Вы тут

Хэлаўін — весела ці небяспечна?


Хэлаўін — адно з найстарэйшых свят англамоўнага свету, якое саступае па папулярнасці толькі святу Нараджэння Хрыстовага. І мільёны людзей у наш час адзначаюць пярэдадзень Дня ўсіх святых, вельмі мала ведаючы пра яго, акрамя таго, што можна апранаць страшныя касцюмы і ўсіх палохаць.


А свята гэта даволі неадназначнае: і хоць частка людзей лічыць яго выдатным спосабам пацешыцца і павесяліцца, некаторыя ўспрымаюць яго як час забабонаў і ўсялякай чартаўшчыны. Асабліва папулярны пярэдадзень Дня ўсіх святых у ЗША і Канадзе, таксама ён шырока адзначаецца ў Вялікабрытаніі, Германіі, Францыі, Японіі і Аўстраліі. З кожным годам усё больш становіцца тых, хто святкуе і на прасторах былога СССР, нягледзячы на пратэсты царквы і адсутнасць гістарычнай традыцыі. Ды і святам Хэлаўін можна назваць вельмі ўмоўна. Гэта сёння ён толькі падстава для касцюміраванай вечарынкі, а для старажытных кельтаў, якія жылі ў Еўропе ў першым тысячагоддзі да н. э., традыцыі гэтай ночы мелі глыбокі сакральны сэнс.

Гісторыя

Хэлаўін адзначаюць 31 кастрычніка, у апошні дзень кельцкага календара. Першапачаткова гэта было паганскае свята — дзень ушанавання памерлых. Хэлаўінам называлі All Hallows Eve (Пярэдадзень Дня ўсіх святых), і карані яго сягалі ўглыб стагоддзяў, ні многа ні мала — да пачатку нашай эры.

Па адной з версій, аўтарства свята прыпісваюць друідам — жрацам кельтаў, якія пражывалі ў Ірландыі, Брытаніі і Паўночнай Еўропе. Прабацькам Хэлоўіна было свята Самайн, або Самхэйн, якое адзначалі ў канцы кастрычніка. Самайн азначаў канец лета: у гэты дзень дзякавалі за ўраджай, палілі святыя вогнішчы, праводзілі стары год і сустракалі новы. Для таго каб не стаць ахвярамі злых духаў і прывідаў, кельты гасілі ў сваіх хатах агонь, апраналі на сябе звярыныя шкуры, каб адпужваць няпрошаных прышэльцаў. На вуліцы каля дамоў пакідалі пачастункі для духаў, а сам народ збіраўся каля вогнішча. Адсюль і традыцыя апранаць касцюмы, частаваць цукеркамі і ўсялякімі прысмакамі. Кельты верылі, што ў гэты дзень душы памерлых блукаюць сярод жывых. Каб духі продкаў спрыялі добраму ўраджаю налета, іх спрабавалі задобрыць пачастункамі і дарамі. Менавіта гэты звычай трансфармаваўся ў trіck-or-treatіng, «гадасць ці слодыч» — дзіцячую хэлаўінскую традыцыю хадзіць па хатах, выпрошваючы цукеркі.

У наш час у ЗША і Канадзе дзеці апранаюцца ў касцюмы монстраў і ходзяць па акрузе, выпрошваючы прысмакі. Гэтая традыцыя — таксама частка спадчыны сярэднявечнага брытанскага звычаю беднякоў выпрошваць ежу ў абмен на малітву аб памерлых сваяках у Дзень усіх святых. У амерыканскай версіі дзеці звоняць у кожныя дзверы на сваёй вуліцы і жартам пагражаюць гаспадарам непрыемнасцямі, калі тыя не прынясуць пачастунак.

Прысядзібныя ўчасткі спальных раёнаў упрыгожваюцца гірляндамі, вясковымі пудзіламі і атрыбутамі, звязанымі са смерцю. Ладзяцца шумныя вечарынкі, дзе ўсе запрошаныя павінны быць у карнавальных касцюмах. Гэта яшчэ адзін водгалас старажытных традыцый: лічылася, што шум адпуджвае ад дому нячыстую сілу. Нязменнай традыцыяй Хэлаўіна сталі атракцыёны, закліканыя напалохаць наведвальнікаў: «дом з прывідамі», лабірынты жахаў і іншыя.

