Вы тут

Вуліцы ў Гомелі вярнулі дарэвалюцыйнае імя


Гомельскі гарадскі Савет дэпутатаў прыняў рашэнне пра змену назвы вуліцы Дзям'яна Беднага на Мікольскую. Пакуль што шыльды зменены толькі на браме пры ўваходзе ў манастыр. На дамах насупраць яшчэ значыцца «вуліца Д. Беднага».


Дарэчы, Свята-Нікольскі храм у гэтым месцы знаходзіцца больш, чым стагоддзе. Цяпер тут яшчэ і мужчынскі манастыр. Яго насельнікі нагадваюць, што імя рэвалюцыйнага паэта вуліца атрымала ў другой палове 1920-х гадоў. Мікольскай тады далі імя Дзям'яна Беднага — менавіта таму, што паэт актыўна выступаў супраць рэлігіі.

Між тым храм быў пабудаваны ў пачатку XX стагоддзя недалёка ад вакзала Палескай чыгункі. Сцвярджаюць, што благаславіў пабудову Нікольскага храма, а таксама ахвяраваў на гэтыя мэты сродкі святы Іаан Кранштацкі. Царкву будавалі з 1901 да 1904 года па праекце вядомага архітэктара Станіслава Шабунеўскага. Мікольская вуліца пачала забудоўвацца, пачынаючы ад аднайменнай царквы. Чыгуначнікі ў той час актыўна засялялі Залінейны раён. Гэтую частку горада ў народзе ведаюць пад такой назвай і сёння.

Нікольскай царкве ў Гомелі пашанцавала: яе не знеслі, як многія іншыя. Аднак у 1929 годзе храм закрылі, званіцу і купал разбурылі, а ў будынку арганізавалі склады і майстэрні. Падчас Вялікай Айчыннай вайны ён аднавіў работу і доўгі час заставаўся адзіным у абласным цэнтры, дзе ішлі набажэнствы.

Дарэчы, калі абмяркоўвалася прапанова аб вяртанні гістарычнай назвы, улічваліся і меркаванні супраць. Яны былі звязаны з тэхнічнымі пытаннямі. Жыхароў супакоілі: змены ў дакументы трэба будзе ўносіць па неабходнасці іх планавай замены, а шыльды на будынках паступова заменяць камунальныя службы.

...і перадалі будынак для крызіснага цэнтра

Тое ж рашэнне Гомельскага гарадскога Савета дэпутатаў прадугледжвае бязвыплатную перадачу будынка на вуліцы Свярдлова, 21 Гомельскай абласной арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа. Цяпер у доме будзе знаходзіцца крызісны цэнтр для людзей, якія апынуліся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі. Размова ідзе пра сацыяльную адаптацыю былых асуджаных і асоб без вызначанага месца жыхарства.

Аднапавярховы дом плошчай 99,5 квадратнага метра Чырвоны Крыж арандуе з 1997 года. Улічваючы бездакорную рэпутацыю арандатара, улады вырашылі перадаць будынак ва ўласнасць пры ўмове размяшчэння ў ім крызіснага цэнтра. Для Гомеля гэта прэцэдэнт, бо раней вывядзенне нерухомасці са складу гарадской маёмасці праходзіла толькі праз аўкцыёны.

На перапланіроўку будынка пад патрэбы цэнтра адвялі не больш за год. Выкарыстоўваць яго па іншым прызначэнні забаронена пад пагрозай адчужэння. Курыраваць рэалізацыю праекта будзе УУС Гомельскага аблвыканкама.

Ірына АСТАШКЕВІЧ

Загаловак у газеце: Правы мінулага і сучаснасці

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».