Вы тут

Усё, што трэба ведаць пра цукровы дыябет


Больш за 420 мільёнаў мужчын і жанчын у свеце пакутуюць сёння ад праяў дыябету — 7 са 100 чалавек

Гэта небяспечная немач у ХХІ стагоддзі канчаткова перастала быць «хваробай пажылых» і імкліва маладзее, яе ахвярамі становяцца не толькі людзі ва ўзросце 50+, але і нават 25—30-гадовыя. Паводле прагнозаў Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, з году ў год колькасць людзей, хворых на цукровы дыябет, будзе павялічвацца, і да 2030 года дыябет выйдзе на сёмае месца сярод усіх прычын смяротнасці. Хвароба стала па-сапраўднаму сацыяльнай праблемай, і таму важна навучыцца «перахопліваць» яе на дальніх подступах, не даючы развіцца і сапсаваць жыццё. Што для гэтага неабходна ведаць і на якія сімптомы звярнуць увагу, расказала кандыдат медыцынскіх навук, урач-эндакрынолаг найвышэйшай катэгорыі медыцынскага цэнтра «Ладэ» Валянціна ШУТАВА.


— Валянціна Іванаўна, колькасць хворых на цукровы дыябет — бадай, самае распаўсюджанае эндакрыннае захворванне — пастаянна расце, у тым ліку і ў нашай краіне. Чым гэта можна растлумачыць?

— Сярод эндакрыннай паталогіі цукровы дыябет разам з захворваннямі шчытападобнай залозы сапраўды займае першае месца. Так, на жаль, колькасць хворых на яго прагрэсіўна расце. У Беларусі іх налічваецца больш за 300 тысяч. Прычым за апошнія дзесяць гадоў колькасць тых, каму дыягназ быў пастаўлены ўпершыню, павялічылася ўтрая. Магчыма, у нейкай ступені рост звязаны з больш дакладнай дыягностыкай, а таксама з больш пільнай увагай: пацыенты праходзяць і прафагляды, і дыспансерызацыю. Цукровы дыябет зараз часцей выяўляецца на ранняй стадыі. На жаль, ёсць і сумны момант: расце колькасць дзяцей, хворых на дыябет першага тыпу. У нас больш за дзве тысячы такіх сярод дзяцей да 18 гадоў. Прычым назіраецца амалоджванне дыябету: калі раней пік захворвання прыходзіўся на ўзрост бліжэй да падлеткавага — 10—12 гадоў, то зараз — на 5—9 гадоў. Шмат хворых дзяцей ва ўзросце ад 1 да 4 гадоў, што раней таксама было нячастай з'явай. На першы тып дыябету, дарэчы, прыходзіцца да 15 % хворых, а каля 85—90 % займае другі тып.

— Калі мы закранулі дыябет першага тыпу, раскажыце, наколькі тут уплывае спадчынны фактар? Ці высокая імавернасць захварэць, калі такі дыягназ маюць блізкія сваякі?

— На шчасце, невысокая. Яна крыху вышэйшая, чым сярод здаровых людзей. Дыябет першага тыпу — гэта аўтаімуннае захворванне, яно звязана з парушэннем з боку імуннай сістэмы. Калі хтосьці хворы на дыябет першага тыпу, палохацца, што гэта захворванне перадасца і дзіцяці, не варта. Тут немагчыма прасачыць заканамернасць. На жаль, мы бачым шмат выпадкаў, калі абое бацькі, дзядулі і бабулі здаровыя, а нараджаецца адно дзіця, другое, і ў іх адзін за адным з'яўляецца дыябет першага тыпу. Магчыма, гэта паломка на генетычным узроўні, якая праяўляецца ў дадзенай сям'і.

— Што ўплывае на ўзнікненне дыябету другога тыпу?

