Вы тут

Шум фена, стракатанне нажніц і аніводнага слова


У Беларусі з 3,5 тысяч прафесій інваліды з парушэннем слыху могуць засвоіць толькі сотню. Гэта  рашэнне медыцынскай рэабілітацыйнай экспертнай камісіі. На справе ж  патэнцыял глухіх людзей куды больш шырокі. Доказ таму — “Адукацыя без перашкод” Гомельскай абласной арганізацыі ГА “Беларускі саюз жанчын” у межах міжнароднай ініцыятывы “Вучыцца, каб дзейнічаць”.


Сутнасць унікальнага праекта — навучыць жанчын з парушэннямі слыху цырульнай справе і мастацтву макіяжа. Да ўдзелу запрасілі вельмі розных гамяльчанак – ад учарашніх школьніц да дарослых матуль. 

— Аб’яднала ўсіх адно – жаданне засвоіць новую прафесію. Цікава, што некаторыя з удзельніц да старта ўжо мелі пэўны досвед у б’юці-сферы. Хтосьці пастрыгаў дамашніх, хтосьці рабіў сяброўкам макіяжы. Многія былі б і радыя запісацца на платныя курсы, але вучыць інвалідаў сёння мала хто адважваецца. Таму можна смела сказаць, што ідэю праекта падказала само жыццё, — расказала кіраўнік Гомельскай абласной арганізацыі ГА “Беларускі саюз жанчын” Галіна Пашэд. — Важна, што за пяць месяцаў два дзясятка ўдзельніц не толькі перанялі прафесійныя навыкі ад лепшых гомельскіх майстроў індустрыі прыгажосці, але і пазнаёміліся з асновамі прадпрымальніцкай дзейнасці. Вядома, не ўсе пасля праекту звяжуць сваё жыццё з прафесіямі цырульніка і візажыста, але атрыманыя навыкі кожная зможа выкарыстаць для сябе.

Лоўкія жаночыя рукі хутка накручваюць валасы на плойкі, упэўнена трымаюць у руках машынкі для стрыжкі, праводзяць раўнюткія тонкія лініі на вуснах. У паветры пах лака для валасоў змешаны з хваляваннем. Нягледзячы на тое, што адукацыя ў межах праекта нефармальная і дыпломаў дзяўчаты не атрымалі, экзамен ніхто не адмяняў. Але ніякіх адзнак, правесці яго вырашылі ў форме конкурсу прафесійнага майстэрства. У лепшых традыцыях чэмпіянатаў б’юці-індустрыі.

Мужчынская стрыжка, жаночая вячэрняя прычоска, макіяж — кожная з удзельніц прадставіла выпускную работу ў той намінацыі, якая была ёй бліжэй. Акрамя вопытнага журы, вынікі пяцімесячнай вучобы ацэньвалі і звычайныя гледачы, якія сабраліся ў зале спецыяльна на дэфіле мадэлей.

Лепшымі майстрамі прызналі Лідзію Градовіч (жаночая прычоска), Ліяну Крэчэтаву (мужчынская стрыжка) і Святлану Феафілаву (макіяж). 

— Працаўладкаванне для такіх людзей па-ранейшаму застаецца праблемай. У нашай краіне няма сярэдне-спецыяльных, вышэйшых устаноў адукацыі, дзе маглі б вучыцца глухія. Кола прафесій, да якіх іх дапускаюць, абмежаванае. Швачкі, токары, слесары — у асноўным гэта рабочыя спецыяльнасці, якія па крысе страчваюць актуальнасць. А праект “Адукацыя без перашкод” даў дзяўчатам магчымасць паспрабаваць свае сілы ў запатрабаваных сёння прафесіях. Факт: усе хочуць быць прыгожымі! — разважае дырэктар Цэнтра інклюзіўнай культуры г. Гомеля Кірыл Курдзюмаў. — Пры гэтым цікавасць да нефармальнай адукацыі дарослых інвалідаў сёння надзвычай вялікая. Працадаўцы гатовыя не толькі аддаць вакансію людзям з абмежаванымі магчымасцямі, але і навучыць іх новым навыкам. Добры прыклад — “ціхія” касы, якія з’явіліся ў мінулым годзе ў сталічных крамах. Наймальнік рыхтаваў спецыялістаў для сябе. А выпускніцы нашага праекта ўжо гатовыя да працы: яны засвоілі не толькі новую прафесію, але і навучыліся працаваць у салонах горада падчас практычных заняткаў.

Ганна КУРАК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?