Вы тут

Чаму змагацца з алергіяй трэба ўвосень


Найбольш дзейсным метадам барацьбы з алергіяй лічыцца сёння алергенспецыфічная імунатэрапія (АСІТ). Позняя восень — самы час, каб пачаць такое лячэнне. Метад АСІТ упершыню прымянілі яшчэ ў 1911 годзе. Аднак і сёння ён застаецца адзіным, які здольны ўздзейнічаць на асноўную прычыну алергіі — няправільную рэакцыю імунітэту на тыя ці іншыя рэчывы. Падрабязней пра тое, каму падыходзіць гэты метад і чаму лячэнне алергіі варта пачынаць як мага раней, расказала ўрач-алерголаг 2-й цэнтральнай раённай клінічнай паліклінікі г. Мінска Алена ЧАЛЕЙ.


— АСІТ — гэта лячэнне падобнага падобным. Калі алергія на пыл, значыць, лечым яе нарастаючай дозай пылу, — тлумачыць Алена Іванаўна. — Калі алергія на цвіценне дрэў ці красаванне злакаў, адпаведна, уздзейнічаем пылком дрэў ці злакаў. Зараз нават прымяняецца такое лячэнне ў выпадку алергіі на шэрсць катоў і сабак. Пацыенту робяцца ін'екцыі з выцяжкай адпаведнага алергена.

— Але бывае даволі няпроста вызначыць, на што ў нас алергія...

— Існуе чатыры асноўныя віды алергенаў: пыл, злакі, цвітучыя дрэвы, палын. А таксама шэрсць катоў. Звычайна пацыент сам ведае, на што ў яго алергія. Калі ён кажа, што не можа знаходзіцца ў доме, дзе шмат кніг, гэта яўна сведчыць пра алергію на пыл. Іншы кажа, што памячае чорным дні з канца мая па канец чэрвеня — гэта час, калі цвітуць злакі. 80 % алергічнага дыягназу — гэта расказ пацыента. Пробы, безумоўна, робяцца, і яны даюць магчымасць упэўніцца, што мы ўсё зразумелі правільна. І дазваляюць падабраць далейшую тактыку лячэння: у залежнасці ад таго, якая будзе рэактыўнасць, мы будзем падбіраць індывідуальную схему АСІТ.

— Чаму лячэнне варта пачынаць восенню?

— Як правіла, яно пачынаецца восенню, бо доўжыцца паўгода і вясной яго трэба перапыніць. Гэта ін'екцыі расійскімі прэпаратамі. Уводзіць іх у сезон цвіцення небяспечна, таму на лета робіцца перапынак, а восенню лячэнне аднаўляецца. У сярэднім яно доўжыцца тры-пяць гадоў. Але зараз на рынку, у тым ліку і на нашым, з'явіліся кроплі, спрэі, таблеткі, якія можна прымаць круглы год. Лічыцца, што такі бесперапынны курс алергенаў на працягу ўсяго года больш карысны для арганізма, да таго ж не трэба хадзіць да доктара, як у выпадку з ін'екцыямі. Як правіла, гэта адна доза спрэю ці кропляў у дзень. Але тут патрабуецца высокі ўзровень самаарганізацыі ад пацыента — не забываць штодзень прымяняць прэпарат.

— Вы сказалі, што цяпер ёсць і лячэнне супраць алергіі на шэрсць катоў...

— Ад алергіі на каціную шэрсць, асабліва ў дзіцячым узросце, можа пачацца бранхіяльная астма. Лячыць гэту алергію вельмі важна, бо вакол нас шмат кашатнікаў. Часта дзіця расказвае, што задыхаецца ў класе. Здавалася б, чаму менавіта там? Аказваецца, што ў паловы аднакласнікаў дома ёсць каты. Гэтак жа хтосьці задыхаецца ў агульным тамбуры ў калідоры, бо ў суседзяў жыве кот. Лічыцца, што, па-першае, гэта «злосны» алерген, а па-другое, ён часта сустракаецца. Да таго ж лячэнне часам ідзе праблематычна, ёсць і пабочныя рэакцыі. Прычым менавіта ў дзяцей першыя праявы астмы часта пачынаюцца ў вёсцы ці на дачы: прысутнасць катоў, сабак, пыл — і дзеці пачынаюць задыхацца. Але, калі своечасова пачаць лячэнне, гіперактыўнасць бронхаў сыдзе, хвароба адступіць, не будзе патрэбы ні ў інгалятарах, ні ў іншых прэпаратах. Дастаткова палячыцца метадам АСІТ.

