Вы тут

Міхаіл Мясніковіч наведаў ЗТАА «Омск Карбон Магілёў»


Старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Міхаіл Мясніковіч наведаў у Магілёве інавацыйную вытворчасць — ЗТАА "Омск Карбон Магілёў", дзе яму прадэманстравалі доследны ўзор атрыманага тут тэхнічнага вугляроду.


Прадукту, які афіцыйна кваліфікаваны ў Еўрасаюзе як нанапрадукт. Пакуль на прадпрыемстве вядуцца пусканаладачныя работы, але якасць першых 38 тон тэхнічнага вугляроду, якія атрыманы пры наладцы абсталявання, спецыялісты ацэньваюць вельмі высока.

— Мы можам смела заявіць, што прадпрыемства працуе і мы гатовыя забяспечыць высокаканкурэнтнай прадукцыяй усе сучасныя вытворчасці, у тым ліку нашага галоўнага партнёра — "Белшыну", — адзначыў старшыня савета дырэктараў ТАА "Омсктэхвуглярод" Валерый КАПЛУНАТ.

Прадукцыя з'яўляецца экспартаарыентаванай і імпартазамяшчальнай, да 30 % плануецца пастаўляць на "Белшыну" ў Бабруйск. Дарэчы, патрэбы гэтага прадпрыемства ў тэхвугляродзе складаюць 60 тысяч тон у год. Магутнасці ж новага вытворцы разлічаны на выпуск 200 тысяч тон прадукцыі ў год. З наступнага года прадпрыемства ўжо пачне нарошчваць тэмпы і хутка зможа цалкам вырашыць імпартную залежнасць краіны ў тэхвугляродзе, без якога, як вядома, немагчыма вытворчасць шын, гумава-тэхнічных вырабаў, пластыкаў, палімераў, штучных валокнаў.

Тэхнічны ўзровень прадпрыемства ўражвае. Дастаткова пабываць у лабараторыі па кантролі якасці, якая працуе ў адпаведнасці з міжнароднымі патрабаваннямі. Высокая дакладнасць дасягаецца за кошт сучаснага высокатэхналагічнага абсталявання, вымярэнні вядуцца ў анлайн-рэжыме.

Спікер беларускага парламента падкрэсліў, што "Омск Карбон Магілёў" суперінавацыйнае прадпрыемства, якое адкрывае новыя магчымасці для беларускай эканомікі:

— Гэта пяты тэхналагічны ўклад, хацелася б, каб такіх прадпрыемстваў было як мага болей. Мы можам казаць пра нанатэхналогіі на гэтым прадпрыемстве і атрымліваць адмысловыя дабаўкі для лакафарбавай прамысловасці, цэментнай прамысловасці, асфальтабетонаў непасрэдна як нанаструктуры. Дзяржаўная праграма, якая была прынятая па інавацыйныі развіцці на 2016—2020 гады, магла быць больш амбіцыйнай. Ёсць думкі пра тое, як стымуляваць і матываваць вытворчасць. Тут патрэбны новыя падыходы, і адзін з іх — спецінвесткантракт, калі дзяржава разам з вытворцамі і навукай бярэ пэўныя рызыкі, мінімізуе іх для таго, каб вывесці цалкам новы тавар на рынак.

Пакуль на прадпрыемстве працуе каля 200 чалавек, але ў будучыні колькасць павялічыцца да 450 работнікаў. Начальнік службы кіравання персаналам Святлана Баброва працуе на прадпрыемстве з лютага, кажа, што перад тым, як працаўладкавацца, яна прайшла сур'ёзны іспыт на адпаведнасць прафесіі. Зараз востра стаіць патрэба ў спецыялістах, якіх дэфіцыт у краіне. Тых жа апаратчыкаў для атрымання тэхвугляроду, апаратчыкаў ушчыльнення тэхвугляроду. І прадпрыемства рыхтуе іх пакуль з дапамогай вучэбнага цэнтра ЖКГ.

Падчас знаёмства з новай вытворчасцю Міхаіл Мясніковіч таксама закрануў тэму падрыхтоўкі кадраў:

— Прадпрыемства высокатэхналагічнае, навукаёмістае, шмат у чым больш канкурэнтаздольнае, чым аналагічныя прадпрыемствы заходніх кампаній. Зараз ідзе падбор кадраў і трэба на базе Беларускага тэхналагічнага і магілёўскага Беларуска-Расійскага ўніверсітэтаў рыхтаваць сваіх інжынерна-тэхнічных спецыялістаў. Неабходна асвойваць новы напрамак развіцця прамысловасці Беларусі.

Старшыня Савета Рэспублікі наведаў у Магілёве яшчэ адно арыентаванае на інавацыі прадпрыемства — ААТ "Магілёўхімвалакно". Ён лічыць, што ў айчыннай хімічнай галіны добрая перспектыва:

— Тыя вырабы, якія рабіліся калісьці, ужо неканкурэнтаздольныя. Калі не займацца сур'ёзна хімічнымі валокнамі, мы можам страціць гэтую галіну. Мы пакуль ствараем толькі адно звяно ў складаным ланцужку хімічнага сінтэзу. Тое, што робіцца на "Магілёўхімвалакне", цудоўна. Гэта высокаканкурэнтная вытворчасць, якая будзе забяспечваць і Светлагорск, і сябе новай прадукцыяй і , безумоўна, пастаўляць яе на экспарт. Але гэтага недастаткова. Павінен быць нацыянальны праект, які дазволіць ствараць шматлікія тавары хімічнага сінтэзу ў Беларусі. Для эканомікі краіны закупляецца палімераў у сярэднім на два мільярды долараў, але тыя даследаванні, якія зрабілі нашыя вучоныя, сведчаць пра магчымасці стварэння тут сур'ёзнага імпартазамяшчэння, прыкладна працэнтаў на пяцьдзясят. Патрэбны вялікія інвестыцыі, але шмат якія дзяржавы стымулююць развіццё хіміі, каб быць самадастатковымі. І калі ўжо нешта будаваць, то не даганяючую вытворчасць, а працаваць на апярэджанне. Пры гэтым павінен быць вельмі магутны сінтэз навукі і вытворчасці. У гэтую галіну трэба актыўна ўцягваць замежных інвестараў, хай лепей яны будуць нашымі партнёрамі, а не канкурэнтамі. У выніку мы будзем мець доступ да новых тэхналогій, рынкаў, інфармацыі.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.