Вы тут

Лукашэнка прыме ўдзел у асноўнай дыскусіі на Мюнхенскай канферэнцыі


Сустрэча Асноўнай групы Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы стартуе сёння ў Мінску. У адкрыцці форуму і дыскусійнай сесіі "Адносіны Усход-Захад" прыме ўдзел Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. Гэтую інфармацыю БЕЛТА пацвердзілі ў прэс-службе кіраўніка дзяржавы.

Беларуская сталіца ўпершыню прымае сустрэчу гэтага форуму. Мюнхенскі фармат зарэкамендаваў сябе як адзін з найбуйнейшых і найаўтарытэтнейшых форумаў у свеце па супрацоўніцтве ў ваенна-палітычнай сферы.


 

Таму, безумоўна, гэта сустрэча — з шэрагу самых значных палітычных падзей за год у Беларусі. У форуме прымаюць удзел прэзідэнты Беларусі, Арменіі, прэм’ер-міністры Малдовы, Сербіі, кіраўнікі знешнепалітычных ведамстваў, прадстаўнікі міжнародных ваенных арганізацый і, канешне, вядучыя спецыялісты ў сферы бяспекі. Фармат дыялогу, у якім супольна задзейнічаны і эксперты, і афіцыйная ўлада, атрымаў назву “паўтарачнага ўзроўню” дыпламатыі. Унікальнасць яе ў тым, што афіцыйныя перагаворы ўлады значна фармалізаваныя, а дыскусіі экспертаў часам адарваныя ад рэальнасці. Ад сумяшчэння двух гэтых трэкаў чакаюцца найбольш якасныя і прадуктыўныя вынікі.

Секцыі Асноўнай групы праводзіліся ў разнастайных пунктах свету — Пекіне, Вене, Нью-Дэлі, Тэгеране, апошні раз  — у Вашынгтоне. Рашэнне здзейсніць сустрэчу ў Мінску  — па-першае, прызнанне напрацовак Беларусі ў дасягненні міру ў “гарачых кропках" рэгіёна (тут дарэчы ўспомніць пра Трохбаковую кантактную групу па Украіне і Мінскую групу АБСЕ  па ўрэгуляванні Карабахскага канфлікту). Па-другое, мае значэнне і знаходжанне краіны — паміж Захадам і Усходам, таму ўзаемаадносіны гэтых рэгіёнаў стануць вядучай тэмай для абмеркавання.

Градус сустрэчы, на думку спецыялістаў-міжнароднікаў, дадае рашэнне Злучаных Штатаў выйсці з дагавора аб РМСД і планы размясціць у Польшчы ваенную базу, якая атрымае назву “Форт Трампа”.

З нагоды візіту на “мінскую” Мюнхенскую канферэнцыю прэзідэнта Арменіі Армэна Саркісяна магчыма, што ў пэўных колах будзе абмяркоўвацца і Карабахскі канфлікт. “І ў Азербайджане з насцярожанасцю глядзяць за развіццём палітычных падзей, якія адбываюцца ў Арменіі. І Арменія вельмі акуратна, вельмі насцярожана шукае пункты судакранання ў вядзенні далейшых перагавораў па гэтым пытанні з Азербайджанам. Для нас, можна сказаць, гэта цяпер краевугольны камень вядзення палітыкі Арменіі”, — адзначыла эксперт, ветэран органаў бяспекі Арменіі  Марына Мкртчан падчас відэамосту, прысвечанага сустрэчы Асноўнай групы Мюнхенскай канферэнцыі, у прэс-цэнтры Sputnik Беларусь.

Як вядома, эканоміка з палітыкай заўсёды ходзяць разам, таму адна з тэм сустрэчы будзе закранаць эканамічную сітуацыю ва Усходняй Еўропе. У гэтым ракурсе найбольш актуальна гучыць праблематыка санкцый, узаемаадносіны ЕАЭС і Еўрапейскага саюза.

Важнае дасягненне сустрэчы ў Мінску — увогуле з’яўленне дыялогу. Як  адзначаюць эксперты, мы жывём у той час, калі сам факт размовы, дыскусіі супрацьлеглых бакоў — ужо навіна. “Адзінае, што мы сёння можам зрабіць для таго, каб сітуацыя не пагоршылася, а па магчымасці і паляпшалася, — набрацца цярпення і сфакусавацца на тым мінімуме пазітыўных ідэй, якія прымальныя для ўсіх бакоў і дапамогуць адсунуць на другі план той велізарны недавер і супярэчнасці. У цэлым зразумела, калі разбураецца сістэма кантролю над зброяй і сістэма стратэгічнай стабільнасці, якая на працягу дзесяцігоддзяў была краевугольным каменем міру і бяспекі на ўсёй планеце, гэта і павінна стаць тым сінэргічным эфектам”, — такім бачыць практычныя вынікі работы Асноўнай групы кіраўнік экспертнай ініцыятывы "Мінскі дыялог" Яўген Прэйгерман.

Ці знойдуць агульную мову афіцыйныя ўлады і эксперты, ці выпрацуюць прымальныя для ўсіх бакоў ідэі бяспекі і супрацоўніцтва, убачым па выніках форуму, якія падвядуць ужо ў чацвер. Але пацвярджэннем таго, што дыскусіі будуць насамрэч насычанымі і плённымі — шэраг аўтарытэтных гасцей. Сярод іх заяўлены генеральны сакратар АБСЕ Томас Грэмінгер, еўракамісар па еўрапейскай палітыцы суседства і перагаворах аб пашырэнні ЕС Ёханес Хан, першы намеснік прэм’ер-міністра Азербайджана Ягуб Эйюбаў.

Падрабязней пра сустрэчу Асноўнай групы Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы чытайце ў наступных нумарах “Звязды”.

Марыя ДАДАЛКА

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.