Вы тут

Мемарыял «Канцлагер Дахау» просіць дапамагчы ўстанавіць імёны ахвяр


За два кіламетры ад асноўнага лагера Дахау ў 1941—1942 гадах было забіта звыш чатырох тысяч савецкіх ваеннапалонных. Сёння на тэрыторыі расстрэльнага поля створаны музей пад адкрытым небам, які распавядае пра здзейсненыя злачынствы. У цэнтры экспазіцыі — біяграфіі асобных ахвяр. Але гісторыя тых падзей яшчэ працягвае стварацца — супрацоўнікі музея па крупінках збіраюць інфармацыю, вышукваюць імёны, спрабуюць ідэнтыфікаваць ахвяр, просяць адгукнуцца сведкаў ці сваякоў забітых.


Побач з асноўнай экспазіцыяй — прытопленыя ў зямлю пліты, размешчаныя такім чынам, каб паказаць месца забойства і нагадаць, што падчас расстрэлаў ахвяр выстройвалі ў шарэнгі па пяць чалавек. На плітах — таблічкі, на якіх кірыліцай і лацінкай пазначаны прозвішчы забітых, даты іх нараджэння і смерці. На цяперашні момант удалося ўзнавіць імёны толькі каля васьмі соцень ахвяр... Але супрацоўнікі мемарыяла не спыняюць даследаванняў і спадзяюцца, што экспазіцыя будзе дапаўняцца новымі стэндамі і, самае галоўнае, што будзе вернута памяць: сваякі, якія лічылі сваіх дзядоў, бацькоў, братоў «зніклымі без вестак» падчас Другой сусветнай вайны, нарэшце змогуць даведацца пра іх лёс.

Загад аб камісарах

«Яшчэ да нападзення нацысцкай Германіі на Савецкі Саюз, 6 чэрвеня 1941 года, быў выдадзены так званы «Загад аб камісарах», са зместам якога былі азнаёмленыя ў вусным парадку ўсе нямецкія дывізіі. Сутнасць яго была ў тым, што палонных камісараў і палітрукоў належала адразу расстрэльваць. Ну і яўрэяў, натуральна, таксама. Сярод ваеннапалонных звесткі аб расстрэлах распаўсюдзіліся вельмі хутка, таму палітычныя кіраўнікі і яўрэі стараліся схавацца пад выдуманымі імёнамі», — расказвае каардынатар праекта Андрэа Рыдле.

Многім сапраўды на некаторы час удалося затаіцца. Але нацысты прадбачылі такую сітуацыю. Пры вялікай колькасці ваеннапалонных (а да сярэдзіны жніўня 1941 года ў германскім рэйху іх было ўжо больш за 150 тысяч) гэта стварала небяспечную сітуацыю, існавала верагоднасць, што афіцэры змогуць арганізаваць супраціўленне ў лагерах. Пачалося паляванне на «ідэйна шкодных элементаў», у час якога пацярпелі не толькі афіцэры і яўрэі, але і палонныя, якіх палічылі падазронымі («прафесіянальныя рэвалюцыянеры», «бунтаўшчыкі», асобы, якія спрабавалі ўцячы, і проста інтэлігенцыя, маўляў, апошняя таксама здольная ўзняць людзей на бунт). Сартавалі ахвяр спецыяльныя айнзацкаманды (часцей за ўсё яны складаліся з прадстаўнікоў гестапа). Каменданты лагераў выдзялялі баракі для правядзення допытаў, адгароджаныя тэрыторыі для адсартаваных і пры неабходнасці ўзброены канвой для суправаджэння.

Магчыма, вы іх ведаеце...

Так званых непрымальных палонных адпраўлялі на знішчэнне ў найбліжэйшыя канцэнтрацыйныя лагеры. Побач з Дахау знаходзіўся лагер для палонных афіцэраў. Палігон СС Хебертсгаўзен, дзе сёння створаны мемарыял, стаў месцам найбольш масавых расстрэлаў асоб, адсартаваных згодна з «Загадам аб камісарах». На жаль, менавіта такой катэгорыі ахвяр, як ваеннапалонныя, у ранейшыя часы ўдзялялася недастаткова ўвагі. Але нават сёння, калі пасля тых жахлівых падзей мінула ўжо больш за сем дзесяцігоддзяў, яшчэ многае можна зрабіць для таго, каб увекавечыць памяць пра гэтых людзей.

