — або завозныя, або кантактныя з тымі людзьмі, якія вярнуліся з-за мяжы. Хваробу прывозяць з Украіны, краін Еўропы і Егіпта.

— У суседніх краінах сёлета істотны ўздым захваральнасці. У бягучым годзе ў Еўропе зарэгістравана ўжо больш за 60 тысяч выпадкаў. Ад ускладненняў адру памерла 37 чалавек, у тым ліку 13 ва Украіне. Большасць выпадкаў была ў такіх краінах, як Сербія, Грэцыя, Італія, Францыя, Румынія, Украіна, Вялікабрытанія, Расія. Адзёр не абышоў і нашу краіну. Але выпадкі рэгістраваліся адзінкавыя, быў наладжаны пільны кантроль за ачагамі захворвання, вакцыянаваліся тыя, у каго адсутнічалі ці было недастаткова прышчэпак, — расказала Іна Карабан.

Сярод тых, хто захварэў на адзёр, 74 % не мелі прышчэпак. А вось у 26 % звесткі аб іх у амбулаторных картах былі.

— Імунная сістэма ў кожнага індывідуальная, і складана спрагназаваць, як яна адрэагуе на прышчэпку, выпрацуе ці не выпрацуе антыцелы. Да таго ж з часам імунітэт можа аслабляцца, калі прышчэпка рабілася даўно. У асноўным захворванне распаўсюджваецца сярод тых людзей, якія або ўвогуле не маюць, або маюць толькі адну прышчэпку, — растлумачыла Іна Карабан. — У выпадку з адром, калі менш за 70 % насельніцтва мае прышчэпкі, сітуацыя становіцца крытычнай.

У Польшчу не пусцяць без прышчэпак?

У суседняй Польшчы міністэрства аховы здароўя прапанавала не пускаць у краіну тых, хто не мае прышчэпак ад адру. Пакуль гэта толькі прапанова, і якое рашэнне будзе прынята, невядома, але навіна прымусіла пахвалявацца тых, хто часта падарожнічае да суседзяў. Разам з тым Іна Карабан адзначыла, што адзёр, згодна з міжнароднымі патрабаваннямі і медыка-санітарнымі правіламі, не адносіцца да настолькі небяспечных інфекцый, каб уводзіць абмежаванні на ўезд. Але кожная краіна мае права прымаць тыя меры, якія лічыць неабходнымі, каб абараніць сваіх грамадзян.

— Для нашых грамадзян гэта будзе дадатковым стымулам паклапаціцца пра сваё здароўе і зрабіць прышчэпку, — адзначыла спецыяліст.

Алена КРАВЕЦ

Загаловак у газеце: Восень — час інфекцый?

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.