Вы тут

«Просім прабачэння і адклікаем іск»


Камерцыйная фірма з тых, што запісваюць прадаўцоў на курсы павышэння кваліфікацыі ў абмен на маўчанне пра пратэрміноўку, вырашыла спагнаць плацеж праз суд, аднак... перадумала. Чаму?


Фота носіць ілюстрацыйны характар.

Тэрміны прыдатнасці — што дышаль?

У Беларусі з'явіліся нестандартныя формы барацьбы з рэалізацыяй пратэрмінаваных прадуктаў, калі ў гандлёвую залу прыходзяць грамадзяне і мэтанакіравана шукаюць тавар са скончаным тэрмінам прыдатнасці. А калі знаходзяць, то «скідаюць маску» і са звычайных пакупнікоў ператвараюцца ў супрацоўнікаў арганізацыі па аказанні адукацыйных паслуг. Ніколькі не бянтэжачыся, яны робяць персаналу дзелавыя прапановы: мы нікуды не паведамляем аб выяўленым бязладдзі, пазбаўляючы вас ад штрафаў, вы ж ідзяце да нас на навучанне. Кошт удзелу аднаго супрацоўніка 80—100 рублёў, у той час як санстанцыя, маўляў, выставіць вам суму на парадак большую.

Змагацца з «высакародным шантажом» аказалася надзвычай складана. Па-першае, яго цяжка даказаць: нават запісы камер відэаназірання не з'яўляюцца доказам у судзе, па-другое, любая скарга гандлю натыкаецца на пытанні: 1. Чаму ў вас быў у рэалізацыі тавар з пратэрмінаваным тэрмінам прыдатнасці? 2. Чаму вы падпісалі дагавор — вас жа ніхто не прымушаў? Так, зразумела, вы апынуліся пад ціскам, але ж не пад пісталетам... Акрамя таго, прадаўцы баяцца пакаранняў кіраўніцтва і, калі ёсць магчымасць схаваць «пракол» (напрыклад, начальства не было ў гандлёвай зале), мяркуюць, што найлепш ціхенька заплаціць.

Тым не менш, нягледзячы на ўсе нюансы, кіраванне дэпартамента фінансавых расследаванняў па Мінскай вобласці і горадзе Мінску пачало праверку шасці камерцыйных структур, якія так своеасабліва абараняюць спажыўцоў. І падобных фірмаў у Беларусі ўжо больш за паўсотні — іх рэгіструюць па заяўным прынцыпе. Ды і дзёрзкасць іх дайшла да таго, што пры адсутнасці пратэрміноўкі яны яе арганізуюць: прыносяць сумнеўны тавар з сабой, абы раскруціць суб'ект на грошы.

Найлепшая абарона — наступленне

У той жа самы час, нягледзячы на абвінавачванні ў спажывецкім экстрэмізме, адна з арганізацый такога напрамку падала судовы іск да прадаўца, які не заплаціў за вучобу.

«Папалася» жанчына-адказчык яшчэ ў канцы мінулага года. Тады дзве дзяўчыны прыйшлі ў Мар'інагорскі магазін сістэмы «ДарАрз», прабілі ў касе пакецік соку і каржы для торта на агульную суму 1,49 рубля і тут жа «выявілі» ў тавара скончаны тэрмін прыдатнасці. Следам персаналу паступіла прапанова праслухаць семінар «Парадак рэалізацыі і захоўвання харчовых тавараў, якія маюць абмежаваныя тэрміны прыдатнасці», інакш... Загмага якраз не было на месцы, нявопытны прадавец спалохалася паказаных ёй «корачак» і падпісала дакументы на атрыманне «адукацыйных паслуг». Не разумеючы, дарэчы, што плаціць прыйдзецца з асабістай кішэні, а не з магазіннай выручкі.

