Вы тут

Зборнік «Вывучаем Беларусь» выйшаў у выдавецтве «Пачатковая школа»


Летась самая вялікая колькасць наведвальнікаў была зафіксавана ў музеі Вялікай Айчыннай вайны (565,3 тысячы чалавек). На другім месцы апынуўся Мемарыяльны комплекс «Брэсцкая крэпасць-герой» (425,2 тысячы наведванняў). Далей ідуць Нацыянальны гісторыка-культурны музей-запаведнік «Нясвіж» (417,4 тысячы) і Гомельскі палацава-паркавы комплекс (326,8 тысячы). А замыкае «пяцёрку» замкавы комплекс «Мір».


У ТОП-3 самых папулярных у Мінску тэатраў увайшлі Нацыянальны акадэмічны тэатр оперы і балета, Беларускі дзяржаўны акадэмічны музычны тэатр і Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы. Гэтыя і многія іншыя цікавыя звесткі ўвайшлі ў зборнік «Вывучаем Беларусь» (статыстыка для школьнікаў), які выйшаў у выдавецтве «Пачатковая школа». Даведачнае выданне падрыхтаванае па заказе Статыстычнага камітэта і ўтрымлівае навейшую афіцыйную статыстычную інфармацыю, адаптаваную для школьнікаў.

— Кампетэнтнасны падыход, які рэалізуецца ў адукацыі, вымагае ўмення ад школьнікаў працаваць з самымі рознымі крыніцамі інфармацыі, а не толькі са звычайнымі тэкстамі, — падкрэслівае дырэктар выдавецтва «Пачатковая школа» Вольга ВАНІНА. — Наша кніга ўся складаецца з такога роду інфармацыі: яна ўтрымлівае графікі, табліцы, дыяграмы. Тэматыка, прадстаўленая ў зборніку, надзвычай шырокая. З яго, напрыклад, можна даведацца як пра нейкія важныя эканамічныя паказчыкі, нюансы сямейнага бюджэту, так і пра чаканую працягласць жыцця пры нараджэнні, самыя папулярныя імёны хлопчыкаў і дзяўчынак, якія прадукты і ў якой колькасці спажываюцца ў сярэднім на душу насельніцтва, ТОП-10 краін, адкуль прыязджаюць турысты ў Беларусь, пра наяўнасць у насельніцтва легкавых аўтамабіляў па марках аўто, працягласць трамвайных і тралейбусных шляхоў у розных гарадах, наколькі адрозніваецца ўзровень заробкаў мужчын і жанчын у розных сферах, пра дасягненні беларускіх спартсменаў, шкодныя звычкі беларусаў, статыстыку дарожна-транспартных здарэнняў, колькасць загінулых дзяцей, самы небяспечны час сутак на дарогах і многае іншае.

Гэта інфармацыя будзе цікавая і карысная як вучням пачатковай школы, так і старшакласнікам. Прыведзеныя звесткі могуць быць выкарыстаны як дадатковы матэрыял пры падрыхтоўцы да ўрокаў геаграфіі, гісторыі, біялогіі, асноў бяспечнай жыццядзейнасці. Школьнікаў з дапытлівым розумам кніга можа падштурхнуць агучыць гіпотэзу, стане ключом для правядзення далейшага даследавання і больш дэталёвага вывучэння пытання.

Сёння даводзіцца канстатаваць мазаічнасць успрымання падрастаючым пакаленнем інфармацыі. З вялізнага яе патоку дзеці выхопліваюць толькі тое, што ім цікава, адзначае Вольга Ваніна. Таму было вельмі важна адабраць і прадставіць інфармацыю ў такім выглядзе, каб не ўзнікала праблем з яе ўспрыманнем.

Размешчаныя ў кнізе лічбы і факты можна будзе скарыстаць пры падрыхтоўцы рэферата, а таксама ў даследчых работах шырокай тэматыкі. Яна адрасуецца навучэнцам і педагогам, а таксама ўсім, хто цікавіцца статыстыкай.

Надзея НІКАЛАЕВА

Загаловак у газеце: Названыя самыя папулярныя музеі і тэатры

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».