Вы тут

У Брэсцкай крэпасці турыстам «паказваюць» гісторыю праз чалавечыя лёсы


Смага і голад, агнямёты, якія плавілі цэглу, бомбы па 1800 кілаграмаў — так фашысты вымушалі абаронцаў Брэсцкай крэпасці спыніць супраціўленне. Замест васьмі гадзін, за якія Гітлер планаваў захапіць цытадэль, фашыстам прыйшлося ваяваць тут 32 дні. Пра жахі, адчай, мужнасць і надзею, якія панавалі тут у той час, турыстам расказваюць супрацоўнікі музейнага комплексу. А фантазія дамалёўвае карціну, якую па кавалачках стварае экскурсавод чарговага падарожжа, у якое «Звязда» выправілася разам з тураператарам «Аўтаматызаваныя тэхналогіі турызму».


Холм­скія ва­ро­ты звон­ку, з бо­ку паўд­нё­ва­г­а вост­ра­ва.

Усходні форт і Белы палац

Перш чым трапіць на тэрыторыю цытадэлі, мы ненадоўга затрымліваемся ў браме на ўваходзе, каб паслухаць голас легендарнага Левітана, які абвяшчае патачак вайны пад акампанемент песні «Свяшчэнная вайна» з гукамі выбухаў і гулам самалётаў. Гэта падрыхтоўвае адпаведны настрой, з якім ідзём у музей, дзе ўжо поўнасцю паглыбляемся ў ваенныя часы, дакладней у адны з самых жорсткіх першых дзён лета 1941-га. Музей быў адкрыты ў 1956 годзе ў каземаце абарончай казармы. Цяпер ён займае дзесяць залаў.

Пасля агляду музея скіроўваемся ў бок Усходняга форта непадалёк ад галоўнага ўвахода ў крэпасць — Паўночных варот. Ва ўнутраных памяшканнях тады размяшчаліся войскі, у знешніх — стайні. Абаронай форту кіраваў маёр Пётр Гаўрылаў. Прычым настолькі ўдала, што немцы пісалі, што туды немагчыма падступіцца — застаецца браць толькі голадам і смагай. Калі ж і гэта не дапамагло, 29 чэрвеня ў 8 раніцы на форт скінулі некалькі 500-кілаграмовых бомбаў, а пасля абеду — цяжкія снарады.

Пасля мы падышлі да гістарычных руін — закансерваваных рэшткаў Белага палаца, як у цытадэлі называлі афіцэрскі клуб. Да вайны гэта быў трохпавярховы цагляны будынак, які зрабілі з былой драўлянай уніяцкай царквы Святых Пятра і Паўла. Напярэдадні баёў тут змяшчаўся склад харчавання і боепрыпасаў 75-га разведвальнага батальёна. Мяркуецца, што будынак гэты разбурылі ў канцы чэрвеня, пад заваламі нейкі час заставаліся жывыя. Пасля вайны тут адкапалі астанкі каля 140 чалавек.

Холм­скія ва­ро­ты знут­ры цы­та­дэ­лі.

Холмскія вароты

Далейшы шлях экскурсіі па цытадэлі прыводзіць да брацкай магілы абаронцаў крэпасці, дзе пастаянна гучыць кампазіцыя «Мроі» Шумана. Каля вечнага агню ўсе заціхаюць у хвіліне маўчання і скіроўваюцца да Холмскіх варот. Да іх немцы гналі перад сабой натоўп раненых і ўрачоў, якіх захапілі ў шпіталі на паўднёвым востраве цытадэлі. Хаця палонныя крычалі страляць і не шкадаваць іх, салдаты вагаліся да апошняга. Толькі калі немцы ўжо падышлі да варот, байцы падняліся ў бой...

Сёння Холмскія вароты — адно з самых пазнавальных месцаў крэпасці. У тыя часы яны былі атынкаваны, таму пасля адной з рэстаўрацый ім вярнулі былы выгляд, пакінуўшы частку месцаў з прабоінамі. Унутры варот дагэтуль захаваўся стары брук, якім была вымашчана ўся крэпасць. На паўднёвым востраве дагэтуль засталіся рэшткі шпіталя, а побач з Холмскімі варотамі ў будынку былой палкавой школы 84-га стралковага палка дзейнічае жаночы манастыр.