Сімвалы

Галоўны атрыбут Хэлаўіна — гэта, вядома, гарбуз. Або, як яго называюць у краінах, дзе гэтае свята атрымала ледзь не афіцыйны статус, ліхтар Джэка. Паводле кельцкага фальклору, жыў на свеце хітрамудры ірландскі фермер па імені Джэк, які спрабаваў падмануць як бога, так і д'ябла. У выніку ён не трапіў ні ў пекла, ні ў рай, і з таго часу быў вымушаны бадзяцца ў цемры. Каб не блукаць у поўнай цямноце, Джэк зрабіў ліхтар з рэпы (менавіта рэпы, гарбуз з'явіўся потым, магчыма, проста таму, што яго было больш зручна выкарыстоўваць для гэтай мэты), уставіўшы ў яго вугольчык, кінуты яму д'яблам з пекла. Такім чынам, jack-o'-lantern (а менавіта так называецца ліхтар з гарбуза з выразанай на ім злавеснай фізіяноміяй) быў створаны для таго, каб весці аблудныя душы. Старажытныя кельты выстаўлялі jack-o'-lantern на парог свайго дому, каб прыцягнуць духі продкаў да роднага агню. Пярэдадзень Дня ўсіх святых лічыцца канцом сезона ўраджаю і пачаткам зімы, таму саспелая пшаніца і кукуруза таксама з'яўляюцца сімваламі гэтага свята і, на шчасце, не надта ўжо страшнымі.

Убранне ведзьмы — самы папулярны жаночы касцюм на Хэлаўін, а сілуэт ведзьмы на мятле на фоне поўнага месяца — адзін з тыповых сімвалаў свята. Лічыцца, што ў ноч на першага лістапада сіла ведзьмаў павялічваецца шматкроць.

Адвечны сімвал няшчасця, чорная кошка — найпапулярнейшы вобраз Хэлаўіна. Рэпутацыя чорных кошак была падмочаная яшчэ ў часы палявання на ведзьмаў: тады пухнатых спадарожнікаў лічылі ўвасабленнямі дэманічных сутнасцяў. Па некаторых сярэднявечных павер'ях, кажаны, як і чорныя кошкі, таксама былі ўвасабленнем цёмных сіл. Многія верылі, што калі ў дом на Хэлаўін уляціць кажан, ён населены прывідамі.

Павукі — таксама выдатны сімвал самага страшнага свята ў годзе. Але з імі звязаны адзін сумны, але рамантычны міф: калі ў Пярэдадзень Дня ўсіх святых вам на вочы трапіцца павук — вас ахоўвае дух памерлага каханага ці каханай.

Па павер'ях на Хэлаўін мёртвыя ходзяць сярод жывых, і, калі вы адмовіце ў пачастунку любому, хто пагрукаецца ў вашы дзверы, вы незнарок можаце пакрыўдзіць душу памерлага (што пагражае страшнымі наступствамі). Таму дзіцячая традыцыя trіck-or-treatіng такая папулярная: у які б дом ты ні завітаў, ніхто не пакіне цябе без салодкага падарунка.

Факты

  • Пярэдадзень Дня ўсіх святых прыносіць крамам прыбытак, які саступае па велічыні толькі прыбытку ад калядных продажаў. Свята, што калісьці не патрабавала адмысловай падрыхтоўкі, у сучасным англамоўным свеце (ды і ў многіх іншых краінах) адзначаюць з вялікім размахам, якія прадугледжвае значныя траты. Дэкаратыўныя гірлянды, упрыгажэнні для дому, складаныя дарагія касцюмы, тоны цукерак — усё гэта ўлятае ў капеечку! Агучваюцца сумы ў межах 500 мільёнаў долараў. Чвэрць усяго аб'ёму цукерак, якія прадаюцца ў ЗША за год, прыходзіцца на Хэлаўін. Нягледзячы на тое, што Каляды і Дзень падзякі лічацца ў ЗША галоўнымі святамі абжорства, Пярэдадзень Дня ўсіх святых упэўнена трымае пальму першынства ў галіне ўсялякіх цукерак, ледзянцоў і шакаладак.
  • 31 кастрычніка 1926 года памёр Гары Гудзіні. Знакаміты фокуснік пайшоў з жыцця ў Пярэдадзень Дня ўсіх святых, пасля таго, як тыднем раней яго ўдарылі ў жывот пры выкананні трука. Удар прывёў да перытаніту, а да ўрача Гудзіні так і не звярнуўся, што і стала прычынай такога сумнага канца.
  • Хэлаўін-фобія. Самайнафобія — моцны страх перад Хэлаўінам, які выклікае панічныя атакі. Іншыя фобіі гэтага свята: вікафобія — боязь ведзьмаў, фазмафобія — боязь прывідаў, кайметрафобія — боязь могілак.
  • Першапачаткова «ліхтары Джэка» рабілі з выскрабанай рэпы, выразаючы на ёй не жудасныя тварыкі, а твары памерлых сваякоў.

Падрыхтаваў Іван Купарвас

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».