Вы тут

Яблыкі жыцця нашага…


Варта толькі збочыць з трасы Мінск — Брэст на прылеглую дарогу, якая вядзе да Стоўбцаў, Нясвіжа, Клецка, адчуваеш, праязджаючы па вуліцах бліжэйшых да іх вёсак і прыгарадаў, пах яблыкаў. Нават пры закрытым акне аўтамабіля. Ён увосень тонка прабіваецца праз усе астатнія пахі


Сляды яблычнай «атакі» — паўсюль: галіны дрэў гнуцца цераз агароджу палісаднікаў, кветнікаў. Яблыкі, здараецца і такое, падаюць прама на праезную частку — год выдаўся ўраджайны. А ўжо калі заходзіш у свой стары сад, што ў вёсачцы Яцкаўшчына пад Клецкам, то абавязкова прыгадаеш «антонаўскія яблыкі» Івана Буніна: такі моцны водар у нашых родных антонавак…

Белы наліў для «марскога ваўка»

Трэба бачыць, як гэты, былы капітан далёкага плавання трымае ў руках яблык белага наліву. Як нешта каштоўнае. Не адразу надкусвае. Спачатку атрымлівае асалоду ад яго выгляду, потым панюхае, паперакатвае ў далонях… Яшчэ раз удыхне салодкі водар яблыка, усміхнецца, успомніўшы пра нешта сваё …Можа быць, пра бацькоўскую хату ва Украіне і пра сваё дзяцінства ў казацкім сяле Пушкары на Чарнігаўшчыне, дзе яблыкаў было поўна ва ўраджайныя гады… Праўда, кажа, белы наліў рос ў суседскім садзе. Але гэта ніяк не перашкаджала хлопцу атрымліваць асалоду ад яго смаку: галінкі перагіналіся на іх агарод, і яблыкі шчодра сыпаліся прама на доўгія рады бульбы.

У першую нашу сустрэчу Пятро Рабко расказаў, як не можа прыжыцца ў яго міні-садзе пры невялікім лонданскім доме саджанец белага наліву. Спрабаваў і з зярнятка разам з жонкай Гінай вырасціць дрэўца, але, на жаль, не выйшла. Дарэчы, Гіна Кала — немка, родам з Усходняй Германіі, а ў мінулым вядомая журналістка. Цяпер, як і муж, на пенсіі. Разам з Пятром яны, можна сказаць, людзі свету. Мала таго, што на яхце паўсюль хадзілі ды жылі на ёй бліз невялікага рыбацкага пасёлку ў Венесуэле — цяпер вось у зімовы перыяд пакідаюць лонданскую кватэру і едуць у Чылі. І там, у Кансэпсіёне, дзе жыве з сям’ёй дачка Гіны, яе ўнукі і зяць-вулканолаг, і нашы сябры маюць невялікі домік. Жывуць там да мая месяца. «Цяпло мы любім круглы год», — прызнаецца Пятро. Час ад часу ён прыязджае і ў Беларусь, дзе ў брацкай магіле непадалёк ад Гомеля ў вёсцы Давыдаўка Светлагорскага раёну пахаваны яго бацька-франтавік. Гэтым летам разам з дачкой Аленай, жыхаркай Латвіі, ды сястрой Валянцінай, якая спецыяльна выбралася з Украіны, яе наведвалі. А потым з Ленай пабывалі ў Мінску. Гасцявалі яны разам з ёй шэсць гадоў таму і ў нашай Яцкаўшчыне. І яцкаўскі белы наліў іх у садзе цешыў. З сабой нават некалькі галінак Пятро павёз, каб прышчапіць іх у Лондане. Але на жаль, не прыжыўся пакуль белы наліў у Англіі. Ды наш сябра надзеі не пакідае. На днях напісаў: зноў шукаюць у інтэрнэце, дзе б ў Англіі яго знайсці.

Штрыфель для касманаўта

У той час, як пісаліся гэтыя нататкі, у Мінску праходзіў ХХХI Міжнародны Кангрэс Асацыяцыі ўдзельнікаў касмічных палётаў. І муж Іван, ён жа і калега, пабываў на сустрэчы студэнтаў біялагічнага факультэта БДУ з касманаўтамі — Shannon Lucid са ЗША і з Антонам Шкаплеравым з Расіі. Яшчэ гадоў пяць таму беларусы Севастопаля, дзе касманаўт нарадзіўся, расказалі Івану пра тое, што Шкаплераў — беларус па крыві. Збіраючыся ва ўніверсітэт, Іван захапіў з сабой яблыкі штрыфеля і на завяршэнне сустрэчы ўручыў іх касманаўту.

