Вы тут

Першы Зялёны офіс адкрыўся ў Беларусі


Гэта пляцоўка, дзе ідэі ў інтарэсах устойлівага развіцця інтэгруюцца ў штодзённае жыццё

У снежні мінулага года ў Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя М. Танка быў створаны рэсурсны цэнтр Grееn оffісе на базе факультэта прыродазнаўства. А ўжо сёння Grееn оffісе БДПУ прызнаны на еўрапейскім узроўні: ён унесены на карту зялёных офісаў і ініцыятыў Еўропы і свету. На дадзены момант у свеце працуе ўсяго 35 зялёных офісаў, у бліжэйшы час будуць створаны яшчэ 42. На постсавецкай прасторы офіс БДПУ першы і пакуль адзіны.


Ідэя стварэння падобнай арганізацыі належыць Наталлі Навуменцы, дэкану факультэта прыродазнаўства, якая падчас замежнай камандзіроўкі пазнаёмілася з прадстаўнікамі Grееn оffісе Германіі і запрасіла іх у Беларусь. Падчас правядзення дэкады ўстойлівага развіцця ў БДПУ прадстаўнікі Grееn оffісе Гільдэсгайм (ФРГ) расказалі пра сваю дзейнасць, натхнілі выкладчыкаў і студэнтаў на стварэнне такой структуры ў сваім універсітэце. Першы час яны дапамагалі, тлумачылі, якія крокі трэба рабіць пры стварэнні арганізацыі, дасылалі нарматыўныя дакументы. Рабяты і цяпер актыўна падтрымліваюць сувязь. У выніку на працягу няпоўнага года свайго існавання Зялёны офіс БДПУ не толькі станавіўся ўдзельнікам мерапрыемстваў рознага ўзроўню, але і выступаў арганізатарам універсітэцкіх акцый, майстар-класаў, адукацыйных гульняў.

— Наш Зялёны офіс на сусветнай карце — яшчэ адно акно ў навакольны свет, якое дазваляе сачыць за сучаснымі тэндэнцыямі ў галіне развіцця руху зялёных офісаў, развівацца ў адпаведнасці з ідэямі і прынцыпамі ўстойлівага развіцця і на іх аснове будаваць свой устойлівы ўніверсітэт, а таксама ў поўнай меры ўносіць свой уклад у развіццё іміджу БДПУ, — адзначае Наталля Навуменка.

Дзейнасць беларускага Зялёнага офіса высока ацанілі еўрапейскія калегі. Каардынатары Grееn оffісе БДПУ прайшлі анлайн-курс Grееn оffісе mоdеl ад Ангельма Т. Грааля, навуковага супрацоўніка ўніверсітэта Люнебург (ФРГ), і атрымалі пасведчанне аб яго паспяховым заканчэнні.

Наталля Салагуб, навуковы кіраўнік рэсурснага цэнтра Grееn оffісе БДПУ, расказала:

— Паміж БДПУ і ўніверсітэтам г. Гільдэсгайм падпісаны мемарандум аб супрацоўніцтве, у адным з пунктаў якога прапісана ўзаемадзеянне паміж офісамі, медыяабмен. Сёння не толькі еўрапейскія краіны імкнуцца да ўстойлівага развіцця, у Беларусі таксама дзейнічае гэтая праграма, але трэба заўсёды пачынаць з сябе, дзейнічаць на лакальным узроўні і спачатку зрабіць устойлівым універсітэт. Нашы студэнты, у сваю чаргу, будуць медыятарамі, якія ў далейшым распаўсюдзяць ідэі ўстойлівага развіцця на месцах.

Наталля Тарнавецкая, каардынатар Grееn оffісе БДПУ, дадае:

— Наш Зялёны офіс — гэта перш за ўсё маладзёжная валанцёрская арганізацыя, якая інтэгруе прынцыпы ўстойлівага развіцця ў паўсядзённае жыццё студэнцкай супольнасці і выкладчыкаў. Нашы ідэі пранікаюць і ў навуковую дзейнасць ВНУ. Напрыклад, на ўніверсітэцкай аграбіястанцыі «Зялёнае», якая знаходзіцца за 20 кіламетраў ад Мінска (там праходзяць заняткі ў будучых хімікаў, біёлагаў, географаў), ёсць доследная пляцоўка для арганічнага земляробства (адзін з кірункаў нашай дзейнасці), а таксама ёсць станцыя біяраскладання, на якой кожны год закладваюцца доследныя адзінкі.

Яшчэ адзін каардынатар праекта, Наталля Шаўцова, падзялілася планамі Зялёнага офіса на найбліжэйшую будучыню і адзначыла, што ва ўніверсітэце выкарыстоўваюць шмат паперы, а таксама востра стаіць пытанне аб зборы адпрацаваных батарэек. Таму сёння Grееn оffісе БДПУ распрацоўвае праект па ўстаноўцы кантэйнераў для асобнага збору адходаў.

Цікавыя і праекты, якія ўдалося ажыццявіць за гэты час: экалагічная гульня-квэст для школьнікаў на АБС «Зялёнае»; чорна-белая дарожка (наглядна тлумачыць працэс натуральнага сонечнага награвання); «зялёны клас» («аўдыторыя» на свежым паветры); акцыя па абмене рэчамі; акцыя па абмене пластыкавых бутэлек на яблыкі (закраналіся і пытанні правільнага харчавання); конкурс экалагічнай фатаграфіі; экалагічная сцежка на базе АБС; збор лекаў, кармоў, цацак для бяздомных сабак. У рамках праекта ЕWОСА на тэрыторыі ўніверсітэта былі зроблены альпійская горка, «гатэль» для насякомых (вочкі з розным напаўненнем, дзе можна назіраць за жыццём насякомых, у далейшым плануецца зрабіць паўнавартасную заалагічную пляцоўку).

ЕWОСА — еўрапейскія маладзёжныя валанцёрскія лагеры (Германія, Італія, Баларусь). Мэтай праграмы ЕWОСА з'яўляецца садзейнічанне знаёмству моладзі з розных дзяржаў Еўропы адно з адным і з культурай партнёрскіх краін, адукацыйнае суправаджэнне і падтрымка гэтых працэсаў у фармаце міжнародных валанцёрскіх лагераў.

Вольга ПРАЛЮК

Фота з архіва БДПУ

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».