Вы тут

Як беларуска Вера Хвашчынская стала найлепшай на кантыненце ў рускіх шашках


Вера Хвашчынская пачала выступаць у дарослых турнірах па шашках у 15-гадовым узросце. Першыя турніры не прыносілі ёй высокіх вынікаў, але дзяўчына ішла да сваіх мэт паэтапна, крок за крокам. Летась яна стала прызёрам чэмпіянату Еўропы на маладзёжным першынстве, а сёлета заваявала «золата» ўжо на дарослым узроўні, аўтаматычна атрымаўшы званне міжнароднага гросмайстра. Пра тое, як трапіла ў гэты від спорту, сусветных лідараў і правілы правядзення спаборніцтваў Вера расказала ў адным са сваіх рэдкіх інтэрв'ю.


— Вера, рыхтуючыся да інтэрв'ю, я знайшла ваша прозвішча ў «Вікіпедыі»...

— Здорава, я не ведала, што ёсць там. Наогул, ніколі не думала, што траплю ў «Вікіпедыю», і мэт такіх у мяне не было, я проста займаюся тым, што мне падабаецца. Да гэтага часу лічу, што шашкі для мяне больш хобі, хоць займаюся імі на прафесійнай аснове.

— Якое званне самае высокае ў вашым відзе спорту?

— Міжнародны гросмайстар. Гэта званне прысвоілі мне аўтаматычна, калі я выйграла цяперашні чэмпіянат Еўропы. У фінале абыграла шматразовую чэмпіёнку свету і Еўропы Алену Скавіціну з Малдовы. Раней мы сустракаліся на камандных чэмпіянатах, але звычайна ў нас была нічыя ці я прайгравала, а тут упершыню атрымала перамогу. Прыемна, але на самай справе мне проста пашанцавала.

— Што значыць для вас званне міжнароднага гросмайстра і якія бонусы яно дае?

— Зноў жа мэты атрымаць яго перад сабой не ставіла, мне проста падабаецца гуляць і выйграваць, а гросмайстар — гэта прыемнае дапаўненне. Асабіста для мяне яно нічога не значыць, проста прыемна. Зараз галоўнае — гуляць на гэтага гросмайстра, паказваць якасць гульні і рабіць так, каб твой узровень сапраўды адпавядаў гросмайстарскаму. Што датычыцца бонусаў, на жаль, іх няма.

— Апроч іншага, вы ўладальніца мноства еўрапейскіх тытулаў...

— На юнацкім узроўні ў мяне іх дастаткова, а вось на дарослым жаночым я ні разу не трапляла ў тройку ў «класіцы», хоць была на п'едэстале ў бліцы і хуткіх шашках. Усё ж такі, мне здаецца, класічная праграма заўсёды лічыцца больш прэстыжнай. Калі казаць пра розніцу паміж маладзёжным і дарослым узроўнямі, то яна, вядома, каласальная. Сярод дарослых гуляць нашмат складаней, хоць усе, хто выступае на маладзёжных турнірах да 26 гадоў, паспяхова ўдзельнічаюць і ў дарослых спаборніцтвах. У многіх відах спорту ўзроставы пераход не праходзіць гладка, гэтаксама было і ў мяне: першыя часы ў дарослых жаночых турнірах не атрымлівалася, і толькі пару гадоў таму я пачала займаць прызавыя месцы.

— З якога ўзросту вы сталі выступаць сярод дарослых?

— У гадоў 15—16, гэта нармальная практыка. На чэмпіянаце Беларусі сярод жанчын удзельнічаюць дзяўчаты, якім 12—13 гадоў. Наогул, трэба сказаць, што ў шашках няма ўзроставага абмежавання.

— Што можна сказаць аб сусветных лідарах і якое месца сярод іх займае наша краіна?

— Беларусь досыць вядомая ў шашках і, несумненна, з'яўляецца адным з лідараў у свеце. У нас шмат чэмпіёнаў і сярод моладзі, і сярод дарослых. Відаць, засталіся добрыя традыцыі з часоў Савецкага Саюза, добрыя настаўнікі, моцная школа.

Таксама на лідарскіх месцах у свеце сёння спартсмены з Расіі, Украіны, Малдовы. Наогул, многія цяпер гуляюць добра, на чэмпіянаце Еўропы было прадстаўлена 10 краін у жаночым турніры, на чэмпіянаце свету іх больш — 14—15.

— Раскажыце, як звычайна праходзіць ваш трэніровачны дзень?

