Вы тут

Нас чакаюць значныя змены ў Падатковым кодэксе


На актуальныя пытанні па вылічэнні падаходнага падатку ў 2018 годзе і планы на будучыню адказвалі спецыялісты Міністэрства па падатках і зборах: Андрэй КАВАЛЕЎСКІ, начальнік упраўлення падаткаабкладання даходаў і маёмасці фізічных асоб, а таксама Сяргей ШКУТ, начальнік Галоўнага ўпраўлення развіцця падатковых органаў.


Так, з 2019 года фізасобы змогуць звяртацца для падачы падатковай дэкларацыі па падаходным падатку ў любую падатковую на тэрыторыі краіны. Якія арганізацыйныя і тэхнічныя работы праводзяцца падатковымі органамі, каб забяспечыць грамадзянам такую магчымасць?

Праектам Закона «Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Падатковы кодэкс краіны» прадугледжана права на ўдзел у падатковых адносінах незалежна ад месца пастаноўкі на ўлік, месца жыхарства, адзначыў Сяргей Шкут падчас анлайн-канферэнцыі на сайце БелТА. Плацельшчык мае права атрымліваць ад падатковых органаў незалежна ад месца пастаноўкі на ўлік бясплатную інфармацыю аб дзеючых падатках, зборах (пошлінах), актах падатковага заканадаўства, а таксама аб правах і абавязках плацельшчыкаў, падатковых органаў і іх службовых асоб.

Непасрэдна фізічным асобам, якія не з'яўляюцца індывідуальнымі прадпрымальнікамі, даецца права прадстаўляць у падатковыя органы незалежна ад месца пастаноўкі на ўлік, месца жыхарства: падатковую дэкларацыю (разлік) па падаходным падатку з фізічных асоб; падатковую дэкларацыю па падаходным падатку з фізічных асоб з даходаў плацельшчыка, які не прызнаецца падатковым рэзідэнтам нашай краіны, а таксама апавяшчэнне аб ажыццяўленні відаў дзейнасці, якія прызнаюцца аб'ектам падаткаабкладання адзіным падаткам з індывідуальных прадпрымальнікаў і іншых фізічных асоб. Таксама яны могуць у гэтых месцах запатрабаваць дакументы, якія пацвярджаюць права на падатковыя льготы, і дакументы, неабходныя для вызначэння сумы адзінага падатку з індывідуальных прадпрымальнікаў і іншых фізічных асоб, якая падлягае заліку або вяртанню.

Акрамя таго, фізічныя асобы змогуць звяртацца незалежна ад месца пастаноўкі на ўлік, месца жыхарства дзеля ажыццяўлення адміністрацыйных працэдур у інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах па раёне, горадзе або раёне ў горадзе. Гэтыя меры разам са стварэннем цэнтраў абслугоўвання плацельшчыкаў накіраваны на стварэнне камфортных умоў плацельшчыкам для выканання імі падатковых абавязацельстваў.

Што нас чакае ў наступным годзе?

Што новага ў парадку вылічэння падаходнага падатку? Новым законапраектам прадугледжваецца шэраг змяненняў у частцы падаткаабкладання даходаў фізічных асоб. Але пакуль законапраект не прыняты, і весці гаворку аб тым, што такія змены будуць дзейнічаць у 2019 годзе, заўчасна, лічыць Андрэй КАВАЛЕЎСКІ. Разам з тым ён коратка абазначыў асноўныя з іх.

Законапраектам прадугледжана спрашчэнне і ўдасканаленне парадку вызначэння падатковай базы падаходнага падатку па аперацыях з каштоўнымі паперамі і з фінансавымі інструментамі тэрміновых здзелак па дагаворах, заключаных з беларускімі арганізацыямі і індывідуальнымі прадпрымальнікамі, а таксама дагаворах, заключаных з замежнымі арганізацыямі і ІП.

Для павышэння прывабнасці падатковага выліку, які ўжываецца замест фактычна вырабленых і дакументальна пацверджаных выдаткаў на набыццё, рэалізацыю, пагашэнне і захоўванне каштоўных папер, прадугледжваецца павелічэнне яго памеру з 10 % да 20 %.

Устанаўліваецца льгота ў дачыненні да даходаў, атрыманых плацельшчыкамі ад платнага адчужэння на працягу пяці гадоў аднаго незавершанага закансерваванага капітальнага будынка, размешчанага на зямельным участку, выдзеленым ім для будаўніцтва і абслугоўвання жылога дома, садоўніцтва, дачнага будаўніцтва, у выглядзе службовага надзелу.

