Вы тут

Цэнтр для размяшчэння мігрантаў пабудуюць у Полацкім пагранічным атрадзе


У Мінску адбылася цырымонія адкрыцця праекта «Садзейнічанне Рэспубліцы Беларусь у вырашэнні пытанняў, звязаных з павелічэннем колькасці нерэгулярных мігрантаў».


Праект фінансуецца Еўрапейскім саюзам і рэалізуецца прадстаўніцтвам Міжнароднай арганізацыі па міграцыі (МАМ) у Рэспубліцы Беларусь сумесна з Міністэрствам унутраных спраў і Дзяржаўным пагранічным камітэтам Беларусі. Партнёрамі праекта таксама з'яўляюцца ўпраўленне Вярхоўнага камісара ААН па справах бежанцаў, Беларускае таварыства Чырвонага Крыжа і Беларускі рух медыцынскіх работнікаў.

Асноўная мэта праекта — падтрымаць Беларусь у распрацоўцы і рэалізацыі палітыкі і стратэгій у дачыненні да нерэгулярнай міграцыі і дачы прытулку з тым, каб наблізіць іх да еўрапейскіх і міжнародных стандартаў. Дасягненне зададзенай мэты плануецца ажыццявіць з дапамогай рэалізацыі трох кампанентаў праекта. Першы — гэта распрацоўка палітыкі і ўмацавання канстытуцыйнага і аператыўнага патэнцыялу дзяржаўных органаў і няўрадавых арганізацый, якія працуюць у сферы міграцыі. Другі — добраахвотнае вяртанне на радзіму і рэінтэграцыя нерэгулярных мігрантаў. Трэці — стварэнне сучаснай інфраструктуры па размяшчэнні нерэгулярных мігрантаў у адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі.

Важнасць праекта адзначыў намеснік міністра ўнутраных спраў Мікалай Мельчанка.

— Зараз ЕС і наша краіна знаходзяцца на заключным этапе па дагаворы па рэадмісіі. Выкананне гэтага пагаднення абавяжа нашу краіну прымаць пэўную колькасць нерэгулярных мігрантаў, якія перадаюцца краінамі — членамі ЕС. Рэалізацыя праекта дасць магчымасць Рэспубліцы Беларусь належным чынам выконваць міжнародныя абавязацельствы, прынятыя ў адпаведнасці з пагадненнем па рэадмісіі.

Бюджэт праекта складае 7 мільёнаў еўра. Тэрмін рэалізацыі — 2018—2022 гады. Згаданы праект з'яўляецца не першай ініцыятывай ЕС у галіне кіравання межамі. Андрэа Віктарын, кіраўнік прадстаўніцтва Еўрапейскага саюза ў Беларусі, паведаміла:

— За апошнія 20 гадоў ЕС выдзеліў больш за 30 мільёнаў еўра на супрацоўніцтва з Беларуссю ў галіне кіравання межамі і рэалізацыі сумесных праектаў з мытнымі і пагранічнымі ведамствамі для таго, каб спрыяць легальнаму перамяшчэнню людзей і тавараў праз агульную мяжу.

Зейнал Гаджыеў, кіраўнік прадстаўніцтва МАМ у Рэспубліцы Беларусь, адзначыў:

— Паспяховая рэалізацыя праекта будзе патрабаваць максімальнай уцягнутасці і самааддачы бакоў, якія ўдзельнічаюць у ім. Ад усіх нас спатрэбіцца пэўная гнуткасць і гатоўнасць да змен, паколькі праект шмат у чым накіраваны на паляпшэнне заканадаўства ў галіне кіравання нерэгулярнай міграцыяй. Але, вядома, краевугольным каменем у любых прапанаваных зменах будзе з'яўляцца гуманнае стаўленне і павага да правоў мігрантаў.

Для забеспячэння годнага ўтрымання мігрантаў на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь прадугледжана будаўніцтва альбо мадэрнізацыя некалькіх цэнтраў па размяшчэнні названых асоб. Вось што сказаў з гэтай нагоды Ігар Печань, намеснік старшыні Дзяржаўнага пагранічнага камітэта Рэспублікі Беларусь:

— Гэтым праектам прадугледжваецца істотна павысіць наш патэнцыял шляхам рэканструкцыі ўжо існуючых месцаў утрымання нерэгулярных мігрантаў. А таксама плануецца будаўніцтва цэнтра для размяшчэння мігрантаў змешанага тыпу ў Полацкім пагранічным атрадзе. Гэта неабходна, паколькі наступныя лічбы кажуць самі за сябе. За мінулы перыяд 2018 года органамі пагранічнай службы Беларусі на дзяржаўнай мяжы і тэрыторыі, якая прылягае да мяжы, затрымана 668 нерэгулярных мігрантаў з 62 краін. Мы канстатуем павелічэнне іх колькасці на 30 працэнтаў у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года. Усё часцей сустракаюцца сярод нерэгулярных мігрантаў жанчыны і непаўналетнія дзеці. Для іх, а таксама для ўсіх без выключэння нерэгулярных мігрантаў неабходна ствараць умовы, якія забяспечаць іх правы, а таксама першую медыцынскую і псіхалагічную дапамогу.

Сяргей КУЛАКОЎ

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.