Вы тут

Эканамісты ствараюць новую мадэль развіцця сярэдніх гарадоў


І гэта будуць індустрыяльныя цэнтры. Зараз вядзецца аналіз сітуацыі на месцах, вызначаюцца наяўныя і рэзервовыя магутнасці кожнага горада. Начальнік упраўлення эканомікі Гродзенскага аблвыканкама Андрэй Свірыдаў расказаў, якія гарады рэгіёна могуць стаць індустрыяльнымі цэнтрамі і што для гэтага трэба.


Фота: cpeda.space

Падвесці базу

На праблему развіцця сярэдніх гарадоў звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы падчас сумна вядомага прыезду ў Оршу. Эканамісты ўзяліся за справу і прапанавалі сваю канцэпцыю паляпшэння сітуацыі ў гарадах з насельніцтвам звыш 80 тысяч. У Гродзенскай вобласці пад гэту планку падпадае толькі Ліда. Але ў рэгіёне нямала іншых гарадоў, якія трэба развіваць, адзначыў суразмоўнік. Гэта Смаргонь, Ваўкавыск, Слонім, дзе пражывае па 40—50 тысяч чалавек. Насамрэч увага будзе ўдзелена ўсім гарадам і раёнам.

На сённяшні дзень у кожнага раёна ёсць праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця, якая распрацавана да 2020 года. Яна абнаўляецца, вызначаюцца актуальныя напрамкі. У эканамічным плане гэтыя рэгіёны нельга назваць праблемнымі, лічыць Андрэй Свірыдаў. Яны маюць добрую інфраструктуру і патэнцыял. Нездарма станоўчы вопыт гродзенцаў адзначыў і Прэзідэнт краіны падчас нядаўняга візіту ў Гродна і Гродзенскі раён. Каб гарады развіваліся і надалей, прымаюцца адпаведныя меры.

— Літаральна некалькі месяцаў таму Міністэрствам эканомікі прапанавана канцэпцыя новай праграмы індустрыялізацыі рэгіёнаў. Сутнасць у тым, каб слабыя рэгіёны падцягнуць у развіцці, — падкрэсліў Андрэй Свірыдаў. — Напрыклад, стварыць вытворчыя магутнасці. Бо асноўная праблема такіх сельскіх рэгіёнаў — гэта адсутнасць горадаўтваральных прадпрыемстваў, якія б стваралі падатковую базу раёна.

Вызначыць магчымасці

Па-першае, будзе праведзена інвентарызацыя тых праектаў, якія рэалізуюцца на тэрыторыі раёна, а таксама з ліку перспектыўных. Такім чынам кожны рэгіён убачыць свае рэсурсы і патэнцыял.

У рэспубліканскі план па індустрыялізацыі ўваходзіць каля дзвюх тысяч праектаў. Суразмоўнік вызначае некаторыя з іх. Напрыклад, у Воранаўскім раёне вырошчваюць больш за іншых бульбу, значыць, можна наладзіць яе перапрацоўку. Зараз пачаўся цікавы праект у Радуні: будуецца яўрэйскі цэнтр, значыць, ёсць магчымасць развіваць у будучыні настальгічны турызм. Ці Навагрудскі раён, які стаў цэнтрам ветрапарка ў рэгіёне. Наяўнасць пагоркаў і вышыняў дазваляе развіваць альтэрнатыўную энергетыку. У Бераставіцкім ёсць свідравіна з чыстай пітной вадой, адпаведна, трэба і тут наладзіць вытворчасць. Тым больш што раней яна тут і была. Ці, напрыклад, Ашмяны, прыгранічны раён, можна развіваць транспартную інфраструктуру і лагістыку. І першы аб'ект ужо з'явіўся — хутка транспартна-лагістычны цэнтр тут пачне працаваць.

