Вы тут

Сталічныя медыкі працягваюць прафагляды работнікаў прадпрыемстваў


Медыкі 11-й гарадской паліклінікі Мінска наведалі сталічны холадакамбінат № 2 у межах акцыі па максімальным ахопе прафілактычнымі аглядамі работнікаў прадпрыемстваў.


Прадстаўнікі аднаго з найбуйнейшых у краіне вытворцаў марожанага — а ўсяго тут працуе больш за 700 чалавек — маглі здаць аналіз крыві, памераць артэрыяльны ціск, рост і вагу і разлічыць індэкс масы цела. Жанчыны праходзілі таксама агляд і пальпацыю малочных залоз, што важна для своечасовага выяўлення ракавых захворванняў. Акрамя гэтага, усе ахвотныя атрымлівалі кансультацыю ўрача-тэрапеўта і рэкамендацыі па рацыянальным харчаванні, здаровым ладзе жыцця, узроўні неабходнай фізічнай актыўнасці і прафілактыцы неінфекцыйных хвароб.

...Загадчык аддзялення прафілактыкі 11-й гарадской паліклінікі Ірына Еўдакімава цікавіцца ў чарговай работніцы, што прыйшла на агляд, якія прэпараты тая прымае пастаянна, і вымярае жанчыне ціск:

— На фоне прыёму гіпатэнзіўных сродкаў ваш ціск не павінен быць вышэйшым за 140 на 90. А ён у вас вышэйшы, — кажа доктар.

Пацыентка пытаецца: напэўна, трэба мяняць прэпараты? Доктар рэкамендуе не спяшацца, а паспрабаваць крыху павялічыць дозу і прапануе іншую схему іх прыёму.

Яшчэ адна пацыентка скардзіцца на кашаль, які не праходзіць працяглы час. Урач выслухоўвае работу лёгкіх і раіць скончыць прыём антыбіётыкаў, а таксама выпісвае рэцэпт на іншыя таблеткі. Тым часам ахвотных трапіць да медыкаў становіцца больш.

— Мы нават не чакалі, што сённяшняя акцыя, якую нам прапанавала 11-я паліклініка, выкліча такую цікавасць, — кажа намеснік дырэктара УП «Мінскі холадакамбінат № 2» Людміла БОРТНІК. — Разлічвалі, што будзе каля 50 чалавек, а ў выніку запісалася больш за сотню. Зразумела, для нашых работнікаў гэта вельмі зручна. Не ў кожнага ёсць магчымасць і жаданне пасля працоўнай змены ісці ў паліклініку, а тут можна прайсці агляд за 20 хвілін, знаходзячыся на працы. Паколькі большасць нашых работнікаў — жанчыны, іх у нас больш за 500, то важна, што прыйшлі такія спецыялісты, як фельдшар-акушэр. Акрамя гэтага, усе ахвотныя работнікі могуць зрабіць у нас прышчэпкі ад грыпу. За ўласныя сродкі мы закупілі французскую вакцыну «Ваксігрып», плануем прышчапіць каля 40 % калектыву.

Замест запланаваных трох гадзін акцыя расцягнулася на чатыры з паловай. Затое прынялі ўсіх, хто пажадаў. Асноўныя праблемы, з якімі звярталіся работнікі, — павышаны артэрыяльны ціск і іншыя сардэчна-сасудзістыя захворванні.

Паводле інфармацыі Гарадскога цэнтра здароўя, у Беларусі захоўваецца значная розніца ў працягласці жыцця мужчын і жанчын, якая на працягу двух апошніх дзесяцігоддзяў складае 10 і больш гадоў. Сярод прычын, якія ўплываюць на такі разрыў, — паводзінскія фактары рызыкі: курэнне, высокі ўзровень ужывання алкаголю, нездаровае харчаванне і недастатковая фізічная актыўнасць. Комплекснае ўздзеянне гэтых фактараў павышае рызыку развіцця неінфекцыйных хвароб, у тым ліку сардэчна-сасудзістых (напрыклад, інфаркту і інсульту), раку, хранічных рэспіраторных хвароб (такіх, як хранічная абструктыўная хвароба лёгкіх і астма), цукровага дыябету.

— Мы не толькі далі работнікам, якія звярнуліся, кансультацыі па іх захворваннях, далейшым абследаванні і лячэнні, але і расказалі пра неабходнасць ранняга выяўлення сардэчна-сасудзістых хвароб, раздалі памяткі і лістоўкі па тэматыцы здаровага ладу жыцця, рацыянальным харчаванні і прафілактыцы неінфекцыйных хвароб, — падвяла вынік акцыі Ірына Еўдакімава.

Алена Кравец

Загаловак у газеце: Узважаныя, змераныя і папярэджаныя!

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.