Вы тут

Прэзідэнт: Мы не размяшчаем расійскую ваенную базу, бо яна тут не патрэбна


Пра гэта Аляксандр Лукашэнка заявіў на сустрэчы з групай амерыканскіх аналітыкаў.


Будуем раўнапраўны дыялог з усімі

Спачатку кіраўнік дзяржавы адзначыў, што хтосьці наведвае Беларусь упершыню, хтосьці быў раней, а хтосьці ўжо стаў у нашай краіне частым госцем. "Гэтая сустрэча важная не толькі для беларуска-амерыканскіх адносін, але і для ўсяго еўрапейскага рэгіёна ў цэлым", - падкрэсліў ён.

Беларускі лідар дадаў, што прысутныя на сустрэчы - прафесійныя аналітыкі, якія валодаюць не толькі ведамі, але і практычным вопытам.

Паводле яго слоў, у цяперашні час ваенна-палітычная сітуацыя ва Усходняй Еўропе застаецца вельмі няпростай - і, на жаль, са становішча, якое склалася, няма відавочнага выйсця.

"Палітыкі, якія знаходзяцца ў палоне сваёй рыторыкі, не могуць дамовіцца. Вайскоўцы, як заўсёды, спадзяюцца на лепшае, але вымушаны рыхтавацца да горшага. І ў гэты ж час зусім побач, ва Украіне гінуць людзі, - сказаў Прэзідэнт. - Ваш цяперашні статус і фармат нашай сустрэчы дазваляюць адкрыта абмеркаваць галоўныя праблемы нашага рэгіёна".

Аляксандр Лукашэнка пазначыў некалькі ключавых тэзісаў, на якіх варта спыніцца. Беларускі лідар нагадаў, што Беларусь - гэта маладая суверэнная дзяржава, якая праводзіць самастойную знешнюю палітыку і мае ўзважаную прагматычную пазіцыю па шырокім спектры праблемных пытанняў міжнароднай бяспекі.

"Аднаўляючы нармальныя адносіны з ЗША, падтрымліваючы добрасуседскія сувязі з Еўрапейскім саюзам, пашыраючы партнёрства з НАТА, Беларусь імкнецца да выбудоўвання раўнапраўнага дыялогу з усімі, - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. - Мы выступаем за павышэнне адкрытасці і развіццё ўзаемаразумення ў рамках умацавання рэгіянальнай бяспекі".

Ён дадаў, што Беларусь значную ўвагу аддае праблемным пытанням з дзяржавамі-суседзямі. Гаворка ідзе як пра краіны - члены НАТА, так і пра тых, хто не ўваходзіць у склад Альянсу.

Прэзідэнт падкрэсліў: наша краіна знаходзіцца паміж двума найбуйнейшымі цэнтрамі сілы. "Вам як экспертам не толькі ў сферы знешняй палітыкі, але і ў ваенна-палітычных пытаннях не трэба тлумачыць, чым можа пагражаць нам любая ваенная канфрантацыя паміж Захадам і Усходам, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Наша краіна катэгарычна не зацікаўлена ў канфліктах - ні ў "гарачых", ні ў "замарожаных". Ні ў суседзяў, ні тым больш на сваёй тэрыторыі".

На думку беларускага лідара, ваенная дактрына Беларусі мае выключна абарончы характар. "Мной не раз адзначалася, што з нашага боку ніколі не будзе зыходзіць пагроза суседзям", - дадаў ён.

Калі спатрэбіцца, то звернемся самі

Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што Беларусь знаходзіцца ў ваенным саюзе з Расіяй, у якой адносіны з Захадам цяпер, мякка кажучы, не самыя лепшыя. Тым не менш на тэрыторыі Беларусі да гэтага часу няма ніякіх баз іншых дзяржаў.

"Вельмі часта абмяркоўваецца праблема расійскай базы на тэрыторыі Беларусі. Паслухайце, надуманая праблема!" - падкрэсліў ён.

Прэзідэнт зноў адзначыў, што будзе ў Беларусі база ці не - розніцы няма ніякай. База не размяшчаецца ў нашай краіне не таму, што Беларусь хоча камусьці паказаць, што яна суверэнная і незалежная, або камусьці дагадзіць. "Мы яе не размяшчаем, таму што яна тут не патрэбна. Мы самі, па нашай задуме, па нашым ваенным абарончым плане з Расійскай Федэрацыяй забяспечым тыя функцыі, якія на нас ускладзены", - сказаў ён.