— Калі дыябет першага тыпу звязаны з дэфіцытам інсуліну (пры ім адбываецца разбурэнне бэта-клетак, якія яго прадуцыруюць), то пры дыябеце другога тыпу інсулінавая сакрэцыя захоўваецца. Але з'яўляюцца розныя механізмы, якія перашкаджаюць яму працаваць: або клетка не бачыць інсулін, або ўзнікаюць парушэнні з боку бялкоў, якія праводзяць інсулін да клеткі. Вылучаюць два падтыпы хворых з дыябетам другога тыпу, папросту кажучы, з лішняй масай цела і з нармальнай. Прычым цукровы дыябет з лішняй масай цела займае каля 80—85 %, а 10—15 % — з нармальнай масай цела. У дыягназе звычайна так і пішуць: цукровы дыябет другога тыпу з лішняй масай цела ці, больш правільна, з інсулінарэзістэнтнасцю. Лішняя вага выступае адным з фактараў метабалічнага сіндрому. Метабалічны сіндром — гэта спалучэнне некалькіх сімптомаў: лішняй вагі, артэрыяльнай гіпертэнзіі, парушэння ліпіднага і вугляводнага абменаў.

Калі чатыры гэтыя фактары збіраюцца разам, яны ўзмацняюць адзін адно. У выпадку атлусцення, калі маса цела нарастае, з'яўляюцца механізмы, якія выклікаюць парушэнні і тлушчавага, і вугляводнага абменаў, выклікаючы дыябет другога тыпу. Звязана гэта з тым, што з атлусценнем парушаецца адчувальнасць клетак да інсуліну: яны яго не бачаць, умоўна кажучы, не могуць адчыніць свае дзверцы, каб прыняць глюкозу, якую нясе інсулін. У выніку запускаецца іншы механізм, бо глюкозу ж трэба кудысьці дзець. І інсулін выконвае сваю іншую функцыю: гэтую глюкозу ён ператварае ў тлушчавую тканку. Маса цела павялічваецца, а чым яна большая, тым больш нарастае інсулінарэзістэнтнасць — з'яўляецца такое замкнёнае кола. Часта пры дыябеце, калі хворы дрэнна кантралюе харчаванне, вага нарастае, таблеткі не дзейнічаюць, даводзіцца прызначаць дадатковы інсулін. А ён толькі ўзмацняе гэты стан: яшчэ больш нарастае вага пры дрэннай кампенсацыі і з дрэнным кантролем. Таму з якога боку да дыябету ні падысці, на першы план выходзіць самакантроль пацыента: што і колькі есці.

— Яшчэ кажуць, што дыябет — гэта хвароба, якая назапашваецца гадамі. І пачынаецца тады, калі рэсурсы арганізма цалкам знясілены і больш не спраўляюцца з той нагрузкай, якую мы даём, калі няправільна харчуемся. А яму папярэднічае пераддыябет. Што гэта за стан?

— Вельмі слушная, дарэчы, заўвага пра дыябет. Калі адбываецца дыспансерызацыя, у кожнага пацыента, з якой бы праблемай ён ні звярнуўся, мы найперш удакладняем спадчынны анамнез: ці ёсць у сям'і дыябет. Гэта важны фактар, бо перадаецца не сам дыябет другога тыпу, а схільнасць да яго. Другі момант: калі мы бачым чалавека, схільнага да атлусцення ці з лішняй масай цела, просім зрабіць абследаванні. Абавязкова высвятляем узровень глюкозы ў крыві, а таксама робім аналіз крыві на глікіраваны гемаглабін, які паказвае, ці былі павышэнні ўзроўню глюкозы за апошнія тры месяцы. У некаторых выпадках робім такі тэст, як нагрузка глюкозай. Ёсць яшчэ такое абследаванне, якое паказвае, як узаемадзейнічаюць глюкоза і інсулін (вылічваецца індэкс інсулінарэзістэнтнасці). Бо здараецца, што ўзровень глюкозы ў крыві ў норме, глікіраваны гемаглабін таксама, а індэкс інсулінарэзістэнтнасці павышаны. Пры норме ад 0 да 2,7, максімум 3, ён складае 4-5. Гэта значная рызыка. Гэта значыць, што інсуліну шмат, але ён не спраўляецца з невялікім узроўнем глюкозы, не можа яе нейтралізаваць. Індэкс паказвае, што ёсць неадчувальнасць да інсуліну. Інсулінарэзістэнтнасць з нязначнымі павышэннямі глюкозы ў крыві ці без іх і называецца пераддыябетам. І з гэтым станам можна паспяхова змагацца, калі своечасова пачаць. Найперш, калі ёсць лішняя вага, кантраляваць яе і імкнуцца зніжаць. Бо чым большая маса цела, тым вышэйшы індэкс інсулінарэзістэнтнасці, тым хутчэй мы выйдзем на дыябет. Абцяжарвае сітуацыю спадчынны фактар, а таксама парушэнні тлушчавага абмену, павышаныя ўзровень халестэрыну і індэкс атэрагеннасці. Цяжкім грузам з'яўляецца і метабалічны сіндром, ён паскарае пераход хворага ў стан цукровага дыябету.

