Вы тут

Гутарка з пісьменніцай Кацярынай Оаро


Ёсць людзі, якія натхняюць сваімі выказваннямі, дзеяннямі, думкамі... Часцей за ўсё гэта любімыя паэты, пісьменнікі, мастакі, палітыкі. А ёсць тыя, хто не проста натхняе, але і вучыць гэтаму іншых. Сярод такіх — пісьменніца і выкладчык пісьменніцкага майстэрства Кацярына Оаро. Мяккая і далікатная, шчырая і адкрытая, яна з лёгкасцю набывае новых сяброў.


«Дагэтуль на старонцы быў сухі тэкст, — так пачынаецца прадстаўленне Кацярыны на яе асабістым бізнес-сайце «Натхніць на раман». — Вучылася на факультэце журналістыкі і ў Літаратурным інстытуце імя М. Горкага. Выдала кніжку, за якую атрымала прэмію. Выкладала, пісала, рэдагавала, знаходжуся... Але мне хочацца змяніць інтанацыю і прапанаваць вам гарбату». За гэтым сказам — цэлая захапляльная гісторыя жыцця жанчыны ад маленства да сённяшніх дзён. Як вы маглі зразумець, банальныя, нікому не цікавыя ці занадта ўзвышаныя тэксты — гэта не пра Кацярыну. У кожным запошчаным на сайце матэрыяле — цікавінка, якая прываблівае не толькі тых, хто хоча навучыцца пісаць кнігі, але і больш вопытных, самадастатковых.

Піша пра сваё маленства: у сем гадоў пераехала з Крыма ў Беларусь — і факт разбаўляе сваімі пачуццямі, перажываннямі, успамінамі. «Тут я ўпусціла кавун... А тут мы падцягваліся з суседам на галінцы інжыра, каб ухапіць ротам ягады», — успамінае яна самыя дарагія ёй месцы ў любімым горадзе. Далей жвава расказвае пра сваю першую, зробленую самастойна для выратавання ад суму дзіцячую газету. Пра арганізаваны гурток па журналістыцы для школьнікаў, які ператварыўся ў сапраўдную «літаратурную майстэрню». Актыўная і жыццярадасная, яна яшчэ падчас вучобы паспела знайсці працу па душы — на радыё. Калі ёй стала не хапаць творчасці, не пабаялася паступіць у Маскоўскі літаратурны інстытут. Пасля завяла свой блог, а потым і сайт, дзе прапаноўвала ахвотным навучыцца пісьменніцкаму майстэрству. Зараз сайт «Натхніць на раман» папаўняецца цікавымі фактамі, мастацкімі тэкстамі Кацярыны, яе разважаннямі. Паколькі жанчына жыве ў Францыі, заняткі могуць праходзіць па відэа-канферэнц-сувязі, што ў наш час — даволі распаўсюджаная практыка.

Калі выпадае магчымасць, Кацярына прыязджае ў Беларусь. Дні на радзіме заўсёды праходзяць плённа: распланавана кожная гадзіна. У адзін з такіх прыездаў яна вырашыла падзяліцца досведам са студэнтамі журфака.

Утульная кавярня, цёплая гарбата, духмяная кава — нефармальная сустрэча... Некалькі дзяўчат з факультэта сціпла сядзяць у чаканні лекцыі ад пісьменніцы. Але Кацярына дае іншую ўстаноўку: «Раскажыце пра сябе, пра тое, чым хочаце займацца». І мы дзелімся планамі, перажываннямі і страхамі, абмяркоўваем будучыню журналістыкі, друкаваных выданняў.

Кацярына таксама расказвае пра сябе і свой досвед працы, жартуе і вучыць. Пры гэтым зусім не цісне сваім аўтарытэтам. Нягледзячы на розніцу ва ўзросце, мы адчуваем сябе з ёй на роўных, давяраем ёй на сто працэнтаў, і нам здаецца, што мы знаёмыя ўжо шмат гадоў...

Напрыканцы Каця падзялілася з намі адным сакрэтам па пабудове тэкстаў. А на развітанне — запрасіла дадавацца ў сябры на «Фэйсбуку» і шчыра паабяцала, што мы можам звяртацца да яе па параду ў любой сітуацыі і ў любы час.

Пасля сустрэчы не пакідала неверагоднае пачуццё лёгкасці, упэўненасці ў сваіх сілах. Я зразумела: у мяне ёсць галава для думак, рукі, каб пісаць. І магчымасці. Варта толькі захацець...

Юлія АДАМОВІЧ, студэнтка ІV курса факультэта журналістыкі БДУ

Загаловак у газеце: Навучыць... натхняцца

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.