Вы тут

Штотыднёвы спартыўны агляд «Звязды»


У штотыднёвым аглядзе «Звязды» традыцыйна расказваем пра самыя прыкметныя спартыўныя навіны выхадных.


1. Футбалісты БАТЭ датэрмінова аформілі чэмпіёнства і 15-ы раз сталі пераможцамі першынства краіны па футболе.
У дамашнім матчы 27-га тура барысаўчане перамаглі гродзенскі «Нёман» з мінімальнай перавагай 1:0 і за 3 туры да фінішу турніру сталі недасягальныя для сапернікаў.

— Аказаўшыся ў звышшчыльным спаборніцкім графіку і ўзяўшы шэсць найважнейшых ачкоў у Гомелі і Брэсце, мы стварылі сабе і верным балельшчыкам перадумовы для сённяшняга свята, — расказвае галоўны трэнер БАТЭ Аляксей Бага. — Што датычыцца самой гульні з «Нёманам», то, магчыма, яна атрымалася не вельмі яркай і тэмпавай. Усё ж такі мы не робаты, а жывыя людзі, якія таксама стамляюцца. Але атрымалі перамогу — і гэта чэмпіёнская перамога! Мы заваявалі чарговае золата! І самы-самы прыемны факт гэтага вечара ў тым, што мы ўсе разам стрымалі слова, якое давалі адзін аднаму зусім пры іншых абставінах 24 верасня... Калі ішоў дождж і спяваў Фрэнк Сінатра. Тады мы паабяцалі адзін аднаму, што станем чэмпіёнамі. Таму сёння мы — чэмпіёны.

Настаўнік адзначыў, што датэрміновая перамога не азначае, што ў трох заключных турах чэмпіянату каманда будзе дзейнічаць спусціўшы рукавы.

Нагадаем, ужо ў чацвер 15-кратны чэмпіён краіны ў рамках розыгрышу Лігі Еўропы сустрэнецца з лонданскім «Чэлсі».

У іншых нядзельных сустрэчах чэмпіянату краіны мінскае «Тарпеда» ў гасцях было мацнейшае за «Слуцк» — 3:1. Жодзінскае «Тарпеда-БелАЗ» разграміла ў Магілёве мясцовы «Дняпро» — 3:0, салігорскі «Шахцёр» не змог перамагчы на выездзе сталічны «Прамень» — 1:1. Вынікі іншых сустрэч 27-га тура: «Мінск» — «Гарадзея» — 0:4, «Віцебск» — «Дынама» (Мінск) — 0:1, «Дынама» (Брэст) — «Іслач» (Мінскі раён) — 3:1. У апошнім матчы гэтага тура «Смалявічы» прынялі гасцей з «Гомеля».

Становішча ў групе лідараў: БАТЭ — 69 ачкоў, «Шахцёр» — 55, «Дынама» (Мінск) — 54, «Віцебск» — 53, «Тарпеда-БелАЗ» — 50, «Дынама» (Брэст) — 48. Замыкае турнірную табліцу «Дняпро», у якога 16 ачкоў, па 21 бале набралі «Смалявічы» і сталічнае «Тарпеда», 22 ачкі мае «Прамень».


2. Вадзім Ліхарад заваяваў бронзавую ўзнагароду чэмпіянату свету па цяжкай атлетыцы ў Ашгабаце. Беларус саступіў сапернікам з Кітая і Рэспублікі Карэя, вынік Вадзіма — 343 кг (156 кг і 187 кг).

Адзначым, што на гэтым чэмпіянаце свету беларуская каманда выступала ў значна абноўленым складзе.


3. Беларускія плыўцы заваявалі чатыры ўзнагароды на пятым этапе Кубка свету ў Пекіне. На дыстанцыі 50 м батэрфляем Яўген Цуркін заняў трэцяе месца, а ў заплыве на 100 м такім жа стылем ён стаў другім. Дзве бронзавыя ўзнагароды на рахунку Ільі Шымановіча на дыстанцыях 50 і 100 м брасам.

Наступны этап Кубка свету пройдзе з 9 да 11 лістапада ў Токіа, а завершыцца розыгрыш ганаровага трафея 15—17 лістапада ў Сінгапуры.


4. Арына Сабаленка займае 11-е месца ў абноўленым рэйтынгу Жаночай тэніснай асацыяцыі (WTA). На мінулым тыдні перад турнірам у кітайскім Чжухаі яна займала 12-ю пазіцыю, там Арына атрымала адну перамогу і пацярпела адно паражэнне, пасля чаго паднялася на адзін радок.

Аляксандра Сасновіч па-ранейшаму знаходзіцца на 30-м месцы, Вікторыя Азаранка займае 51-ю пазіцыю, у Веры Лапко 65-е месца.

У тройцы лідараў змен не адбылося — наперадзе па-ранейшаму румынка Сімона Халеп, другой ідзе немка Ангеліка Кербер, на трэцім месцы дацкая тэнісістка Каралін Вазняцкі.

Мужчынскі рэйтынг узначальвае серб Новак Джокавіч, з беларускіх тэнісістаў вышэй за ўсіх размясціўся Ілья Івашка, які мае 645 балаў і знаходзіцца на 88-м месцы.


5. Брэсцкі гандбольны клуб імя Мяшкова пацярпеў чацвёртае запар паражэнне ў Лізе чэмпіёнаў, саступіўшы на выездзе македонскаму «Вардару» 23:30. Пасля шасці праведзеных сустрэч у актыве БГК засталося 4 ачкі і 6-е месца ў турнірнай табліцы.

Турнірнае становішча: «Вардар» — 10 ачкоў (6 матчаў), «Барселона» — 8 (5), «Віве» — 8 (5), «Райн Левен» — 8 (6), «Веспрэм» — 6 (6), БГК — 4 (6), «Манпелье» — 1 (6), «Крысціянстад» — 1 (6).

Дар'я Лабажэвіч

Загаловак у газеце: Нястрымныя. Пятнаццаціразовыя

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».