Вы тут

Храм адзінства нашага


Чын вялікага асвячэння Храма-помніка ў гонар Усіх святых, што 25 гадоў будаваўся ў Мінску, узначальваў Свяцейшы Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Кірыл


Так выглядае Храм-помнік з вышыні птушынага палёту

Дбаючы пра будучыню — варта памятаць пра мінулае, урокі гісторыі, пра духоўны досвед папярэднікаў. Пра тое думалася, калі ў Мінску на Пакровы асвячаўся велічны храм. Дарэчы, у беларусаў шанаванне продкаў мае дагістарычныя карані: так сцвярджаюць даследчыкі народных традыцый. Паводле вераванняў продкаў, людзі пасля зямнога жыцця становяцца Дзядамі: нашымі нябачнымі — нябеснымі — апекунамі. Таму й цяпер яшчэ ў хатах вясковых абразы хрысціянскія, прыбраныя белымі вышыванымі ручнікамі, суседзяць з фотапартрэтамі родзічаў, што калісьці хаты збудавалі, жылі ў іх, ад ворагаў зямлю сваю баранілі ды застаюцца, пасля пераходу ў свет іншы, духоўнымі дарадцамі, абаронцамі для нашчадкаў роду.

Асаблівае значэнне ў жыцці супольнасці маюць векавыя традыцыі, калі адбудоўваецца незалежная дзяржава. Якраз у такі час вельмі патрэбнае адзінства. І досвед старэйшых, іх прыклад, і мудрая развага, і сэрца спагадлівае, нават самаахвярнае патрэбна — каб умець падняцца над часовымі, асабістымі, дробнымі спрэчкамі-сваркамі ў імя нечага значна больш істотнага. Поўная ж назва месца па вуліцы Усіх- свяцкай, дзе, паводле слоў святароў, цяпер гаспадарыць Святая Тройца й жыхарамі ўсе святыя: Храм-помнік у гонар Усіх святых і ў памяць аб ахвярах, што выратаванню Айчыны нашай паслужылі. У дні асвячэння будынка мітрафорны протаіерэй Фёдар Поўны, адзін з ініцыятараў яго ўзвядзення й цяперашні настаяцель Усіхсвяцкага прыхода, казаў журналістам: вельмі сімвалічна тое, што храм расце разам з маладой Беларуссю.
На сайце http://hramvs.by/ чытаем, што ён “стане галоўным духоўным агульнанацыянальным мемарыялам у памяць пра мільёны беларусаў і выхадцаў з Беларусі, якія загінулі й былі раскіданыя па ўсім свеце рэвалюцыямі, войнамі, гвалтоўнымі перасяленнямі ды рэпрэсіямі, якія пакінулі родныя месцы ў пошуках лепшае долі”. Так што можна прадбачыць: беларусы з замежжа будуць наведваць яго. Дарэчы, мы пісалі ўжо (“Хлопец-Герой з Падгор’я” — ГР, 25.01.2018) пра тое, што капсулу з зямлёй з магілы беларуса, снайпера Леніградскага фронту, Героя Савецкага Саюза Фядосія Смалячкова заклалі ў крыпце Храма-помніка. Як вядома, у шэрагах абаронцаў нескаронага Ленінграда, сярод ягоных жыхароў-пакутнікаў тае пары, працаўнікоў на заводах у кальцы блакады былі дзясяткі тысяч беларусаў. Памятная літыя й цырымонія закладкі капсулы прайшлі пры ўдзеле беларусаў з Санкт-Пецярбурга і Ленінградскай вобласці. Тады ж прэзідэнт Фонду садзеяння развіццю расійска-беларускага супрацоўніцтва “Белыя Росы” Ірына Рогава казала, што “для 120 тысяч беларусаў, якія жывуць у горадзе на Няве і ў Ленінградскай вобласці, шанаваць гісторыю і памяць пра землякоў — не проста словы: гэта святы абавязак нашых сэрцаў”.

Цяпер з 504 ніш крыпты запоўнены 67. Там сабрана зямля з месцаў гібелі й спачыну беларусаў з 11 краін. Пахаваны таксама й астанкі невядомых салдат трох войнаў: 1812 года, Першай сусветнай і Вялікая Айчыннай.