— Наколькі хапае эфекту такога лячэння?

— У дзяцей яно дае самы доўгі вынік — перыяд рэмісіі доўжыцца 10—15 гадоў, што датычыцца палінозаў. У дарослых — 5—7 гадоў. Але гэтыя гады для нашых пацыентаў — залаты час. Бо з алергіяй якасць жыцця вельмі зніжаецца: не дыхае нос, чырвоныя ацёчныя вочы, некаторыя могуць спаць толькі высока падклаўшы падушку — амаль седзячы. Асабліва цяжка, калі сезон алергіі доўжыцца ўсё лета. Па бранхіяльнай астме вельмі добры вынік: нават у дарослых перыяд рэмісіі 10—15 гадоў. Таму пакуль дзіця не назапасіла іншых балячак, лячэнне метадам АСІТ дае добры эфект.

— Каму паказана лячэнне? Ці кожнаму яно падыходзіць?

— Яно паказана ў тых выпадках, калі хвароба моцна ўплывае на якасць жыцця. Калі алергія пацыента толькі ў тым, што ён чхнуў некалькі разоў, навошта яго лячыць? Калі на працягу двух-трох гадоў мы назіраем дынаміку з нарастаннем, калі ўсё, скажам, пачыналася з чхання, а потым пайшлі прыступы ўдушша, зразумела, патрабуецца лячэнне. Гэта датычыцца і сітуацый, калі хворы не можа есці нейкія прадукты. Пры пылковай алергіі немагчыма ўжываць костачкавыя: яблыкі, грушы, абрыкосы, персікі — усё тое, што расце на дрэвах. Гэта ўжо сігнал, што далей будзе яшчэ горш. Алергія, калі яе не лячыць, мае ўласцівасць пашырацца ў шырыню і ў глыбіню. У шырыню, калі адзін алерген зачэплівае другі, напрыклад, цвітучыя дрэвы чапляюць палын, і ў часе гэта расцягваецца з ліпеня да жніўня. А ў глыбіню, калі паліноз пераходзіць у астму.

У АСІТа, як і ў многіх метадаў лячэння, ёсць супрацьпаказанні. Гэта пэўныя спадарожныя паталогіі, якія лечацца сур'ёзнымі прэпаратамі, сістэмныя захворванні, хваробы крыві, напрыклад. Маюцца і ўзроставыя абмежаванні: па міжнародных рэкамендацыях яго мэтазгодна прымяняць да 55—60 гадоў. Але калі пацыент у 65 гадоў адносна здаровы, можна выкарыстоўваць АСІТ. Канешне, гэты метад найбольш эфектыўны, калі алергенаў мала і арганізм малады. Чым большы ўзрост, тым больш хвароб. Тая ж артэрыяльная гіпертэнзія можа быць ужо ў 30 з невялікім. А кожная ін'екцыя — гэта маленькі стрэс, як і кожны паход да ўрача. Сам па сабе АСІТ не можа павышаць ціск, а вось эмацыянальны фон пры гэтым на яго ўплывае.

— Гэта дарагое лячэнне?

— Ін'екцыі расійскімі прэпаратамі, іх каля 50, бясплатныя для пацыента. Гэта лячэбныя рэактывы, якія нельга набыць у аптэцы, іх закупляюць для паліклінік. Зараз з'явіліся іх імпартныя аналагі, яны прадаюцца ў аптэцы па рэцэпце, як і спрэі, і іх не 50, а ўсяго шэсць. Але і яны ўводзяцца таксама ў паліклініцы пад кантролем урача. Не ўсе пацыенты пагаджаюцца ездзіць у паліклініку і рабіць 50 уколаў. Многія лічаць свой час і грошы і выбіраюць платны варыянт. Шэсць ін'екцый каштуюць больш за 300 еўра. Спрэі на год каштуюць, дарэчы, прыкладна столькі ж.

— Як можна атрымаць накіраванне на АСІТ?

— Як правіла, да алерголагаў пацыентаў пасля мінімальнага абследавання накіроўвае тэрапеўт. А ўвосень мы запрашаем такіх хворых на лячэнне.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».