Вы тут

«Надвячорак» паказвае майстэрскае стварэнне невытлумачальнай трывогі ў кіно


Пачнём з рэгалій. Першая карціна венгерскага рэжысёра Ласла Немеша «Сын Саула» была паказана ў конкурсе Канскага кінафестывалю і атрымала Гран-пры, а пасля і «Оскар» як найлепшы фільм на замежнай мове. Цяпер праект «Лістапад. Калекцыя» паказвае ў мінскім пракаце другую поўнаметражную работу аўтара — «Napszallta» («Надвячорак», у рускай версіі перакладу — «Закат»), прэм'ера якога адбылася на Венецыянскім кінафестывалі, а Амерыканская кінаакадэмія ўключыла фільм у лонг-ліст прэміі «Оскар». Калі дзеянне першай карціны адбываецца ў канцэнтрацыйным лагеры падчас Другой сусветнай вайны, гэтым разам Ласла Немеш расказвае пра Будапешт напярэдадні Першай сусветнай.


Шмат у чым «Надвячорак» падобны на «Сына Саула» — неспакойная камера, што амаль увесь час рухаецца за галоўным героем, а наваколле паказвае ў расфокусе, разгрупаваны позірк галоўнай гераіні і яе засяроджаны твар, што ніколі не ўсміхаецца, выкшталцоная работа з гукамі — шэптамі, стукам капытоў ці паланнем агню.

Гісторыя маладой жанчыны Ірыс Лэйтэр адбываецца ў Будапешце, другой сталіцы Аўстра-Венгерскай імперыі. У свеце хутка павінна палыхнуць Першая сусветная вайна (якая фармальна пачалася якраз з забойства аўстрыйскага эрцгерцага Франца Фердынанда), таму ў паветры карціны адчуваюцца рэдкай якасці трывога і напружанасць. Ласла Немеш ні разу не намякае на вайну, не адсылае да яе, не згадвае ніводным словам персанажа, то-бок у канве «Надвячорка», апроч апошняй сцэны, яе не існуе. Але мы ведаем, што на двары — 1913 год і ў фільме адбываецца нешта страшнае.

Ірыс прыязджае ў горад, каб наняцца мадысткай у краму жаночых капелюшоў, якая некалі належала яе бацькам і называецца яе прозвішчам — «Лэйтэр». Сённяшні ўладальнік крамы, якая рыхтуецца да святкавання юбілею, спрабуе далікатна адправіць яе назад, але яна вяртаецца і даведваецца, што ў яе ёсць брат. Больш за тое, у брата крывавая рэпутацыя: кажуць, ён забіў мужа адной герцагіні, а яе прымусіў на гэта глядзець. Потым аказваецца, ён рабіў замах і на ўладальніка «Лэйтэр» Брыла. Потым агучваецца, што ён апусціўся ў цемру і распаўсюдзіў яе на ўвесь свет — метафара ўніверсальная, у тым ліку датычная немінучага падзення ў Першую сусветную вайну.

Гераіня вельмі неасцярожна ідзе за згадкамі і знакамі, шукае людзей, якія могуць ёй нешта расказаць, трапляе ў гушчу падзей, ледзь не аказваецца згвалтаванай, ідзе насустрач небяспечным людзям з пытаннем пра брата, бачыць расстрэлы і нападзенні. З-за гэтай мэтанакіраванасці яна выглядае быццам вар'яткай, але як сімвал цудоўна паказвае амаль свядомы шлях да самаразбурэння, які стаў агульным для Будапешта тых часоў, Аўстра-Венгрыі і свету ў цэлым.

Фільм, хоць, паўтаруся, ні разу не дае прамога намёку ці прагнозу пра Першую сусветную, проста прасякнуты трывогай. Вакол гераіні ўвесь час адбываецца нешта не да канца зразумелае — маецца на ўвазе, для гледача. У дэтэктыўных гісторыях, а «Надвячорак» можна назваць дэтэктывам, кожны крок расследавання дае даволі зразумелую інфармацыю, якая ў выніку складваецца ў разгадку. «Надвячорак» жа іграе на пачуццях — неспакой, хваляванне, насцярожанасць, фізічнае жаданне пазбегнуць і сысці, адчуванне нечага немінучага, што сама гераіня — а яна ўвасабляе, вядома, не аднаго чалавека — падсвядома набліжае. Ці бачыла Ірыс свайго брата, ці з'яўляецца ён усё яшчэ жывым, ці ён кіруе беспарадкамі, што адбываюцца ў горадзе, — так ці інакш, ён з'яўляецца нейкім духам і настроем, якім прасякнуты Будапешт і не толькі.

Зручнай аказваецца і звыклая для Ласла Немеша манера здымаць свае гісторыі — ён засяроджваецца на галоўнай гераіні і амаль «страчвае» наваколле, бо адной толькі Ірыс дастаткова, каб паказаць настроі, шлях і безразважнасць Еўропы ў 1913-м.

Дарэчы прыходзіцца і ўвага рэжысёра да гукаў (у абодвух фільмах): пакуль камера сочыць за персанажам, а яго твар ці патыліца вялікую частку хронаметражу запаўняе экран, глядач — ён можа гэтага нават не заўважаць — усё роўна ведае аб тым, што адбываецца вакол. Праз менавіта гукі. У «Сыне Саула» ад іх станавілася яшчэ і фізічна дрэнна.

Разам са шляхам да трагедыі, ці трагедый, Ласла Немеш паказаў свет, якім ён быў у 1913-м — агідным і схавана разбэшчаным. Яму і апроч новай ідэалогіі, што штурхае пэўныя групоўкі на напады, забойствы і нянавісць, уласцівыя нізкія якасці.

«Надвячорак» паказвае свет напярэдадні катастрофы, што самаразбураецца непадкантрольнымі супярэчнасцямі часу, сутыкненнем старой традыцыі і новых павеваў і, канешне, уласнай неразумнасцю.

Карціну можна ўбачыць у двух кінатэатрах сталіцы: да 31 кастрычніка ў Falcon Club Буцік Кіно і да 2 лістапада ў «Піянеры».

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

Загаловак у газеце: Глядзець нельга прапусціць

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?