— Ці ёсць сімптомы ў пераддыябету?

— Адчуванняў як пры дыябеце — сухасці, смагі — няма. Але калі пры наяўнасці спадчыннага фактару назіраецца некантраляваны набор вагі — гэта сігнал да таго, каб абследавацца. Можа быць павышаны апетыт, асабліва пасля салодкага, пасля ўжытых вугляводаў. Калі няма часу паснедаць, хуценька выпіваеш кубак салодкай кавы, з'ядаеш нешта салодкае ці на рабоце перакусваеш салодкім. Праходзіць паўтары, максімум дзве гадзіны і з'яўляецца адчуванне павышанага апетыту, а ў некаторых — галаўны боль, дрыжанне рук, раздражнёнасць. Гэта значыць, што глюкоза прастымулявала выкід інсуліну і яго лішак дае лёгкую гіпаглікемію. Такая гіперінсулінамія можа быць адным з сімптомаў пераддыябету.

— Ці можна вылечыць дыябет другога тыпу?

— Калі пацыент пачынае старанна выконваць усе правілы, зніжаецца маса цела і патрэбнасць у таблетках знікае. Бо мы дасягнулі таго, што інсулінарэзістэнтнасць пайшла на спад, нармалізаваўся вугляводны абмен. Праўда, гэта магчыма, калі хвароба не запушчаная. Бо наш арганізм, у прыватнасці крываносныя сасуды, абмен рэчываў, прыстасоўваецца, настройваецца на пэўны рэжым работы, і ссунуць яго да ідэальнага ўжо складана.

— У якім узросце звычайна ўзнікае цукровы дыябет другога тыпу?

— Ён лічыцца хваробай дарослых. Пік захваральнасці прыпадае на ўзрост пасля 40, у 50—60 гадоў. Праўда, дыябет другога тыпу бывае і ў дзяцей, і ў падлеткаў, але там крыху іншыя механізмы ўзнікнення.

— Што павінны рабіць пацыенты з дыябетам, каб жыццё было больш камфортным?

— У першую чаргу — навучыцца з ім жыць. Лягчэй працаваць з першым тыпам дыябету. Там нястача інсуліну, яго трэба ўводзіць, разлічваць дозу, кантраляваць харчаванне, фізічную нагрузку, сачыць, каб усе фактары супадалі і выходзілі на нармальны ўзровень. Гэтаму лёгка навучаюцца, асабліва дзеці. Яны ў 5-7-гадовым узросце добра ведаюць, якая норма глюкозы, колькі і чаго яму трэба з'есці, і робіць гэта аўтаматычна. Складанасці ўзнікаюць з падлеткамі і старэйшымі дзецьмі. З дарослымі размаўляць пра фактары, якія трэба кантраляваць, бывае дастаткова цяжка. Яны ўсведамляюць, што гэта моцна ўскладняе іх жыццё, і вырашаюць так: колькі пражыву — усё маё.

З другім тыпам дыябету ёсць некалькі фактараў, якім варта аддаваць увагу. На першым месцы стаіць харчаванне, затым — прыём неабходных фармпрэпаратаў, фізічная нагрузка, а іх аб'ядноўвае самакантроль, без яго лячыцца не атрымаецца.

Фізічная нагрузка павінна быць дастатковай, каб працавалі цягліцы, цыркулявала кроў, гэта мінімізуе развіццё ўскладненняў. Што датычыцца харчавання, тут няма вялікіх сакрэтаў. Пацыенты просяць расказаць, што можна есці, а што нельга, быццам бы да гэтага і будзе зводзіцца лячэнне. На жаль, гэта не так. Нездарма кажуць, што дыябет — гэта не хвароба, а лад жыцця. Для хворых на дыябет другога тыпу, ды і першага таксама, рэкамендуецца звычайнае здаровае харчаванне. Варта пазбягаць лішкаў рафінаваных простых вугляводаў, ужываць больш прадуктаў з наяўнасцю крухмалу і складаных вугляводаў, больш клятчаткі — яна аказвае добры лячэбны эфект, як і некаторыя таблеціраваныя прэпараты накшталт метфарміну. Яна зніжае інсулінарэзістэнтнасць і ўзровень халестэрыну, затрымлівае таксічныя рэчывы, не дае ім усмоктвацца, нармалізуе функцыю кішэчніка. Таму ў рацыёне павінна прысутнічаць дастатковая колькасць клятчаткі — да 30—35 грамаў у суткі. Яе змяшчаюць садавіна і агародніна, зеляніна, кашы — грэцкія, ячныя, аўсяныя крупы (не камякі). Можна дадаваць у кашы і гатовую клятчатку, якая прадаецца асобна.