Патрыярх Кірыл, духавенства, шматлікія вернікі маліліся разам, каб Усявышні прыняў храм. “Як важна пачуваць духоўнае сваяцтва з народамі, якія выйшлі з адзінай купелі князя Уладзіміра, — казаў пазней протаіерэй Фёдар Поўны, звяртаючыся да ўсіх удзельнікаў урачыстасці. — Як важна ісці да адное мэты, не губляючы адзін аднаго. Наша ж агульная мэта — Айчына Нябесная, дарога да яе вядзе праз служэнне Царкве й зямной Бацькаўшчыне. Кожны народ мае сваю родную зямлю, але вера для нас адна. Мы ідзем да гэтай мэты берагамі адное ракі, што нясе воды Жыцця”.

Галоўны купал Храма-помніка

Цяпер у Храме-помніку штодня здзяйсняюцца паніхіды па нявінна забітых суграмадзянах, суродзічах. У крыпце збіраецца зямля з палёў гістарычных бітваў у абарону Айчыны. Прывозяцца капсулы і з месцаў пахаванняў мірных жыхароў, якія сталі ахвярамі ваенных кампаній ды рэпрэсій. Такія дзеянні, безумоўна, спрыяюць яднанню беларусаў свету: дзе б мы ні жылі. Дарэчы, на ўрачыстасці асвячэння Храма-помніка былі, казалі пра неабходнасць знаходзіць згоду, паразуменне ў грамадстве прадстаўнікі розных хрысціянскіх канфесій, а таксама мусульманскай, яўрэйскай абшчынаў. І сапраўды, “мы ідзем да Айчыны Нябеснай берагамі адной ракі...”. Да таго ж успаленне ў крыпце храма нязгаснай лампады, перапахаванне там астанкаў вядомых дзеячаў мінулага, устаноўка мемарыяльных дошак па ўсім перыметры, упляценне ў арнамент пласцін з імёнамі загінулых — усё тое робіць яго велічнай Кнігай памяці, якой не меў яшчэ беларускі народ.

І глыбокая ідэя пра тое, што й беларуская святасць ёсць арганічная частка ўсёй паўнаты Праваслаўя, у вобразах, фарбах, сюжэтах роспісу галоўнага купала Храма-помніка знайшла высокамастацкае ўвасабленне. Айцец Фёдар патлумачыў, чаму такім высокім узведзены шацёр-намёт храма. Сам будынак, дарэчы, мае 74 метры ў вышыню: найвысокі ў краіне. Зроблена тое, па словах святара, “для таго, каб праз нашу малітву душы тых, хто загінуў на палях бітвы, закатаваных у зняволенні, блакадзе й лагерах, чый прах сімвалічна спачывае ў крыпце пад гэтым алтаром, вярталіся ў Нябесны палац — і чакалі нас, і дабраслаўлялі нас. Намёт храма высокі, каб карані нашага народа сыходзілі ў неба, і каб ласка Духа Святога пралівалася магутнаю плынню й на нас, і на ўсю Беларусь: каб ніколі гэтая зямля не была бясплоднай ды заўсёды нараджала святых”. Старанны працаўнік дзякаваў усім, хто паўдзельнічаў у будаўніцтве, і ў першую чаргу Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь, які 22 гады таму натхніўся ідэяй, а з 2006-га ўзяў пад асабісты кантроль увасабленне праекта. Згадаў святар і тых, хто гэты свет пакінуў, але каго б радаваў такі ўрачысты момант: Свяцейшага Патрыярха Алексія ІІ — ён блаславіў будаўніцтва; бацюшку Мікалая Гур’янава, які па-прарочы прадказаў гэты момант; Льва Пагарэлава — ён архітэктар Храма-помніка; Міхаіла Паўлава — мэра Мінска з 2000 па 2009 год: ён курыраваў ход работ і кожны тыдзень наведваў будпляцоўку.

Няпростую тэму адзінства ў царкве закранулі Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка і Патрыярх Кірыл пад час сустрэчы 15 кастрычніка, на другі дзень пасля асвячэння Храма-помніка. Тое вынікае з паведамлення прэс-службы Прэзідэнта. “На жаль, наша царква вельмі часта ў гісторыі станавілася закладніцай міждзяржаўных адносін, часам нашых няправільных учынкаў, — адзначыў Прэзідэнт. — Вы павінны ведаць нашу непахісную дзяржаўную пазіцыю, што раскол — гэта заўсёды дрэнна. І гэта кепскія наступствы. Наступствы небяспечней за ўсё”. 

Іван Ждановіч

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».