Сума доўгу ўзрасла ў пяць разоў

Прайшло чатыры месяцы. Грашовыя сродкі, паводле афіцыйнай тэрміналогіі, у камерцыйную фірму ўсё не паступалі, і прадавец Ірына атрымала судовы іск. Пры гэтым ёй прапаноўвалася выплаціць ужо не 85 рублёў, а 170: «накапалі» працэнты. Плюс 165 рублёў — пеня і дзяржпошліна.

Працэс у судзе Партызанскага раёна Мінска (па месцы рэгістрацыі істца) пачаўся традыцыйна: з праверкі дакументаў прадстаўнікоў бакоў. Але... тут жа і скончыўся.

— Высокі суд! — падняўся са свайго месца кіраўнік прававога агенцтва Максім. — Мы правялі службовую праверку і ўстанавілі, што дагаворныя адносіны з адказчыкам сапраўды маюць месца, але адбылося ўшчамленне яго правоў. На гэтай падставе і таксама ўлічваючы, што разбіральніцтва шкодзіць нашай рэпутацыі, мы ад іскавых патрабаванняў на адрас адказчыка адмаўляемся, прыносім прабачэнні за прычыненыя нязручнасці і просім вытворчасць па справе спыніць.

Што напалохала камерсантаў

Бываюць цуды на свеце... Але ўсё-такі, што адбылося? Чаму камерцыйная фірма «выпусціла з зубоў здабычу»?

Заснавальнік (якому ўсяго 23 гады) расказаў карэспандэнту «МС» пра матывы. Дарэчы, ён лічыць такога роду бізнес не чымсьці амаральным, а, наадварот, высакародным, паколькі абараняе грамадзян ад нанясення шкоды здароўю. Па запэўненні суразмоўніка, з юрыдычнага боку таксама ўсё чыста: іх арганізацыя рэальна праводзіла семінары на базе Беларускага гандлёва-эканамічнага ўніверсітэта спажывецкай кааперацыі, што ў Гомелі. З гэтай установай у яе дагавор. Заняткі звычайна праходзілі ў форме відэа-прэзентацый, каб дапамагчы слухачам лепш засвоіць нормы ДАСТаў, БНіПаў, СТБ.

— Максім, чаму вы перадумалі?

— Таму што наша фірма зачыняецца, і хочацца хутчэй усё скончыць. Прававое агенцтва было зарэгістравана вясной 2017 года, аднак неўзабаве аказалася, што гэты від дзейнасці нерэнтабельны. За 9 месяцаў працы на разліковы рахунак арганізацыі паступіла ўсяго 14 700 рублёў, у сілу чаго сярэдняя зарплата супрацоўнікаў не перавышала чатырохсот рублёў. Я, як заснавальнік, ні разу не атрымаў прыбытку, а штат з сямі чалавек прыйшлося скараціць да трох.

Мы з Максімам яшчэ доўга абмяркоўвалі розныя нюансы, і няўдачлівы бізнесмен агучыў... іншае апраўданне такой ідэі. Маўляў, на працягу многіх гадоў у Беларусі назіраецца тэндэнцыя па скарачэнні колькасці пратэрміноўкі. Безумоўна, гэта вынік дапамогі дзяржорганам работай такіх арганізацый. Гандаль баіцца і трымціць? Ну і няхай! Затое выйграе пакупнік!

Ваўкі ў авечай шкуры?

— Зусім не згодзен, што гэтыя вымагальнікі прыносяць карысць грамадству, — абураны іх практыкай старшыня Пухавіцкай раённай арганізацыі абароны правоў спажыўцоў, член праўлення рэспубліканскага Таварыства аховы спажыўцоў Васіль Валасюк. — Ужо тры гады я дапамагаю работнікам гандлю «адбівацца» ад іх. Ад такога шантажу адна толькі шкода і больш нічога, плюс — падрыў аўтарытэту сумленных таварыстваў абароны спажыўцоў. А зніжэнне рэалізацыі тавараў са скончаным тэрмінам прыдатнасці — вынік узрослай канкурэнцыі і скарачэння нагляднай дзейнасці дзяржавы.