Зразумела, ніякіх расстрэльных спісаў не існавала, трупы крэміраваліся — нацыстам неабходна было схаваць сляды злачынстваў. Але тым не менш знайсці інфармацыю пра знішчаных чырвонаармейцаў можна. Справа ў тым, што на кожнага савецкага ваеннапалоннага заводзіліся персанальныя карткі, у якіх пазначаліся прозвішча, год і месца нараджэння, а таксама адрас і прозвішча сваякоў, якіх варта было б праінфармаваць пра лёс ваеннапалоннага, напрыклад, пра яго гібель.

Пасля заканчэння Другой сусветнай вайны такія дакументы трапілі ў розныя архівы (на сённяшні дзень некаторыя з іх ёсць у адкрытым доступе ў інтэрнэце, нешта ўдалося адсканаваць з закрытых архіваў) і даследчыкі музея-мемарыяла «Канцлагер Дахау» сталі працаваць з гэтай крыніцай.

Але ўзніклі праблемы з ідэнтыфікацыяй: некаторыя з ваеннапалонных маглі рэгістравацца пад прыдуманымі імёнамі. Не заўсёды пасля выяўлення сапраўдных прозвішчаў немцы іх выпраўлялі, але адрас і прозвішчы сваякоў, пазначаныя ў персанальных картках, як правіла, падаваліся сапраўдныя. І сёння, каб аднавіць і ўвекавечыць імёны ахвяр, супрацоўнікі музея-мемарыяла Дахау просяць адгукнуцца сваякоў расстраляных афіцэраў.

«Звязда» публікуе поўны спіс людзей, інфармацыю пра якіх спрабуюць адшукаць даследчыкі на тэрыторыі нашай краіны. Учытайцеся ўважліва, можа, сярод іх ёсць вашы блізкія.

Спіс мы друкуем на рускай мове — у тым выглядзе, у якім ён быў прадстаўлены ў рэдакцыю. Заўважым, што нямецкія даследчыкі самастойна перакладалі прозвішчы ахвяр расстрэлаў з лацінкі на кірыліцу. Да таго ж усе звесткі сабраны ў 1941 годзе, калі савецкіх ваеннапалонных бралі на ўлік, заводзілі на іх анкеты. Таму тут могуць сустракацца недакладнасці ў падачы прозвішчаў і назваў населеных пунктаў.

Калі знайшлі ў ім кагосьці знаёмага — патэлефануйце або напішыце ў рэдакцыю.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Загаловак у газеце: Вяртанне памяці

Каментары

Сташкевіч Сяргей Васілевіч: нарадзіўся ў Быхаве, а не Залатве, магчыма, адтуль паходзіла ягоная маці Аўдоцьця Міхайлаўна. Вось старонка на "Меморіале" зь ягонымі дадзенымі і перадваенным адрасам: https://obd-memorial.ru/html/info.htm?id=59930693 А вось пра ягонага бацьку: Василий Григорьев Сташкевич Бых 1892-19 - Сташкевич Василий Григорьевич. Родился в 1892 г., Могилевская обл., г. Быхов; 8 СД РККА, 3 отд. саперная рота, комвзвода. Арестован 6 июня 1919 г. Слуцким политбюро ЧКБ Приговорен: Юридический отдел Смолгубчека 20 октября 1919 г., обв.: контрреволюционная деятельность. Приговор: дело направлено в СО Смолгубчека для осуществ. розыска "С" Реабилитирован 30 июля 1994 г. Прокуратура Смоленской области. Источник: Книга памяти Смоленской обл. Бацька быў сынам гарадскога ўпаўнаважанага, быў заможным чалавекам

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».