Вы тут

З лістапада пенсіі павышаны трэці раз за год


Ці плануецца пераглядаць мінімальны страхавы стаж, неабходны для прызначэння працоўнай пенсіі? А як наконт перагляду пенсійнага ўзросту? І што рабіць работнікам тых арганізацый, якія недаплацілі ўзносы ў ФСАН? Як можна рэальна паўплываць на такія прадпрыемствы? На гэтыя і іншыя пытанні адказалі прадстаўнікі Мінпрацы і сацабароны ў ходзе нядаўняй анлайн-канферэнцыі. Самыя цікавыя адказы — у гэтай публікацыі.


 

Мінімальны страхавы стаж застаецца без змен

— У маі гэтага года паведамлялі, што ў Беларусі 3,6 тысячы чалавек не выпрацавалі страхавы стаж, таму не атрымліваюць працоўную пенсію, а толькі сацыяльную. Колькі цяпер у краіне налічваецца такіх людзей? На якую матэрыяльную падтрымку яны могуць разлічваць?

Намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Валерый КАВАЛЬКОЎ:

— Колькасць гэтых людзей засталася на ранейшым узроўні. Адным з інстытутаў матэрыяльнай падтрымкі грамадзян з'яўляецца дзяржаўная адрасная сацыяльная дапамога. Па пытанні яе аказання неабходна звяртацца ва ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне.

— Ці плануецца ў Беларусі пераглядаць мінімальны страхавы стаж, неабходны для прызначэння працоўнай пенсіі? І ці ёсць намер перагледзець пенсійны ўзрост у бок паніжэння або павышэння? Напрыклад, у Польшчы і Італіі яго панізілі...

— Перыяд фарміравання пенсійных правоў не павінен быць меншы за перыяд атрымання пенсійных выплат. Устаноўленая працягласць перыяду выплаты ўзносаў на пенсійнае страхаванне (з 16 гадоў 6 месяцаў у 2018 годзе да 20 гадоў да 2025 года) не перавышае сярэдні перыяд выплаты пенсій. Пытанне аб павелічэнні мінімальнага перыяду выплаты страхавых узносаў для фарміравання пенсійных правоў не прапрацоўваецца. Не разглядаецца і пытанне аб змене прынятага рашэння аб павышэнні пенсійнага ўзросту. Пры гэтым адзначу, што пенсійны ўзрост нават пасля яго павелічэння да 58 гадоў для жанчын і 63 гадоў для мужчын не перавысіць такі ў Польшчы і Італіі.

— Ёсць меркаванне, што самыя высокія пенсіі ў былых дзяржслужачых і вайскоўцаў. Гэта насамрэч так? Якія сярэднія памеры пенсій цяпер у дзяржслужачых і вайскоўцаў?

Начальнік упраўлення арганізацыі пенсійнага забеспячэння галоўнага ўпраўлення пенсійнага забеспячэння Мінпрацы і сацабароны Алена ДРОНАВА:

— Мінпрацы не мае даных аб пенсіях ваеннаслужачых. Што датычыцца дзяржслужачых, то іх пенсіі за выслугу гадоў крыху вышэйшыя за пенсіі па ўзросце на агульных падставах. Больш высокая пенсія — гэта пэўная кампенсацыя тых абмежаванняў, якія ўстаноўлены для іх у перыяд праходжання дзяржаўнай службы.

— Мне 58 гадоў, атрымліваю пенсію за выслугу гадоў дзяржслужачага. Планую выйсці на работу па працоўным дагаворы, не на дзяржслужбу. Ці будзе мне пры гэтым выплачвацца пенсія за выслугу гадоў?

Алена Дронава:

— Не, не будзе. У перыяд работы па працоўным дагаворы (кантракце) або прадпрымальніцкай дзейнасці выплата пенсіі за выслугу гадоў дзяржслужачага прыпыняецца. Паколькі вы дасягнулі агульнаўстаноўленага пенсійнага ўзросту, у вас у перыяд работы ёсць магчымасць атрымання пенсіі па ўзросце. Па пытанні пераходу на пенсію па ўзросце вам неабходна звярнуцца ва ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне з адпаведнай заявай.