Сацыяльны вылік

Для дадатковай сацыяльнай падтрымкі бацькоў, мужа або жонкі, апекуна або папячыцеля, якія ажыццяўляюць догляд інвалідаў І і ІІ групы, старэйшых за 18 гадоў, прапануецца пералік утрыманцаў пашырыць за кошт гэтай катэгорыі інвалідаў.

Для спрашчэння прымянення плацельшчыкамі і адміністравання падатковымі агентамі сацыяльнага падатковага выліку па выдатках на страхаванне прапануецца зняць абмежаванне ў частцы налічэння сацыяльнага падатковага выліку па сумах страхавых узносаў, выплачаных плацельшчыкамі беларускім страхавым арганізацыям па дагаворах добраахвотнага страхавання жыцця, дадатковай пенсіі і медыцынскіх расходаў, і даць магчымасць прымяняць такі вылік у суме страхавых узносаў, фактычна выплачаных страхавым арганізацыям.

У цяперашні час фізічная асоба мае права прымяніць сацыяльны падатковы вылік па страхавых узносах, выплачаных па вышэйпералічаных дагаворах страхавання, у памеры, які не перавышае 3164 рублі. Для павышэння прывабнасці маёмаснага падатковага выліку, налічанага плацельшчыку замест фактычна вырабленых і дакументальна пацверджаных расходаў, звязаных з набыццём і (або) адчужэннем платнай адчужальнай маёмасці, прапануецца павялічыць яго памер з 10 % да 20 %.

Вылік на будаўніцтва

У мэтах паскарэння і аператыўнага выкарыстання плацельшчыкамі, якія маюць права на прымяненне сацыяльных падатковых вылікаў і маёмаснага падатковага выліку па выдатках на будаўніцтва або набыццё жылля на тэрыторыі краіны, законапраектам прадугледжваецца ўнесці змены ў парадак налічэння такіх вылікаў па даходах, атрыманых не па месцы асноўнай працы (службы, вучобы). Названыя вылікі плацельшчыкі будуць мець права атрымліваць на працягу каляндарнага года ад падатковых агентаў, якія выплачваюць такія даходы.

Цяпер вылікі па даходах, атрыманых не па месцы асноўнай працы (службы, вучобы), налічваюцца па заканчэнні каляндарнага года падатковым органам.

Пяць гадоў замест трох

Законапраектам устанаўліваюцца канкрэтныя стаўкі падаходнага падатку ў дачыненні да даходаў ад здачы фізічным асобам у арэнду, наём жылых і нежылых памяшканняў, машына-месцаў, а абласным і Мінскаму гарадскому Саветам дэпутатаў даецца права памяншаць (не больш чым у два разы) памер гэтых ставак у залежнасці ад катэгорыі населенага пункта. У цяперашні час ўстаноўлены мінімальны і максімальны памеры ставак падаходнага падатку ў фіксаваных сумах. Канкрэтныя памеры ставак устанаўліваюцца абласнымі (і Мінскім гарадскім) Саветамі дэпутатаў.

Для ўпарадкавання асаблівасцяў вылічэння, парадку і тэрмінаў выплаты падаходнага падатку падатковымі агентамі праектам прапануецца павялічыць тэрмін, за які падатковы агент мае права ўтрымаць у плацельшчыка няўтрыманую, або няпоўнасцю ўтрыманую ў яго суму падаходнага падатку, або вярнуць плацельшчыку залішне ўтрыманы падаходны падатак з 3 да 5 гадоў. Згаданае змяненне накіравана на прывядзенне раздзела «Падаходны падатак з фізічных асоб» у адпаведнасць са зменамі, якія ўносяцца ў агульную частку ПК, згодна з якімі ўтрыманне няўтрыманага або на вяртанне залішне выплачанага падатку ажыццяўляецца за 5 гадоў (замест 3 гадоў).

Час «Ікс» — 31 сакавіка

Для фізічных асоб, на якіх заканадаўствам ускладзены абавязак па дэклараванні даходаў, атрыманых імі на працягу каляндарнага года, прапануецца перанесці тэрмін прадстаўлення ў падатковы орган падатковых дэкларацый па падаходным падатку з 1 на 31 сакавіка, а тэрмін выплаты падаходнага падатку з 15 мая на 1 чэрвеня.

Гэта звязана з неабходнасцю прадстаўлення фізічнай асобай адначасова з падатковай дэкларацыяй дакументаў, якія пацвярджаюць атрыманне даходаў і выплату падатку з гэтых даходаў за мяжой, які падлягае заліку пры выплаце падаходнага падатку ў Беларусі.

Сяргей КУРКАЧ

Загаловак у газеце: З новага года выбіраем падатковую не па прапісцы

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».