— Рашаю камбінацыі, паўтараю або вучу дэбюты, часам гуляю з трэнерам, разбіраем нейкія пазіцыі. Што датычыцца колькасці трэніровак, то яна залежыць ад таго, ці рыхтуюся я да якога-небудзь турніру.

— Якія якасці, на ваш погляд, развіваюць шашкі?

— Перш за ўсё, вучаць разлічваць на некалькі хадоў наперад, ну і, як любы спорт, вучаць правільна ставіцца да паражэнняў.

— Апошнім навыкам вы таксама ўжо авалодалі?

— Больш памятаю, вядома, паражэнні, чым перамогі. Раней, калі была маленькая, вельмі моцна перажывала з-за іх, нават плакала. Зараз стараюся не засяроджвацца на паражэнні і проста ісці далей. Асабліва калі гэта адбываецца падчас турніру. Трэба сабрацца і гуляць далей, таму што паражэнне часам можа нічога не значыць, пасля яго ў рэшце рэшт можна выбіцца ў лідары. Трэба паспрабаваць адпусціць пройгрыш і думаць пра наступную партыю. Наогул, зараз я стараюся прасцей ставіцца і да паражэнняў, і да перамог.

— Супраць мужчын гуляеце?

— Не, не выпадала. Але ведаю, што некаторыя дзяўчаты гуляюць, гэта добра павышае ўзровень. У іх адрозніваецца стыль гульні, яны па-іншаму вядуць партыі, мне здаецца, мужчыны больш прафесійна ставяцца да таго, што адбываецца на дошцы, і да турніраў у цэлым. А жанчыны больш схільныя да эмоцый.

— Як людзі, далёкія ад спорту, рэагуюць на тое, што вы займаецеся шашкамі?

— Здзіўляюцца. Шашкі? Гэта ўвогуле спорт? Асабліва калі кажаш, што ў нас ёсць спаборніцтвы, турніры. Людзі лічаць, што гэта проста настольная гульня, расставілі шашкі ўвечары, згулялі. Многія ставяцца да гэтага несур'ёзна. Раней было не вельмі прыемна, а цяпер ужо не звяртаю на гэта ўвагі.

— Здаецца, што ўсе шашысты і шахматысты добра вучацца ў школе...

— Не ведаю, як астатнія, але ў мяне заўсёды былі праблемы з матэматыкай. Цягнула больш да такіх прадметаў, як гісторыя, грамадазнаўства. Не тое каб я адставала, але выдатніцай дакладна ў школе не была. Напэўна, усё ж такі гэта памылковае меркаванне.

— Калі глядзець за гульнёй шашыстаў збоку, здаецца, вы вельмі спакойныя людзі...

— Напэўна, гэта толькі з боку. Я таксама сканцэнтраваная за партыяй, але ў жыцці часта магу праявіць эмоцыі. На турнірах мы абмежаваныя яшчэ і пэўнымі правіламі. Напрыклад, падчас партыі нельга ні з кім размаўляць, акрамя саперніка. За гэта можна атрымаць заўвагу. Падчас ходу свайго апанента можна ўстаць, прагуляцца, перакусіць, папіць вады, але не падыходзіць блізка да іншых гульцоў, якія вядуць свае партыі.

— Наогул, як вы пачалі займацца гэтым відам спорту?

— У другім класе мама вырашыла адвесці мяне на які-небудзь гурток, так атрымалася, што ў школе ў нас былі шахматы і шашкі, вось так я прыйшла і засталася. Адразу вельмі спадабалася. Праз год у мяне ўжо былі першыя спаборніцтвы, нейкі камандны турнір, і я там прайграла вельмі шмат партый, моцна знервавалася. Родныя заўсёды падтрымлівалі мяне, хварэюць за мяне і цяпер, перажываюць. А наогул, першапачаткова мяне дзядуля навучыў гуляць, мы з ім перыядычна гулялі на нейкія шакаладкі, цукеркі.

— У іншыя настольныя гульні гуляеце?

— Не, наогул не ўмею ні ў што больш гуляць, нават у шахматы не ўмею, уяўляеце? (Смяецца.)

— Якія мэты перад сабой вы ставіце цяпер?

— Павышаць свой узровень і атрымліваць больш задавальнення ад самой гульні.

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

Фота Ганны ЗАНКАВІЧ

г. Бабруйск

Загаловак у газеце: «Гуляла з дзядулем на шакаладкі»

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.