Вы тут

Ці заўсёды адтэрміноўка ад тэрміновай ваеннай службы на карысць прызыўніку?


У апошні час заўважаю, што тыя або іншыя справы вайсковыя ўсё часцей мусіруюцца ў сродках масавай інфармацыі. Мяне, калі шчыра, больш за ўсё зачапіла пытанне адтэрміновак ад тэрміновай ваеннай службы. Тэма гэтая, вядома, няпростая. І ўсё ж хачу падзяліцца сваім сціплым меркаваннем з гэтай нагоды.

Нядаўна Прэзідэнт Беларусі заявіў, што ў нашай краіне каля 80 працэнтаў прызыўнікоў атрымліваюць адтэрміноўкі па тых ці іншых падставах. Гэта ж ашаламляльная лічба! Хтосьці адкладае службу ў арміі «на потым» з-за вучобы, хтосьці — па стане здароўя або па сямейных абставінах. І быццам па законе ўсё, але вось толькі ці заўсёды гэта на карысць самому прызыўніку?


«Я не горшы за астатніх!»

Успамінаю сваю маладосць і сітуацыю, якая склалася асабіста ў мяне. Я нарадзіўся і вырас у беларускай вёсцы. Не ведаю, як цяпер, але ў тыя часы кожны хлопец, які паважаў сябе, імкнуўся адслужыць у арміі. Да таго, хто па нейкай прычыне не прайшоў гэтую школу жыцця, стаўленне было адпаведнае. Даходзіла да таго, што дзяўчаты адмаўлялі такім хлопцам у танцы, ім цяжка было знайсці сабе спадарожніцу жыцця...

У некаторай ступені гэтая праблема закранула і мяне. Трэба сказаць, што ў дзяцінстве я, як і ўсе хлапчукі, гуляў у футбол, нават выступаў на раённых спаборніцтвах за калгас. Аднойчы атрымаў траўму, пасля чаго пачаліся праблемы з каленам. І, калі прыйшоў час ісці ў армію, мне далі праславутую адтэрміноўку па стане здароўя. Крыўдна было да слёз!

У суседнім доме жыў ветэран Вялікай Айчыннай вайны, якога ўсе звалі проста, але ў той жа час паважліва: дзед Іванавіч. Будучы дзецьмі, мы часта, раскрыўшы ад здзіўлення раты, слухалі захапляльныя гісторыі франтавіка. А лёс у дзеда быў вельмі цікавы нават на фоне іншых ветэранаў. Малады хлопец апынуўся ў самым пекле вайны, абараняў Сталінград. Іванавіч быў паранены, трапіў у шпіталь і... збег з яго, нават поўнасцю не вылечыўшыся. Змагаўся па-геройску, перамогу сустрэў у вызваленай Польшчы.

Шчыра прызнаюся, калі вярнуўся з ваенкамата з адтэрміноўкай, успомніў гэтую гісторыю, і слёзы міжволі пабеглі з вачэй. Ну як так, чалавек у вайну паранены стаў у строй, а мяне з-за «нейкага калена» ў армію не бяруць!..

Хадзіў да ваенкама штодня, як на працу: «Я не горшы за астатніх! Гатовы выканаць абавязак!» З каленам неўзабаве стала значна лепей. І афіцэр, нарэшце, здаўся.

Служыў я ў радыётэхнічных войсках і сёння ўспамінаю той перыяд з асаблівай цеплынёй. Нездарма армію называюць школай жыцця. Было цяжка фізічна, парой накрывала туга па родным доме... Але ў той жа час менавіта ў арміі я даведаўся, што такое сапраўдная дружба, навучыўся адказваць за свае ўчынкі і прыярытэт стаў аддаваць справам.

Ісці ад жыцця

Вядома, сёння сітуацыя ў некаторай ступені іншая. Аднак, як мне здаецца, пытанне адтэрміновак стаіць усё так жа востра. Напрыклад, вось такая гісторыя разгарнулася літаральна на маіх вачах.

Ёсць у мяне сусед — добры мужык, ды і сына свайго Сашу выхаваў адпаведна. І як бы ўсё ў яго ў жыцці складалася нармальна, але нядаўна ў сям'і на роўным месцы разгарнулася самая сапраўдная драма. Саша ніколі ад арміі не бегаў, але, як той казаў, пусціў гэтую справу на самацёк — маўляў, як атрымаецца, так атрымаецца. Пасля заканчэння школы ён паступіў ва ўніверсітэт, паспяхова яго скончыў, працаваў па спецыяльнасці. Атрымаўшы павестку, не здзівіўся і спакойна пайшоў у ваенкамат. Але падчас праходжання медкамісіі здарылася тое, чаго Сашка ніяк не мог чакаць: у хлопца, які ўсё жыццё лічыў сябе самым здаровым чалавекам на свеце, які не хварэў ні на што сур'ёзнейшае за насмарк, выявілі нейкую больку.

Саша нават не ўнікаў у падрабязнасці. Ён нават падумаць не мог, што прызыўнікоў у той раз набяруць дастатковую колькасць і яму ізноў на абсалютна законных падставах дадуць адтэрміноўку. І той раз малады чалавек не стаў займацца высвятленнем прычын таго, што адбылося, кіруючыся прынцыпам: «Ад працы не бегай, на працу не напрошвайся».

Неўзабаве Саша ажаніўся з дзяўчынай, з якой сустракаўся яшчэ падчас вучобы ў ВНУ. У пары нарадзіўся малы. Нядаўна дзіцяці споўнілася тры гады, а яго тату... прызываюць у армію. Сказаць, што Саша знерваваўся, — значыць, нічога не сказаць. Маладой сям'і будзе няпроста перажыць разлуку з карміцелем.