Не ведаю, сказаў Іван, з чым асацыюецца ў вас бацькоўскі дом, а вось у мяне — з яблыкамі. Да таго ж, дадаў, яблык, як вядома, гэта сімвал спасціжэння чалавекам законаў гравітацыі, зямнога прыцягнення. Увогуле, успомнілі яны і вялікага Ньютана, і аб’яўлены ў Беларусі Год малой радзімы…

Антон Шкаплераў такі гасцінец прыняў з удзячнасцю, а падчас гутаркі сказаў усім прысутным: «Ніколі не саромейцеся казаць, што вы беларусы. Я ўсім кажу: я не рускі — я расіянін, але беларус». Назваў ён і малую радзіму сваіх продкаў — вёску Кіпячы, што ў Быхаўскім раёне на Магілёўшчыне. Адтуль родам яго бацька.

Вось і атрымліваецца, што яблыкі у гэтай сітуацыі выступілі смачным сімвалам малой радзімы.

Райскія яблыкі дзяцінства

Яблыкі дзяцінства — нешта асаблівае, як і ўсё ў велізарным навакольным свеце, які здзіўляў нас кожны дзень. Столькі было адкрыццяў — божыя кароўкі, жукі, матылі, вусені… Таму, як выказаўся аднойчы сябар нашай сям’і, і дні былі доўгімі і не праляталі, як ляцяць яны ў нашым дарослым жыцці.__ А ў яблыку ёсць таямніца, чарадзейства. Ужо адна біблейская гісторыя чаго варта пра забаронены плод, якім змей спакусіў Еву, а тая потым Адама. Што за сэнс прыхаваны? Жыццё пражывеш — не адгадаеш. У яблыку, як гаварыла мая бабуля Каця, сонца пакідае сваю сілу, а потым гэтая сіла ўваходзіць у чалавека, калі ён яблык спажывае. Памятаю: часта я сядзела пад «райкай»: так называлі гэтае чароўнае дрэўца ў нас на вуліцы Падгорнай ў Ваўчанску, райцэнтры ў Харкаўскай вобласці. Тады ніяк не магла даўмецца: як гэта Ева сваім дарослым ротам магла ад гэтага маленькага жаўтавата-чырвонага яблычка адкусіць кавалак ды яшчэ Адаму даць? А бабуля смяялася ды паказвала на антонаўку: маўляў, яблык Евін быў вялікі. Але мне падабаліся менавіта райскія. З іх мы варылі нават варэнне. Мне не забыцца, як сама шпількай калола румяныя яблычныя бакі…

Ужо ў школе даведалася: у яблыках камбінацыя карысных элементаў найбольш удалая у параўнанні з іншай садавінай. Нездарма, казала нам настаўніца англійскай мовы, у Англіі кажуць: “Аn apple a day keeps the doctor away”. Гэта азначае: адзін яблык у дзень — і лекар не патрэбны. І мы дружна хрусцелі яблыкамі на перапынках. А яшчэ памятаю, як вучнёўскім пяром мы, нават ужо старшакласнікамі, з антонаўкі рабілі вожыкаў: пярынкай выкалупвалі конусы па ўсёй паверхні яблыка і зваротным бокам устаўлялі ў адтуліны — вожык і гатовы. Я нават сыну Багдану, калі ён быў маленькім, рабіла такога пацешнага вожыка.

Гісторый пра яблыкі не пералічыць

Досыць трошкі пагугліць — і даведаешся, што і пячорныя людзі ўжывалі яблыкі ў ежу. У наш час гэта даволі танная і даступная садавіна, як, скажам, бананы ў Індыі. А вось яблыкі там — дарагія.

У свой час, расказвае Іван, з садоў Яцкаўшчыны яблыкі вазілі прадаваць у Маскву і Ленінград. Ён памятае, як з’яўляліся ў вёсцы велізарныя фуры і забіралі яблыкі тонамі. І цяпер грузавыя машыны прыязджаюць з Клецка, каб купіць у нешматлікіх жыхароў Яцкаўшчыны яблыкі. Павязуць іх на перапрацоўку наўпрост на Клецкі кансервавы завод. А гэта — найбуйнейшы ў Беларусі пастаўшчык кансерваў дзіцячага харчавання, сокаў, пюрэ ды іншых якасных смачнасцяў з яблыкаў, морквы, іншай гародніны і садавіны. Дзейнасць прадпрыемства пачыналася ў 1896 годзе з вытворчасці патакі, крухмалу, спірту, павідла і агуркоў, якія карысталіся велізарным попытам у спажыўцоў і нават рэалізоўваліся ў Варшаве. І створаны быў гэты харчкамбінат пры маёнтку князя Радзівіла — так абвяшчае гісторыя.

…Ну а мы зноў наведаем у выхадныя нашу малую радзіму — Яцкаўшчыну: яблыкаў набярэм. І штрыфель, і антонаўка, і каштэлі ўжо сонца напіліся. І здаецца, так і чакаюць, каб мы іх сабралі. Ды яшчэ трэба будзе падумаць, дзе у старым садзе пасадзіць маладую райскую яблыньку — дрэўца майго маленства, маёй малой радзімы.

Валянціна Ждановіч

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.