Вы тут

Як дарослым з асаблівасцямі развіцця знайсці работу і жыць самастойна


Бацькі дзяцей з інваліднасцю часта перажываюць за будучыню сваіх сыноў і дачок. Ці змогуць яны ў дарослым жыцці паклапаціцца пра сябе: хадзіць па прадукты ў краму, гатаваць сняданак, зарабляць на жыццё? Або інтэрнат непазбежны? Сваім поглядам на магчымасці працаўладкавання людзей з асаблівасцямі развіцця, асцярогі наймальнікаў і абмежаванні ў вялікім мастацтве падзяліліся беларускія і замежныя эксперты.


У цэнтры «Антон тут побач».

Падрыхтаваць і кандыдата, і кампанію

Піцерскі цэнтр «Антон тут побач» — адзіная ў Расіі арганізацыя сацыяльнай абілітацыі, навучання і творчасці для дарослых з аўтызмам. Адна з праграм, якую яны рэалізуюць, — суправаджальнае працаўладкаванне. Шукаюць кампаніі, гатовыя прыняць людзей з інваліднасцю на работу ці практыку, дапамагаюць падапечным адаптавацца да новых умоў.

— Але асяроддзе лаяльных работадаўцаў развіта слаба, — не хавае праблемы куратар праекта «Дружалюбнае асяроддзе» цэнтра Лада ЯФІМАВА.

Валанцёры дэталёва рыхтуюць кандыдата да працаўладкавання. Замацоўваюць рабочыя і сацыяльныя навыкі, расказваюць аб правілах паводзін у калектыве, дапамагаюць збіраць дакументы для афармлення, тлумачаць, як дабрацца да офіса ці завода, напісаць заяву на водпуск.

— Важна ацэньваць здольнасці кандыдатаў, — звяртае ўвагу Лада Яфімава. — Яны спачатку працуюць у нашых майстэрнях, таму мы ведаем, што яны могуць рабіць.

Суправаджэнне разлічана на два месяцы: на большы тэрмін у цэнтра няма рэсурсаў. Потым падапечнага курыруе настаўнік з ліку работнікаў арганізацыі наймальніка. А валанцёры пакідаюць розныя інструменты падтрымкі для чалавека з аўтызмам, якія дапамагаюць яму быць больш самастойным і пры гэтым амаль нічога не каштуюць. Напрыклад, расклад руху транспарту, карты, графікі (людзі з аўтызмам лепш успрымаюць інфармацыю візуальна, чым на слых), шумапаглынальныя навушнікі (карысна для завода ці офіса, дзе шмат супрацоўнікаў), налепкі і паказальнікі, па якіх лягчэй сарыентавацца ў прасторы.

Папярэднюю работу праводзяць і з кампаніяй, якая бярэ да сябе такога кандыдата. Выдаюць рэкамендацыі па адаптацыі рабочага месца, расказваюць калектыву пра аўтызм.

Эксперт заўважае: важна, каб чалавеку з асаблівасцямі развіцця не проста давалі заданні, каб ён быў хоць чымсьці заняты, а даручалі работу (няхай і самую простую), якая сапраўды неабходна. У якасці станоўчага прыкладу Лада Яфімава прыводзіць гісторыю хлопца, якога ўзялі ў турфірму, — там ён фарміруе базу даных, сартуе дакументы і карэспандэнцыю.

Падобны вопыт суправаджальнага працаўладкавання ёсць і ў Беларускай асацыяцыі дапамогі дзецям-інвалідам і маладым інвалідам. За шэсць гадоў там падабралі вакансіі 67 грамадзянам, 41 з якіх застаецца на рабоце і сёння. Хтосьці стаў кухонным рабочым, хтосьці складае ручнікі ў спа-салоне.

— 80 працэнтаў тых, хто цяпер працуе, маюць разумовыя абмежаванні, — кажа асістэнт па суправаджальным працаўладкаванні Эдуард ШЫПІЦЫН. І дадае, што перад тым, як шукаць вакансіі для людзей з інваліднасцю, кандыдатаў дыягнаставалі.  Глядзелі на такія крытэрыі, як адказнасць, уседлівасць, пунктуальнасць. Тады прасцей з наймальнікамі размаўляць, ведаючы сітуацыю.

Кожны месяц на прадпрыемстве «АртІдэя» праходзяць трэнінгі па напісанні рэзюмэ, дрэс-кодзе, правілах паводзін на сумоўі. На рабочым месцы кандыдату звычайна хапае пару тыдняў суправаджэння, каб усё запомніць. Пяці чалавекам цяпер гэту паслугу аказваюць у рамках дзяржаўнага сацыяльнага заказу.

Работа дома? На думку Эдуарда Шыпіцына, гэта не самы лепшы варыянт, бо ён не спрыяе сацыялізацыі.