— Задача кожнага раёна — знайсці сваю адметнасць, — адзначыў Свірыдаў. — Магчыма, прыйдзецца перавесці частку сельскагаспадарчых зямель у прамысловыя. Калі зараз не прыняць такія радыкальныя меры, некаторыя раёны могуць ператварыцца ў мёртвую зону, дзе будзе некалькі тысяч насельніцтва, і большая частка — пенсійнага ўзросту. Такія тэрыторыі не змогуць далей развівацца. У нас у вобласці пакуль так востра не стаіць гэта праблема, але некаторыя раёны, такія як Свіслацкі, Воранаўскі, Зэльвенскі, патрабуюць увагі.

Раздаць стратныя плошчы

Тыя прадпрыемствы, якія працуюць рэнтабельна, і будуць працаваць далей, расказвае эканаміст. Гаворка ідзе аб вытворчасцях, дзе больш страт, чым прыбытку, і мала спадзяванняў, што іх можна ажывіць. Андрэй Свірыдаў прыводзіць прыклад Ваўкавыскага завода дахавых і будаўніча-аддзелачных машын. Некалькі гадоў таму сюды прыйшоў турэцкі інвестар і наладзіў вытворчасць камплектуючых для панэльных радыятараў. Затым да яго цэха далучылі ўвесь завод, але гэта не спрыяла яго выратаванню. Вытворчасць хоць і працуе, але прыбытку ад гэтага няма.

— Лепш разбіваць вялікія плошчы на некалькі частак і прапаноўваць іх розным вытворцам. Магчыма, там і з'явілася б нейкае жыццё, — лічыць Свірыдаў.

Аб тым, што такі падыход можа мець поспех, сведчыць лідскі прыклад. Доўгі час тут прастойваў недабудаваны мясакамбінат. Яго прадалі літоўскай кампаніі ARVІ, якая наладзіла цэлы цыкл вырошчвання індыкоў, выпуск мясной прадукцыі, стварыла ўтыльзавод і перапрацоўку мяса-касцявой мукі. Можна прыгадаць і прадпрыемства «Лідсельмаш» па выпуску розных сельгасмашын і агрэгатаў. Пустуючыя плошчы занялі вытворчасцю тых жа радыятараў.

Добры прыклад у Смаргоні, дзе быў стары агрэгатны завод, 150 гектараў зямлі, шмат будынкаў пустых. Паступова аддалі кампаніі «Кранспан». Цяпер ад былога завода засталося 27 гектараў зямлі, а само прадпрыемства пазбавілася пустуючых плошчаў. Замест яго з'явілася новае прадпрыемства, буйны экспарцёр, які робіць значны ўклад у бюджэт, а таксама дае рабочыя месцы з добрай зарплатай. У Смаргоні ёсць цэлы індустрыяльны праспект, які быў пабудаваны ў савецкі час. Зараз вядзецца работа над тым, каб знайсці новага гаспадара. Падчас форуму «Еўрарэгіён «Нёман» у Гродне быў падпісаны дагавор з палякамі аб тым, каб размясціціь тут мэблевую вытворчасць. У канцы года з'явіцца новы ўласнік і перспектыва ў гэтай тэрыторыі.

Зрабіць інфраструктуру

Важнае пытанне — крыніца фінансавання. Часткова гэту праблему дзяржава гатова ўзяць на сябе. Кожны раён шукае ініцыятыву пад сябе, а ўжо вобласць будзе па магчымасці дапамагаць шукаць крыніцы фінансавання. Гэта не будуць бюджэтныя сродкі, падкрэсліў эканаміст. Вырашаць праблемы развіцця рэгіёна за кошт бюджэту — гэта тупік, дарога ў нікуды. Маецца на ўвазе доўгатэрміновы шлях развіцця. Сацыяльныя аб'екты ў любым выпадку трэба здаваць, рабіць дарогі, будаваць жыллё — гэта, вядома, за кошт бюджэту. А вось аб'екты эканомікі павінны стварацца за кошт прыватных інвестыцый.

