Вы тут

Паэзія і жывапіс у творчасці Алега Скавародкі


У яго творах удала спалучаюцца традыцыі класічнай і авангарднай мастацкіх школ, адчуваецца ўплыў мадэрну, імпрэсіянізму. Сёлета мастак святкуе 70-годдзе, і лепшы спосаб прадставіць яго творчасць — выстаўка ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь пад сімвалічнай назвай «Паэзія колеру». Тут больш за пяцьдзясят мастацкіх работ, створаных аўтарам за апошнія пятнаццаць гадоў.


Алег Скавародка працуе ў жанрах пейзажа, нацюрморта, тэматычнай карціны, партрэта. