Вы тут

Сенатары працуюць над фарміраваннем крыніц эканамічнага росту


Пра гэта ў інтэрв'ю «Мясцоваму самакіраванню» расказаў старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па эканоміцы, бюджэце і фінансах Уладзімір ПАНЦЮХОЎ. Размову аб рабоце Камісіі мы пачалі з падзей, якія адбыліся нядаўна.


— Уладзімір Іванавіч, як пяты Форум рэгіёнаў паўплываў на жыццё Магілёўшчыны?

— Сам факт, што форум праходзіў у рэгіёне, — падзея. Мясцовыя жыхары і праз тыдзень ходзяць у прыўзнятым настроі і з задавальненнем згадваюць тыя дні. Я ўпэўнены, што пяты форум атрымаўся найлепшым: па атмасферы, змесце, колькасці і маштабах заключаных здзелак. Кіраўнікі кампаній імкнуліся падпісаць дакументы менавіта на форуме. Паказальна, што падчас Савета дзелавога супрацоўніцтва на працягу паўгадзіны было падпісана кантрактаў на суму больш за чатырыста мільёнаў долараў. Праўда, гэтаму папярэднічала сур'ёзная і ўдумлівая работа напярэдадні.

Дарэчы, Савет дзелавога супрацоўніцтва прайшоў у рамках форуму ўпершыню. Ён працаваў у дзвюх секцыях: прадстаўнікі ўлады і прадстаўнікі бізнесу. Былі абмеркаваны перш за ўсё пытанні прамысловага супрацоўніцтва, у тым ліку праблемныя.

Хачу падкрэсліць яшчэ адзін важны момант. Спікер Савета Федэрацыі Валянціна Мацвіенка прапанавала наступны форум пачынаць з вынікаў папярэдняга. Сапраўды, варта паглядзець, што адбылося з заключанымі пагадненнямі, як рэалізаваны камерцыйныя кантракты. Раней такая інфармацыя не акумулявалася.

Ад форуму, які адбыўся ў Магілёве, засталося задавальненне. Дзейнічаючы разам, мы маем шанцы пабудаваць годную будучыню. У гэтым уся квінтэсенцыя.

— Раскажыце пра сухі астатак пасля завяршэння работы секцыі «Лічбавая эканоміка: супрацоўніцтва рэгіёнаў, стан і перспектывы».

— Секцыя стала лагічным працягам палітыкі двух прэзідэнтаў. Уладзімір Пуцін падчас прамой лініі ў 2017 годзе сказаў, што без лічбавай эканомікі няма будучыні. Аляксандр Лукашэнка на чацвёртым Форуме рэгіёнаў у Маскве заявіў, што фарміраванне лічбавай эканомікі — адзін з кірункаў стратэгічнага партнёрства Беларусі і Расіі, а кіраўніцтва Беларусі паставіла перад сабой амбіцыйную задачу пабудаваць ІТ-краіну. Менавіта з гэтай мэтай пазней быў прыняты Дэкрэт № 8. Мы ў Магілёве паспрабавалі знайсці ў сферы лічбавізацыі эканомік пункты судакранання дзвюх краін, зразумець, у чым ёсць рознагалоссе, як яго пераадолець, каб працаваць разам і дынамічна развівацца.

На секцыі прагучала 18 дакладаў — гэта быў пошук шляхоў збліжэння заканадаўства і падыходаў. Выступоўцы пагадзіліся, што кааперацыя беларускіх і расійскіх кампаній на падставе скразных лічбавых працэсаў і развіцця лічбавых актываў павінна стаць галоўным кірункам развіцця Саюзнай дзяржавы. Найбольш перспектыўныя для сумеснага пераводу на «лічбу» сектары эканомікі — прамысловасць, сельская гаспадарка і энергетыка. Для гэтага неабходна гарманізаваць нарматыўную прававую базу, стымуляваць адпаведныя праекты, развіваць трансгранічную прастору даверу ў рамках лічбавага парадку дня ЕАЭС, рыхтаваць кадры. Яшчэ адзін важны кірунак — інфармацыйная бяспека.