Больш за тое, дадаў Прэзідэнт, беларускія вайскоўцы ў стане больш эфектыўна супрацьстаяць, калі трэба, любой агрэсіі і канфлікту на тэрыторыі Беларусі, паколькі яны знаходзяцца на сваёй зямлі. Таму яны здольныя зрабіць гэта лепш, чым хто-небудзь. Калі б наша краіна не магла сябе абараніць, то Беларусь самастойна звярнулася б да Расіі, каб яны гарантавалі бяспеку. "Пакуль такой неабходнасці ў нас няма", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Аднак беларускі лідар звярнуў увагу, што калі НАТА працягне запалохваць Беларусь, напрыклад, размяшчэннем ваеннай базы ЗША ў Польшчы, то нашай краіне будзе трэба больш эфектыўнае ўзбраенне, перш за ўсё ракетнае. Ён адзначыў, што ў нашай краіне створана ракетная прамысловасць і высокадакладнае ракетнае ўзбраенне. "Таму на сённяшні дзень я нават не бачу нейкай неабходнасці ў прыцягненні іншай дзяржавы на тэрыторыю Беларусі, у тым ліку і Расіі, для выканання, падкрэсліваю, нашых функцый па дагаворы з Расіяй, - заявіў ён. - Вось чаму мы катэгарычна супраць размяшчэння, тым больш базы ваенна-паветраных сіл".

Аляксандр Лукашэнка растлумачыў, што час падлёту самалёта з тэрыторыі Расіі пры неабходнасці - 3-5 хвілін. Навошта ў такім выпадку тут база? Навошта падстаўляцца пад удар магчымага агрэсара, высоўваючы базу на перадавую? Усе гэтыя пытанні кіраўнік дзяржавы адрасаваў прысутным і дадаў, што адна-дзве ракеты лёгка знішчаць узлётна-пасадачную паласу, пасля чаго не ўзляціць ні адзін самалёт.

"Я хачу вам шчыра сказаць: гэта не размовы пра базу Расіі, а проста балбатня. Гэта проста нейкі піяр непатрэбны. З пункту гледжання практычнага ў гэтым няма ніякай неабходнасці. Трэба будзе, яшчэ раз падкрэсліваю, мы пра гэта скажам голасна", - дадаў Прэзідэнт.

Магчымы канфлікт адаб'ецца і на нас

"Разумеючы, што наша бяспека наўпрост залежыць ад сітуацыі вакол нас, мы, вядома ж, робім намаганні, каб стабілізаваць рэгіянальную абстаноўку, а не "разгойдваць" яе, не напружваць. У цяперашніх умовах любыя дзеянні, якія парушаюць далікатны статус-кво ў рэгіёне, тояць у сабе чарговы віток эскалацыі, які абавязкова закране і нашу краіну. Мы ўбаку ніколі не будзем, калі тут паўстане нейкі канфлікт", - адзначыў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў: Беларусь  - еўрапейская дзяржава, якая зацікаўлена ў моцнай і адзінай Еўропе, у дужым трансатлантычным партнёрстве. "Мы ўпэўнены, што ад згуртаванасці краін у рэгіёне і захавання ваенна-палітычнай ролі ЗША ў еўрапейскіх справах залежыць бяспека ўсяго кантынента. І тут мы не перабольшваем: без Амерыкі мы, на жаль, не вырашым ні адно пытанне, у тым ліку і ўкраінскі канфлікт", - дадаў ён.

Беларускі лідар прапанаваў прысутным пагаварыць адкрыта, задаваць адзін аднаму самыя смелыя і нават нечаканыя пытанні. Ён выказаў надзею, што гэтая гутарка дапаможа зразумець наша бачанне той складанай ваенна-палітычнай сітуацыі, якая ёсць у цэнтры Еўропы.

"Таксама разлічваю, што вашыя каментарыі дазволяць нам разабрацца ў падыходах заходняга свету, перш за ўсё ЗША і НАТА, да нашай краіны і рэгіёна ў цэлым, - сказаў Прэзідэнт. - Калі па выніках сустрэчы мы хоць крыху наблізімся да лепшага разумення адно аднаго, можна будзе смела сказаць, што мы з вамі выканалі сваю місію".

Уладзіслаў ЛУКАШЭВІЧ

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».