Вы тут

Шуневіч узнагародзіў пераможцаў і прызёраў турніру «Разам да перамогі»


Міністр унутраных спраў генерал-лейтэнант міліцыі Ігар Шуневіч узнагародзіў пераможцаў і прызёраў рэспубліканскага турніру па міні-футболе сярод падлеткаў.


Мі­ністр унут­ра­ных спраў Ігар ШУ­НЕ­ВІЧ уру­чае май­ку з аў­то­гра­фам ле­ген­дар­на­га Ды­е­га Ма­ра­до­ны  гал­кі­пе­ру з Ма­гі­лёў­скай воб­лас­ці Аляк­сею ХАЦ­КЕ­ВІ­ЧУ.

Турнір «Разам да перамогі», арганізатарам якога выступіла міліцэйскае ведамства пры падтрымцы Прэзідэнцкага спартыўнага клуба, быў закліканы прыцягнуць увагу грамадскасці да пытанняў прававой культуры, прапаганды здаровага ладу жыцця, прафілактыкі правапарушэнняў і злачынстваў сярод непаўналетніх.

На працягу трох дзён у адукацыйна-аздараўленчым цэнтры «Лідар» у Ждановічах восем камандаў — ад кожнай вобласці, а таксама дружыны са сталіцы і Спецыялізаванага ліцэя МУС змагаліся за званне наймацнейшай у традыцыйных спаборніцтвах. У складзе ўсіх калектываў былі падлеткі, з якімі інспекцыя па справах непаўналетніх праводзіць індывідуальную прафілактычную работу, і супрацоўнік інспекцыі. Права выступаць на самым высокім узроўні атрымалі каманды, якія прайшлі адбор на гарадскіх і абласных першынствах.

Першае месца ўзялі майстры скуранога мяча з Гродзенскай вобласці. На другую прыступку п'едэстала падняліся прадстаўнікі Віцебшчыны, бронзавымі прызёрамі сталі гомельскія спартсмены.

Уручаючы заслужаныя ўзнагароды прызёрам, міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч выказаў упэўненасць у тым, што спаборніцтвы надоўга застануцца ў памяці хлапчукоў не толькі як арэна футбольных баталій, але і як спартыўнае свята, якое аб'яднала іх у адну вялікую і дружную сям'ю.

У цырымоніі ўзнагароджання таксама прынялі ўдзел міністр спорту і турызму Сяргей Кавальчук, намеснік міністра адукацыі Сяргей Руды, начальнік аддзела масавага футбола Беларускай федэрацыі футбола Віталь Крупіца, прадстаўнік Дзіцячага фонду ААН (ЮНІСЕФ) у нашай краіне Рашэд Мустафа Сарвар.

Памятнымі падарункамі былі адзначаны пераможцы ў асабістых намінацыях. Найлепшым гульцом турніру прызнаны мінчанін Артур Мельнічэнка. А больш за ўсіх галоў на спаборніцтвах забіў гамяльчанін Даніла Слесарчук — цэлых 12 мячоў.

Сяргей КУЛАКОЎ

Загаловак у газеце: Футбольнае свята для моладзі

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.