— Задача ўлад — знайсці інвестараў і запусціць вытворчасць, падтрымаць тыя праекты, якія ўзнікнуць на прыватным узроўні. А з інфраструктурай павінна дапамагчы дзяржава, — адзначае Андрэй Свірыдаў. — Яна не павінна фінансаваць праекты. Як паказвае вопыт, эфектыўнай работы ад гэтага не атрымліваецца, аб чым сведчыць і прыклад з такімі буйнымі заводамі, як шклозавод «Нёман» у Бярозаўцы і «Мастоўдрэў». Іх так і не ўдалося вывесці на рэнтабельную работу.

Дарэчы, і прыватныя кампаніі не заўсёды паспяхова рэалізуюць свае праекты. Але трэба накіроўваць сілы на тое, каб стварыць свае цэнтры эканамічнага росту, як гэта зрабілі ў Смаргоні. Ці так, як развіваецца Шчучынскі раён, куды прыходзяць інвестары з цікавымі праектамі. У прыватнасці, нядаўна тут з'явілася першая ў вобласці фабрыка па вырошчванні шампіньёнаў.

— У першую чаргу важна стварыць базіснае прадпрыемства, на аснове якога будзе развівацца ўсё астатняе: транспарт, сфера паслуг, гандаль, — падкрэсліў Свірыдаў. — Але інвестару важна, каб былі камунікацыі, інжынерная інфраструктура. Без гэтага праблемна развіваць тэрыторыі.

Падобная сітуацыя склалася ў Свіслацкім раёне. Быццам бы ўключылі ўчасткі ў СЭЗ, ёсць інвестары, якія гатовы наладзіць вытворчасць, але не задавальняе інфраструктура — не пракладзены дарогі, няма спрыяльных умоў для працы.

Прывабіць інвестараў

Трэба працаваць з замежнымі інвестарамі, лічыць эканаміст. Любая кампанія — гэта іншы погляд на бізнес, эканоміку, іншыя падыходы. У Гродзенскую вобласць ідуць расіяне, нядрэнна ўладкаваліся польскія інвестары, немцы, аўстрыйцы. Але гэта не значыць, што няма добрых беларускіх прадпрыемстваў.

Для бізнесу галоўнае — стабільнасць. І такі фактар тут прысутнічае. Ільгот насамрэч хапае. Так, з наступнага года мяняецца Падатковы кодэкс, у якім прадугледжаны істотныя змяненні, што таксама спросцяць інвестыцыйны працэс. Па новых аб'ектах, якія будуць уведзены ў эксплуатацыю, знізіцца стаўка на нерухомасць.

— Усіх палохалі павышаючыя каэфіцыенты. Яны не давалі развівацца буйным прамысловым прадпрыемствам. З наступнага года па новых аб'ектах падатковая нагрузка будзе ўзрастаць паступова, а не адразу. Бо атрымліваецца, што ты толькі адкрыў свой бізнес, не паспеў выйсці на абароты, а цябе абкладваюць па максімуме мясцовымі падаткамі. Гэта сітуацыя зменіцца на карысць прадпрымальніка, — запэўніў Андрэй Свірыдаў.

Пакуль складана сказаць, на які перыяд разлічана праграма індустрыялізацыі. Вядома толькі, што напрацоўкі павінны быць да 2025 года. Упершыню работа будзе весціся цэнтралізавана. Гэта надасць сістэмнасць, у тым ліку і па пошуку інвестараў, каб правільна размяшчаць вытворчыя сілы.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Загаловак у газеце: Як «падцягнуць» слабыя рэгіёны?

Выбар рэдакцыі

Палітыка

На пасяджэнні ЦВК зарэгістраваны 56 членаў Савета Рэспублікі сёмага склікання

На пасяджэнні ЦВК зарэгістраваны 56 членаў Савета Рэспублікі сёмага склікання

Выбары прайшлі ў прыўзнятай атмасферы, дастойна і з яркімі выступленнямі.

Культура

У Беларусі будзе стварацца археалагічная карта

У Беларусі будзе стварацца археалагічная карта

Калі Скарына прыехаў у Кракаў, і як выглядаў малы Рагвалодавіч.

Грамадства

Як застацца людзьмі пасля разводу

Як застацца людзьмі пасля разводу

Можа дапамагчы медыятар.