Звяртаем вашу ўвагу, што ў любым выпадку вы абавязаны інфармаваць упраўленне аб сваім працаўладкаванні.

Запазычанасць у ФСАН — 30,4 мільёна рублеў

— Мінфін раней прапаноўваў знізіць нагрузкі па ўзносах у ФСАН для прадпрыемстваў. Ці падтрымлівае Мінпрацы дадзеную прапанову?

Валерый Кавалькоў:

— Нягледзячы на праведзеныя пераразлікі пенсій, падтрымка рэспубліканскага бюджэту ў больш высокім памеры, чым гэта прадугледжана ў законе аб бюджэце фонду сацыяльнай абароны насельніцтва, не спатрэбіцца. Бюджэт фонду будзе выкананы з прафіцытам па сродках прафесійнага пенсійнага страхавання. Перагляд памераў страхавых узносаў у цяперашні час не плануецца.

— Што рабіць работнікам перадпенсійнага ўзросту тых арганізацый, якія недаплацілі ўзносы ў ФСАН? Яны рызыкуюць не атрымаць частку пенсіі. Колькі ў Беларусі такіх людзей, якія з-за даўгоў прадпрыемстваў, не плацілі ўзносы ў ФСАН?

Начальнік галоўнага ўпраўлення пенсійнага забеспячэння Мінпрацы і сацабароны Наталля МУРАШКЕВІЧ:

— Прадпрыемствы, якія маюць запазычанасць па плацяжах у ФСАН, прадстаўляючы работніка на пенсію, як правіла, адшукваюць сродкі для пагашэння запазычанасці ў дачыненні да гэтага работніка. Гэта дазваляе пры прызначэнні пенсіі залічыць увесь працоўны стаж і заробак, з якога выплачаны ўзносы. Праблемнымі з'яўляюцца сітуацыі, калі наймальнік ліквідаваны. У гэтым выпадку перыяд работы, за які ўзносы не выплачаны, не можа быць улічаны пры прызначэнні пенсіі.

— Як рэальна можна ўплываць на неплацельшчыкаў і даўжнікоў па ўзносах у ФСАН? І ці шмат такіх сёння? Як гэта ўплывае на выплату пенсій і дапамог?

Валерый Кавалькоў:

— Па стане на 1 кастрычніка гэтага года 1744 юрыдычныя асобы, якія ажыццяўляюць дзейнасць, дапусцілі запазычанасці па плацяжах у бюджэт фонду ў суме 30,4 мільёна рублёў.

Органамі фонду ў дачыненні да прадпрыемстваў-даўжнікоў прымяняюцца наступныя меры ўздзеяння:

прыпыняюцца аперацыі па бягучых (разліковых) банкаўскіх рахунках неплацельшчыкаў;

прад'яўляюцца аплатныя патрабаванні на спагнанне запазычанасці з бягучых (разліковых) банкаўскіх рахункаў даўжнікоў і іх дэбітораў у бясспрэчным парадку.

На суму ўзносаў, не выплачаную ва ўстаноўлены тэрмін у бюджэт фонду, за кожны дзень пратэрміноўкі налічваецца пеня ў памеры 1/360 стаўкі рэфінансавання Нацбанка, якая дзейнічае на дзень выплаты ўзносаў;

нядбайныя плацельшчыкі прыцягваюцца да адміністрацыйнай адказнасці, прычым прыцягваецца як кіраўнік (службовая асоба), так і само прадпрыемства або індывідуальны прадпрымальнік. Санкцыі гэтага артыкула прадугледжваюць накладанне штрафу на кіраўніка (службовую асобу) у памеры ад 2 да 20 базавых велічынь (ад 49 да 490 рублёў), а на прадпрыемства альбо ІП — у памеры 20 % ад сумы нявыплачаных узносаў.