Думаю, работа будзе працягнутая. Такое даручэнне майму калегу з Савета Федэрацыі агучыла на пленарным пасяджэнні і Валянціна Мацвіенка, а мне — Міхаіл Мясніковіч.

— Такім чынам, форум завяршыўся — праца працягваецца. У тым ліку і заканатворчая. Дарэчы, якія дакументы ў эканамічнай сферы будуць разгледжаны ў Савеце Рэспублікі на бягучай восеньскай сесіі?

— Традыцыйна ў парадку дня восеньскай сесіі — пакет бюджэтных законапраектаў. Савет Рэспублікі ініцыяваў двухгадовы фармат бюджэтнага планавання з улікам пятага Усебеларускага народнага сходу, таго, што мы выходзім на фініш пяцігодкі і трэба ствараць зачын на больш аддаленую перспектыву.

Кумулятыўны прырост ВУП у бягучай пяцігодцы ацэньваецца ў 10 мільярдаў долараў. Для выканання мэтавай задачы кіраўніка дзяржавы па дасягненні ў 2025 годзе аб'ёму ВУП у 100 мільярдаў долараў за ўсю наступную пяцігодку неабходна будзе прырасці на 35 мільярдаў. Таму ўжо цяпер трэба фарміраваць крыніцы ўстойлівага росту эканомікі і распрацоўваць прыярытэты сацыяльна-эканамічнай палітыкі краіны на 2021—2025 гады.

Трэба паказаць, як будуць размеркаваны бюджэтныя рэсурсы ў 2020 годзе, вызначыць прыярытэты фінансавання ў разрэзе асобных праектаў, «пераналадзіць» існуючыя меры падтрымкі малога і сярэдняга прадпрымальніцтва, экспарцёраў высокатэхналагічнай прадукцыі і інавацыйна актыўных прадпрыемстваў. Гэта стане пэўным сігналам для рэальнага сектара і бізнесу: планаваць бягучую і інвестыцыйную дзейнасць на больш аддаленую перспектыву, а не толькі на чарговы фінансавы год.

Дарэчы, па законапраекце аб бюджэце фонду сацыяльнай абароны асаблівых навацый не плануецца. Адным са шляхоў напаўнення бюджэту фонду мы бачым рост колькасці занятых у эканоміцы, а таксама ўключэнне ў сістэму дзяржаўнага сацыяльнага страхавання самазанятых.

На гэтай сесіі плануецца разгледзець абноўленую рэдакцыю Падатковага кодэкса. У праект уключаны шэраг нашых ініцыятыў: пашырэнне магчымасці выкарыстання інвестыцыйнага выліку па падатку на прыбытак; зніжэнне стаўкі падатку на прыбытак і падаходнага падатку з фізічных асоб у адносінах дывідэндаў у выпадку рэінвеставання ў развіццё вытворчасці; вызваленне новапабудаваных аб'ектаў і зямельных участкаў, на якіх яны размешчаны, ад маёмасных падаткаў у першы год іх эксплуатацыі.

Гэтыя новаўвядзенні будуць стымуляваць інвестыцыйную актыўнасць бізнесу і арыентаваць яго на далейшае развіццё. Яшчэ адзін законапраект, які нам належыць разгледзець, таксама можна аднесці да сферы інвестыцыйнага заканадаўства. Размова пра карэкціроўку закона «Аб прыватызацыі дзяржаўнай маёмасці і пераўтварэнні дзяржаўных унітарных прадпрыемстваў у адкрытыя акцыянерныя таварыствы». Праект закона прадугледжвае гарантыі правоў уласнасці пры добрасумленным набыцці дзяржаўнай маёмасці і выкананні ўмоў прыватызацыі (прынцып незваротнасці прыватызацыі дзяржмаёмасці, які адпавядае сусветнай практыцы).

Наперадзе таксама работа над законапраектамі «Аб падтрымцы малога і сярэдняга прадпрымальніцтва», «Аб эканамічнай неплацежаздольнасці», «Аб гаспадарчых таварыствах», «Аб дзяржаўных арганізацыях...» і іншымі.

Законы моцныя намі, а мы — законамі. Удасканаленне закона — прыкмета нашага часу. Выпраўляй мінулае, кіруй сённяшнім, прадугледжвай будучае... І ўсё атрымаецца!

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.