Харчаванне павінна быць збалансаваным па тлушчах, бялках, вугляводах. Нас калісьці вучылі, што 60 % павінны складаць вугляводы, 15 % бялкі, і 20—25 % тлушчы, зараз падыходы да вугляводаў мяняюцца. Мы ўжываем іх у вялікай колькасці, таму варта зніжаць іх колькасць да 50—55 %, павялічваючы колькасць тлушчаў і бялкоў. Тлушчы пажадана пераважна расліннага паходжання, менш жывёльных. Калі размова ідзе пра дзяцей, то ў іх павінна ў рацыёне быць палова раслінных, палова жывёльных. 

Важна, каб у пацыента, хворага на дыябет, уся сям'я перабудавала сваё харчаванне, лад жыцця, асабліва тады, калі хварэюць дзеці. І блізкія павінны ўмець дапамагчы ў любых сітуацыях і пры такіх ускладненнях, як гіпаглікемія ці гіперглікемія, гэтыя моманты павінны ведаць і на працы, і ў школе, дзе вучацца дзеці. У нашай краіне даўно існуюць «школы цукровага дыябету», дзе пацыентаў і іх блізкіх вучаць, як жыць з гэтай хваробай, кантраляваць лячэнне і пазбягаць ускладненняў. У многім стан хворага залежыць ад таго, наколькі ён падрыхтаваны. Штогод 14 лістапада ва ўсім свеце адзначаецца Сусветны дзень дыябету, сёлета ён, дарэчы, будзе праходзіць пад дэвізам «Сям'я і дыябет».

— Зараз шмат сучасных прылад, якія дапамагаюць людзям з дыябетам...

— Так, сродкі самакантролю зараз моцна аблягчаюць жыццё. Гэта зручна, калі пад рукой ёсць экспрэс-тэст, які дазваляе высветліць, якая глюкоза ў крыві раніцай, да абеду, пасля абеду. Больш за тое, пры дыябеце першага тыпу ёсць сродкі доўгага кантролю. Напрыклад, праграма ўсталёўваецца на тэлефон, маленькі датчык прымацоўваецца на руку, і затым дастаткова паднесці да яе тэлефон, нават не трэба праколваць палец. Гэта пакуль дарагія методыкі і не ўсім даступныя, але добра, што яны ёсць. Пашыраюцца і метады ўвядзення інсуліну: цяпер гэта не толькі шпрыц і шпрыц-ручка, але і помпавая тэрапія. Так што магчымасцяў аблегчыць жыццё з дыябетам сёння хапае.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Тураўскі крыж упершыню будзе прадстаўлены 26 верасня

Тураўскі крыж упершыню будзе прадстаўлены 26 верасня

На свята Узнясення Крыжа Гасподняга, падчас вячэрняй службы ў Мінскім кафедральным саборы.

Грамадства

Як і чым жыве колішняя «памідорная сталіца» Беларусі?

Як і чым жыве колішняя «памідорная сталіца» Беларусі?

Каб адчуць, чым organіc food адрозніваецца ад звыклых для сучаснага гараджаніна прадуктаў, дастаткова пакаштаваць памідоры ў Савічах і параўнаць іх з таматамі з гіпермаркета.

Грамадства

Генеральны дырэктар РУП «Белпошта» Святлана Юркевіч: Мы будзем развіваць перш за ўсё паштаматы

Генеральны дырэктар РУП «Белпошта» Святлана Юркевіч: Мы будзем развіваць перш за ўсё паштаматы

На працягу многіх дзесяцігоддзяў пошта асацыіравалася з традыцыйным наборам паслуг — лістамі, пасылкамі, газетамі, пенсіямі... Але сучасныя тэхналогіі ўсё больш уваходзяць у наш побыт.