Вы тут

Старшыня Мінаблвыканкама правёў прыём грамадзян у Любані


Восем зваротаў разгледзеў старшыня Мінаблвыканкама Анатоль Ісачанка падчас асабістага прыёму грамадзян у Любані. Датычыліся яны добраўпарадкавання тэрыторыі, капітальнага рамонту, газіфікацыі населеных пунктаў, паляпшэння жыллёвых умоў ды іншага.


Сяргей Рэзнік шаснаццаць гадоў адпрацаваў участковым інспектарам у гарадскім пасёлку Урэчча. Яго сям'я пражывае ў доме, які належыць адкрытаму акцыянернаму таварыству «Урэцкі». Пасля звальнення з міліцыі Сяргей Аляксандравіч некалькі месяцаў шукаў работу. Па яго словах, не супраць быў уладкавацца і ў сельгасарганізацыю, каб за ім засталося жыллё. Але яму адмовілі. Нарэшце мужчына знайшоў месца працы ў лясгасе, і ўласнік папрасіў вызваліць жыллё, а іншага даху над галавой сям'я не мае.

Як сцвярджае дырэктар акцыянернага таварыства Вераніка Марозава, былому ўчастковаму прапаноўвалі работу на ферме, ды ён не пагадзіўся. А па дагаворы на працягу дзесяці дзён пасля звальнення з РАУС ён павінен вызваліць жылое памяшканне.

— Якая ў вас адукацыя? — пацікавіўся Анатоль Ісачанка ў заяўніка.

— Аграрная, я — тэхнік-электрык, — такі быў адказ.

— Вам не патрэбныя людзі з гэтай спецыяльнасцю? — задаў пытанне губернатар кіраўніку гаспадаркі.

— Нядаўна ў нас вызвалілася пасада электраманцёра, — кажа яна.

— Прапануйце яе Сяргею Аляксандравічу. Не захоча працаваць — звольніце з высяленнем з кватэры. Тут усё дакладна ясна і зразумела, — выказаўся старшыня аблвыканкама.

Пры звальненні з ранейшага месца працы па заканадаўстве неабходна адпрацаваць месяц. «Але пачакаем, няхай піша заяву», — пагадзілася Вераніка Марозава.

Анатоль Ісачанка даручыў адпаведным службам узяць пытанне на кантроль.

Любоў Аляксандраўна з вёскі Сосны паскардзілася на шумных суседзяў. Жанчына жыве ў чатырохкватэрным доме. Маўляў, не даюць нармальна жыць. Мала таго, выпіваюць, вядуць асацыяльны лад жыцця.

Начальнік Любанскага раённага аддзела ўнутраных спраў Сяргей Абрамовіч канстатаваў, што за апошнія пяць гадоў Любоў Аляксандраўна шаснаццаць разоў звярталася ў органы правапарадку. Супрацоўнікі міліцыі неаднойчы выязджалі на месца. Двух мужчын прыцягнулі да адказнасці за ўжыванне спіртнога, з беспрацоўнай маладой жанчынай правялі прафілактычную размову, а сельсавет прапанаваў ёй работу. Іншых значных правапарушэнняў не выяўлена. І ўсё ж старшыня Мінаблвыканкама даручыў узяць сітуацыю пад жорсткі кантроль, каб папярэдзіць розныя непрадбачанасці.

Дырэктар Любанскай дзіцячай школы мастацтваў Ала Каткавец хадайнічала аб выдзяленні сродкаў для ўладкавання часткі трэцяга паверха будынка. Установа расшыраецца, адкрываюцца новыя аддзяленні. Харэаграфіяй, напрыклад, займаюцца 70 чалавек. Мэтазгодна раздзяліць вучняў на два класы. Але няма такой магчымасці, паколькі не хапае памяшканняў. Анатоль Ісачанка прапанаваў спецыялістам вывучыць гэтае пытанне і пры неабходнасці расшырэння — падумаць над праектам.

Мікалай Мікалаевіч з Любані скардзіўся, што жыллёва-камунальная гаспадарка не дазваляе яму добраўпарадкоўваць тэрыторыю каля пад'езда дома, дзе ён жыве.