Экстрым у падзямеллі

У 1870-я гады вакол крэпасці было вырашана будаваць пазіцыі для артылерыі — фарты. У адзін з іх — форт № 5, прыкладна за чатыры кіламетры на поўдзень ад цытадэлі — мы і паехалі, падсілкаваўшыся.

Перад уваходам у памяшканне — пляцоўка з узбраеннем часоў вайны. Форт зусім не падобны на звычайны музей. У падземных пераходах няма святла, таму нас адразу папярэджваюць не адбівацца ад групы, каб не заблудзіць. Самастойна арыентавацца ў пераходах паміж капанірамі, паўкапанірамі і казармамі з непрывычкі цяжкавата. Акрамя таго, тэмпература ў сутарэнні значна паніжаецца, а нізкія столі і сырыя сцены дадаюць змрочнасці і без таго псіхалагічна цяжкаму экскурсу ў гісторыю.

Перад усімі трыма ўваходамі ў казарму зроблены скразнікі — невялічкія скразныя галерэі. Іх рабілі з разлікам, што падчас узрываў хваля ад выбухаў пройдзе навылет праз скразнік і не пашкодзіць дзверы казармы.

Далей мы прайшлі да цэнтральнай патэрны, дзе ўжо стала значна цямней, і ўвайшлі ў адзін з парахавых скляпоў. У кожнай патэрне іх было два — тут захоўваўся боезапас на трое сутак баёў. Цяпер тут сыра і на сценах кандэнсат.

У падземным пераходзе становіцца зусім цёмна. Два вялікія ліхтары нясуць першы і апошні ў групе. Астатнія падсвечваюць шлях тэлефонамі. Са столі звісаюць невялікія сталактыты. Месцамі на падлозе застаўся брук, месцамі — лужыны. Пэўную порцыю экстрыму мы атрымалі...

Па дарозе дахаты нам уключылі фільм «Брэсцкая крэпасць». І падалося, што гэта не кіно мы глядзім, а проста ўсё пабачанае і пачутае днём ажыло, і мы нібыта перанесліся ў тыя часы.

— Брэсцкая крэпасць — адно са знакавых месцаў Беларусі, якое захоўвае памяць пра радзіму і трагічныя старонкі яе жыцця, яскрава адлюстроўвае гісторыю ваенных дзеянняў. Гэта ваенна-патрыятычнае падарожжа, якое дазваляе прайсці «сцежкай вайны», — мяркуе Юлія ШЫКУН, начальнік экскурсійнага аддзела прадпрыемства «Аўтаматызаваныя тэхналогіі турызму». — Такія паездкі, думаецца, не будуць лішнімі для любога чалавека і асабліва для школьнікаў старэйшых класаў, якія вывучаюць гісторыю. Каб не проста прачытаць пра вайну ў падручніках, а дакрануцца да яе ў сэнсе памяці, адчуць гора, якое прыйшлося перажыць краіне і людзям.

Эмацыянальнасць і каштоўнасць гэтага падарожжа, хвалюючыя гадзіны, за якія мы «пражылі» з экскурсаводам тыя даўнія дні, упэўнена, мы запомнім назаўжды. А наступным разам «Сяброўка» рушыць у Лепельскі ваенны санаторый, каб набрацца сіл і падрыхтаваць арганізм да зімы.

Ірына СІДАРОК

Загаловак у газеце: Недзіцячае падарожжа

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Людзі думаюць, што ўсёмагутныя і — разбіваюцца»

«Людзі думаюць, што ўсёмагутныя і — разбіваюцца»

Ці так небяспечны парашутны спорт, як здаецца на першы погляд?

Грамадства

Дзе знаходзяць падтрымку бацькі асаблівых малых?

Дзе знаходзяць падтрымку бацькі асаблівых малых?

Стаялі ў калідоры і ўспаміналі першыя крокі ў выхаванні сваіх асаблівых дзетак.

Культура

«Калі чалавецтва зноў паставіць перад сабой высокія пытанні, яно мяне ўспомніць»

«Калі чалавецтва зноў паставіць перад сабой высокія пытанні, яно мяне ўспомніць»

Пагутарылі з дачкой вядомага ўраджэнца Віцебска Лазара Хідэкеля.