Маму з дзіцем ніхто не кіне — дапамогуць бабулі і дзядулі малога. Але Саша дакарае сябе за тое, што не адслужыў тэрміновую ў 18 гадоў. Ды і пасля вучобы аддаць доўг Радзіме было значна прасцей: абцяжаранняў практычна ніякіх не было. А зараз: жонка, малое дзіця, на рабоце нервуюцца з прычыны таго, што даводзіцца расставацца з каштоўным супрацоўнікам...

І вось пра што кажа сам Саша: «Кожную сітуацыю з адтэрміноўкай трэба разглядаць індывідуальна. Шчыра прызнаюся, калі б можна было адкруціць час назад, я зрабіў бы інакш...»

А як за мяжой?

Адзін мой добры сябар ужо шмат гадоў жыве ў Ізраілі. Дык вось, нядаўна на службу ў армію прызвалі яго... дачку! І гэта для ізраільцян абсалютна нармальная з'ява. Прызываюць на службу ў армію ўсіх грамадзян, якія дасягнулі 18-гадовага ўзросту і якія падыходзяць па стане здароўя. Тэрміновая служба мужчын складае 36 месяцаў, а для жанчын — 24.

Не прызываюцца замужнія жанчыны. Скарыстацца альтэрнатыўнай службай ёсць магчымасць у маладых рэлігійных дзяўчат. Але на практыцы для іх значна больш пажаданы армейскі прызыў. На адтэрміноўку на ўвесь перыяд вучобы можа разлічваць мужчына, які навучаецца ва ўстанове, што адносіцца да ультраартадаксальнага лагера. Адтэрміноўка гэтая ў прынцыпе можа доўжыцца ўсё жыццё. Але нярэдкія выпадкі, калі маладыя ультраартадоксы перарываюць вучобу і ідуць служыць, натхніўшыся духам патрыятызму.

Выпускнік школы, які атрымаў атэстат з выдатнай адзнакай, можа папрасіць у міністэрства абароны дазвол на тое, каб прайсці тэрміновую воінскую службу пасля таго, як будзе атрымана першая або нават другая ступень адукацыі. Аднак потым ён (або яна) абавязаны спачатку прысвяціць тры гады тэрміновай службе, а потым служыць яшчэ чатыры гады пасля таго, як будзе атрымана афіцэрскае званне!

Ёсць адзін немалаважны нюанс: армію Ізраіля ў большай ступені цікавяць спецыялісты тэхнічных і прыродазнаўча-навуковых профіляў, урачы. Магчыма, гэта камусьці падасца дзіўным і нават няправільным, але факты паказваюць на наступнае: студэнты-гуманітарыі ў Ізраілі наўрад ці могуць разлічваць на атрыманне вышэйшай адукацыі да арміі! Вядома, цалкам праецыраваць сітуацыю ў Ізраілі на беларускія рэаліі было б няправільна. Аднак задумацца усім нам ёсць над чым...

Яшчэ больш строгая, на мой погляд, сістэма функцыянуе ў Сінгапуры. Пачынаючы з мінулага года, хлопчыкі разам з пасведчаннем аб нараджэнні атрымліваюць... павестку ў армію! Гэтая ініцыятыва міністэрства абароны распаўсюджваецца толькі на грамадзян краіны.

«Мы хочам загадзя даваць усю неабходную інфармацыю аб абавязковым праходжанні воінскай службы бацькам дзяцей мужчынскага полу», — падкрэсліў афіцыйны прадстаўнік мінабароны Сінгапура.

Наступны напамін бацькам патэнцыйнага салдата прыходзіць, калі іх сыну спаўняецца 13 гадоў. Дарэчы, менавіта з гэтага моманту яны абавязаны атрымаць адпаведны дазвол улад, калі раптам захочуць вывезці свайго сына за мяжу на тэрмін ад трох месяцаў і больш, у тым ліку і на вучобу.

Ва ўзросце 16 з паловай гадоў сінгапурскіх юнакоў рэгіструюць у сістэме воінскага ўліку. Тады ж яны пачынаюць праходзіць медкамісію, каб пры дасягненні 18-годдзя папоўніць шэрагі ўзброеных сіл Сінгапура...

Пасля заканчэння службы малады чалавек становіцца рэзервістам. Да 40 гадоў ён у абавязковым парадку праходзіць двухтыднёвыя вайсковыя зборы штогод. Трэба сказаць, што ўлады Сінгапура не прызнаюць службу сваіх грамадзян у замежных арміях. Уявіце сабе: калі нават малады чалавек раптам захоча змяніць грамадзянства, то пры адмове ад сінгапурскага ён у любым выпадку павінен паслужыць у арміі краіны!

Спроба ўхіліцца ад службы можа пацягнуць за сабой штраф да 10 тысяч сінгапурскіх долараў (гэта больш за 15,5 тысячы беларускіх рублёў!), турэмнае зняволенне (мінімум два гады!). Потым іх чакаюць прымусовая дастаўка на базу і... тэрміновая ваенная служба.

Цікава тое, што адтэрміноўкі ад прызыву ў армію Сінгапура ўсё ж даюцца. За апошняе дзесяцігоддзе толькі 10 сінгапурцаў атрымалі такое права. Выключэннем стаў плывец Джозэф Скулінг, які быў вызвалены на тры гады для падрыхтоўкі да Алімпіяды-2016. Спартсмен апраўдаў давер і выйграў залаты медаль. Так што служыць у арміі ён будзе ўжо ў статусе алімпійскага чэмпіёна...

Яраслаў Каганскі

Загаловак у газеце: Вакол адтэрміновак

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.