Два бакі медаля і дзве праўды... А што думаеце вы на гэты конт? Калі твая справа справядлівая, то ці дапушчальна пры зборы доказаў звяртацца да хітрасці?

Кампетэнтна

«Што вы робіце пры атрыманні сігналу, што ў краме выяўлена пратэрміноўка?» Гэтае пытанне мы задалі загадчыку аддзялення гігіены харчавання ДУ «Мінскі абласны цэнтр гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя» Юрыю Гузіку.

— Мы разглядаем кожны са зваротаў і даём адказ па сутнасці. Для гэтага спецыялісты тэрытарыяльнага цэнтра, у які звярнуўся грамадзянін, выязджаюць на аб'ект і праводзяць разбіральніцтва — з улікам таго, што ў Беларусі рэалізуецца палітыка лібералізацыі бізнесу, і галоўнае — не пакаранне, а папярэджанне і тлумачэнне. Пад увагу прымаецца, у тым ліку, і тое, як часта падобныя парушэнні выяўляюцца ў канкрэтнага суб'екта гаспадарання наогул. Адна справа, калі недагляд адбыўся ўпершыню, і зусім іншая, калі гэта — рэцыдыў, ды яшчэ ў вялікай колькасці. Ацэньваюцца таксама рызыкі ад выяўленага парушэння: якая колькасць людзей магла б пацярпець і наколькі. Вывучаецца дакументацыя: ці сапраўды ў краме на момант пакупкі была ў рэалізацыі прадукцыя такога вытворцы з пэўнай датай выпрацоўкі.

Намеснік старшыні Камітэта дзяржкантролю Мінскай вобласці — начальнік упраўлення Максім ШЫКО:

— Упершыню з такім пытаннем супрацоўнікі нашага камітэта сутыкнуліся падчас правядзення праверкі аднаго з магазінаў Пухавіцкага раёна, дзе былі выяўлены факты рэалізацыі прадукцыі са скончаным тэрмінам прыдатнасці. Прадаўцы нам пачалі тлумачыць, што за дадзенае парушэнне ім ужо «выпісалі» штраф. Мы зацікавіліся, як так, бо запісаў у кнізе ўліку праверак ва ўказаны дзень не было. Аказалася, па расказах персаналу, у магазін прыйшлі дзве жанчыны і пачалі правяраць тавар. Вывернулі халадзільнікі з мяснымі прадуктамі і выявілі пратэрміноўку. Пасля гэтага выпісалі штраф і паказалі нумар рахунку, на які трэба заплаціць. Супрацоўнікі ўспрымалі тое, што адбывалася, як праверку, а суму, якая падлягае аплаце, — як наступствы выяўленых парушэнняў. І толькі потым стала зразумела, што грошы, якія кожны заплаціў, — гэта не штраф, а кошт вучобы ў адным з ТАА... Дарэчы, работнікам сказалі, што наведваць заняткі не абавязкова, галоўнае — пералічыць грошы. Замест прамой прапановы набыць паслугу (наведаць адукацыйныя курсы) названыя асобы ўводзілі спажыўцоў у зман.

Пра аналагічныя факты нам таксама расказалі ў пасёлках Свіслач, Рудзенск, Маладзечанскім раёне. Гандлёвыя аб'екты наведвалі (з нарыхтаванымі бланкамі дагавораў) і звычайныя на выгляд «пакупнікі», і прадстаўнічыя мужчыны на дарагім аўтамабілі з пасведчаннямі чырвонага колеру. Якія, дарэчы, шкада, што ніхто не здагадаўся сфатаграфаваць на смартфон... Інфармацыя пра такі від дзейнасці была накіравана ў органы ўнутраных спраў і пракуратуру вобласці.

Ніна ЯНОВІЧ

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».