Што датычыцца непасрэдна работніка, то яму ў першую чаргу неабходна цікавіцца станам свайго індывідуальнага асабовага рахунку ў сістэме персаніфікаванага ўліку. Атрымаць дадзеную інфармацыю можна, звярнуўшыся ў раённы аддзел ФСАН па месцы жыхарства.

Гэтая інфармацыя дазволіць работніку аператыўна рэагаваць у выпадках, калі наймальнікам не выплачваюцца ўзносы ў фонд. Ён можа звярнуцца па тлумачэнні да кіраўніка, у прафсаюз з мэтай абароны сваіх правоў і інтарэсаў, у ФСАН, каб даведацца аб мерах уздзеяння, якія прымаюцца. А пры неабходнасці — запатрабаваць у судовым парадку ад наймальніка выканання сваіх абавязацельстваў.

Сярэдняя пенсія па ўзросце складае 38,9 % ад сярэдняга заробку

— З лістапада пенсіі ў Беларусі павышаны трэці раз за год у сувязі з ростам зарплаты. Якія зараз суадносіны памераў пенсій і заробкаў?

Валерый Кавалькоў:

— Суадносіны сярэдняй пенсіі па ўзросце і сярэдняй зарплаты ў верасні гэтага года склалі 38,9 %; у студзені — верасні — 36,5 %. Работа па падтрыманні ўзроўню пенсійнага забеспячэння будзе працягнутая.

— Чаму працуючыя пенсіянеры з высокім індывідуальным каэфіцыентам (2,5 і вышэйшы) атрымліваюць меншыя пенсіі, чым працуючыя пенсіянеры з індывідуальным каэфіцыентам больш нізкім (напрыклад, 1,4-1,8)? Бо такія грамадзяне, а таксама і прадпрыемствы, на якіх яны працавалі, рабілі больш вялікія адлічэнні ў ФСАН. Для чаго ў пенсійным пасведчанні ўказаны індывідуальны каэфіцыент, калі на самай справе пры налічэнні пенсій (звычайных, без ільгот) ён не перавышае 1,3? Тады тым больш незразумелая розніца ў налічаных пенсіях пажылым, якія працуюць з каэфіцыентамі большымі за 1,3. Па логіцы тады ўсе працуючыя пенсіянеры з каэфіцыентам вышэйшым за 1,3 павінны атрымліваць аднолькавы памер пенсій. Няўжо толькі для таго, каб зняць з працуючых пенсіянераў з высокім каэфіцыентам больш вялікую суму?

Начальнік упраўлення рэгулявання пенсійных адносін галоўнага ўпраўлення пенсійнага забеспячэння Мінпрацы Алена ГОМАРАВА:

— У пенсійным пасведчанні паказваюцца параметры стажу працы, індывідуальнага каэфіцыента заробку, з улікам якіх пенсіянеру прызначаная пенсія. Што датычыцца памераў пенсій, то яны залежаць не толькі ад індывідуальнага каэфіцыента заробку, але і ад працягласці стажу працы.Заканадаўствам устаноўлены абмежаванні па выплаце пенсіі ў перыяд работы — частка пенсіі, вылічаная з улікам індывідуальнага каэфіцыента заробку звыш 1,3, не выплачваецца. Гэта значыць, на памер пенсіі пенсіянера, які працуе, аказвае ўплыў не тое, наколькі яго індывідуальны каэфіцыент заробку перавышае 1,3, а працягласць стажу. Так, у працуючага пенсіянера-мужчыны, які мае стаж працы 25 гадоў і індывідуальны каэфіцыент заробку 2,5, памер пенсіі ў верасні склаў 302,84 рубля, у працуючага пенсіянера, які мае стаж працы 40 гадоў і індывідуальны каэфіцыент заробку 1,8, — 385,43 рубля. Пры ўмове пакідання працы памеры пенсій склалі б у кастрычніку 353,66 і 412,38 рубля.

Падрыхтавала Святлана БУСЬКО

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.