— Ніхто не забараняе. Калі ласка, няхай працуе, мы гэта толькі вітаем. Па заяўцы Мікалая Мікалаевіча выдзялялі тэхніку для вывазу смецця, пасадачны матэрыял, — сцвярджаюць прадстаўнікі ЖКГ.

— Што вам перашкаджае наводзіць парадак? Чым дапамагчы? — звярнуўся кіраўнік цэнтральнага рэгіёна да мужчыны.

— Каб дазволілі азеляненне тэрыторыі каля пад'езда і выдалі па пяць саджанцаў кіпарыса, самшыта, барбарысу чырвонага...

— Выдзеліце ўчастак, узаконьце яго, сфатаграфуйце і вазьміце афіцыйна распіску. Няхай спецыялісты пакажуць, якая павінна быць зялёная экспазіцыя каля ўсяго дома, а не толькі пад вокнамі заяўніка, — рэзюмаваў Анатоль Ісачанка.

Іну Божку і Людмілу Гарэльку хвалявалі адразу тры пытанні. Але, бадай, адно з найважнейшых — капітальны рамонт васьмікватэрнага дома па вуліцы Кірава, дзе яны жывуць. У кватэрах няма ні цэнтральнага ацяплення, ні газу, ні вады. Праектам гэтыя выгоды прадугледжаны, але, каб уладкаваць санвузлы, газавыя катлы ды іншае, неабходна перанесці сцены ў кватэрах дзесьці на трыццаць сантыметраў, што не задавальняе гаспадынь.

Як кажуць, лепш адзін раз убачыць, чым сем разоў пачуць. Пасля заканчэння прыёму Анатоль Міхайлавіч паабяцаў наведаць кватэры заяўніц.

Навіна, што сам губернатар прыедзе разбірацца ў сітуацыі, прымусіла жыхароў выйсці на вуліцу.

— Неабходна на 30 сантыметраў перасунуць сцяну, каб уладкаваць душ, ванну, туалет і правесці каналізацыю. Нам выдзелілі жыллё ў падменным фондзе. Суседзі з першай і трэцяй кватэр не хочуць высяляцца. Я казала, каб выселілі сілай, з канвоем, — выказвае незадаволенасць Ніна Насовіч. — Я хоць сёння збяруся і з'еду. Мы — пажылыя людзі, нам цяжка насіць ваду з калонкі, дровы з двара.

— А дзе ж грошы ўзяць на гэты рамонт, — уздыхае адна з пенсіянерак.

— Нічога, дадуць крэдыты, паціху разлічымся, — парыруе Ніна Васілеўна...

Праз колькі часу пад'ехаў Анатоль Ісачанка і падняўся ў адну з кватэр, каб ацаніць сітуацыю. Пасля сустрэчы з уладальнікамі жылля ён расказаў журналістам:

— Я думаю, мы знайшлі кампраміс з жыхарамі. Спецыялісты выпрацуюць варыянт, які б задаволіў і людзей, і ўлады. Праз тыдзень-другі ім прапануюць тое, што мы хочам рабіць, або тое, што яны хочуць бачыць. У выніку будзе прынята адпаведнае рашэнне.

— Думаю, з дапамогай губернатара пытанне будзе вырашана станоўча, — радуецца Людміла Гарэлька. — Анатоль Міхайлавіч паглядзеў кватэру, мы яму даступна растлумачылі сутнасць праблемы. Пажылыя людзі пагадзіліся з праектам, бо ім не сказалі, што перанос сцен цягне за сабой дадатковыя затраты, паколькі работы будуць праведзены за наш кошт: з кожнай кватэры належыць па сем тысяч рублёў. Акрамя таго, у нас невялікія па плошчы жылыя памяшканні, а пасля пераносу сцен тут наогул будзе не размінуцца.

Што ж, сапраўды, пасля ўмяшання старшыні Мінаблвыканкама з'явілася надзея, што нарэшце паразуменне будзе дасягнутае. А праз год-другі аб вадзе з калонкі і пахіленых трухлявых падсобных памяшканнях на вуліцы застануцца толькі ўспаміны.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Загаловак у газеце: Лепш убачыць, чым пачуць

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».