Асцярогі наймальнікаў зразумелыя, але не заўсёды апраўданыя. Дана МІГАЛЁВА, старшыня літоўскага таварыства апекі людзей з парушэннем інтэлекту «Вільціс», расказвае пра рэстаран «Першы блін», дзе большасць работнікаў — людзі з інваліднасцю. Гэта вельмі папулярнае месца: трэба загадзя заказваць столік, каб паабедаць там.

Праўда, асобных праектаў, каб сур'ёзна паўплываць на сітуацыю з працаўладкаваннем людзей з асаблівасцямі развіцця, мала, лічыць Дана Мігалёва. «Неабходны сістэмныя змены. Для гэтага трэба размаўляць з мясцовай уладай, прыцягваць публічных людзей для рэкламнай кампаніі».

Асістэнт па бытавых пытаннях

Ці ёсць альтэрнатыва інтэрнату? Варыянт, які распаўсюджаны на Захадзе і пакрысе развіваецца ў нас і ў Расіі, — суправаджальнае пражыванне. Сутнасць у тым, што людзі з інваліднасцю жывуць разам па некалькі чалавек і да іх рэгулярна прыходзіць асістэнт, які дапамагае спраўляцца з бытавымі пытаннямі.

— Мы пачыналі з трэніровачнай кватэры, — дзеліцца вопытам куратар такой праграмы ў цэнтры «Антон тут побач» Валерыя НАВУМАВА. — Падапечныя прыходзяць туды пасля вучобы ці работы, самі гатуюць вячэру, мыюць посуд. Навучальны курс разлічаны на чатыры з паловай месяцы. Потым людзі з інваліднасцю пераносяць атрыманыя навыкі ў паўсядзённае жыццё.

Летась у Піцеры адкрылася кватэра пастаяннага пражывання. Яе аплачваюць бацькі дзяцей з аўтызмам — грамадская арганізацыя пакрывае толькі заробак асістэнта.

Але ўзнікае пытанне: што будзе, калі тых мам і татаў не стане? У Літве прапануюць заключаць нешта накшталт дагавора сацыяльнай рэнты. Па ім пасля смерці бацькоў кватэра перадаецца грамадскай арганізацыі з умовай, што тая забяспечыць суправаджэнне іх даросламу дзіцяці.

Чые карціны купяць?

— Перад вамі пяць карцін. З іх толькі адна намалявана прафесійным мастаком, астатнія — людзьмі з асаблівасцямі. Можаце адказаць, дзе якая? — паказвае фота Іва Сельнер, дацэнт-кансультант Вышэйшай сацыяльнай школы «Карытас» (Аўстрыя). — Але я не бачыў сумесных выставак, дзе б прымалі ўдзел і знакамітыя творцы, і людзі з інваліднасцю. Не сустракаў галерэі, дзе іх работы былі б разам — звычайна яны вісяць паасобку. «Ведаеш, — сказаў мне адзін прафесійны мастак, — гэта для нас небяспечна. Магчыма, наведвальнікам больш спадабаюцца іх карціны, і купяць іх, а не мае».

Іва Сельнер упэўнены, што мастацтва не ведае абмежаванняў. Так, 11 гадоў таму ў Аўстрыі была арганізавана танцавальная група для людзей з асаблівасцямі развіцця і без. Меркавалася, што гэта будзе разавае выступленне, але ўдзельнікі захацелі працягнуць супрацоўніцтва. Цяпер гэты калектыў часта запрашаюць на розныя мерапрыемствы.

— Недахоп дасканаласці не павінен быць праблемай для ўспрымання, — лічыць эксперт.

Пры піцерскім цэнтры «Антон тут побач» ёсць свой аркестр. Кіруе ўсім прафесійны музыкант, які сочыць за мастацкім складнікам. Хлопцы і дзяўчаты з аўтызмам ездзяць на гастролі, выпусцілі сваю пласцінку. За выступленні ўдзельнікі аркестра атрымліваюць грашовае ўзнагароджанне (гэта сродкі з субсідый дзяржавы на творчыя праекты).

— Калі нас запрашаюць на фестывалі, дзе на сцэне будуць толькі людзі з інваліднасцю, мы не пагаджаемся, — катэгарычна Валерыя Навумава. — Хочам удзельнічаць на роўных.

Даведка

Летась у Беларусі на забраніраваныя рабочыя месцы па накіраванні органаў па працы, занятасці і сацыяльнай абароне ўладкавалі 704 чалавекі з інваліднасцю. Усяго для гэтай катэгорыі было зарэзервавана 2048 вакансій. На адаптацыю да працоўнай дзейнасці (з кампенсацыяй затрат наймальнікам) накіравалі 549 інвалідаў.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

Загаловак у газеце: Удзел на роўных

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.