Зніжкі ці дысконтныя карткі для пажылых, каб зрабіць для іх больш даступнымі заняткі спортам ці паходы на культурныя мерапрыемствы. Пажылыя валанцёры, якія будуць адведваць такіх жа пенсіянераў, як і яны самі, калі тыя не могуць выйсці на вуліцу. Гэтыя і іншыя кірункі работы са старымі з мэтай захаваць у іх зацікаўленасць да жыцця плануецца рэалізоўваць у Беларусі ў межах стратэгіі актыўнага даўгалецця.
Дэмаграфічныя працэсы ў нашай краіне не адрозніваюцца ад аналагічных працэсаў у еўрапейскіх дзяржавах. Працягласць жыцця расце, аднак паўстаюць новыя сацыяльныя праблемы, якія трэба вырашаць. Гэта і пашырэнне сацыяльных паслуг для пажылых, і садзейнічанне актыўнаму даўгалеццю, і клопат пра інвалідаў. І вырашаць праблемы дзяржаўным і прыватным арганізацыям трэба супольна.
— Міжсектаральнае супрацоўніцтва ў сферы сацыяльнай падтрымкі насельніцтва ўжо працуе. З дапамогай нямецкіх калег мы ўкаранілі ў наша заканадаўства дзяржаўны сацыяльны заказ. І сёлета ўжо рэалізуецца 84 дагаворы, хоць пачыналі мы ў 2014-м з 34 дагавораў. 14 недзяржаўных арганізацый супрацоўнічаюць з Чырвоным крыжам, — заўважыў Аляксандр РУМАК, намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны падчас Рэспубліканскага сацыяльнага форуму, на які чацвёрты раз сабраліся эксперты з розных куткоў Беларусі і Германіі, каб абмеркаваць шляхі пабудовы гуманнага інклюзіўнага грамадства.
З гэтага года запрацавала такая форма сацпаслуг, як замяшчальная сям'я для адзінокіх пажылых, якім патрэбна дапамога. Ужо 28 сем'яў заключылі дагаворы і ўзялі да сябе такога старога для сумеснага жыцця. «У 80—90 гадоў чалавек атрымлівае для сябе новую сям'ю. І гэта самая лепшая форма сацыяльнай падтрымкі. Таму што чалавек кожны дзень жыве з людзьмі, якія сталі яму роднымі, не ведае клопату», — дадаў намеснік міністра.
Ён таксама адзначыў, што пажылым трэба даваць магчымасць працаваць і далей. Мабыць, варта прапаноўваць ім праходзіць перападрыхтоўку па іншых спецыяльнасцях.
Важна ствараць пляцоўкі, дзе пажылыя маглі б праводзіць вольны час, сустракаючыся адно з адным. А для грамадзян з дыягназам дэменцыя, большасць якіх пражывае дома, а не ў сацыяльных установах, трэба развіваць паслугі суправаджальнага пражывання, упэўнены Аляксандр Румак. Дапамогу такога роду, дарэчы, атрымліваюць больш як 90 тысяч пажылых беларусаў, у тым ліку і людзі, якія пакутуюць на дэменцыю.
— Трэба даць магчымасць пенсіянерам і інвалідам арганізаваць сваё жыццё так, як яны хочуць, не звяртаючыся да стацыянарнага сацыяльнага абслугоўвання. Мы працуем над стварэннем альтэрнатыўных формаў, каб чалавек займеў падтрымку ў тым месцы, дзе ён хоча жыць, — падкрэсліў намеснік міністра.
Ірына СІДАРОК
Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.
Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».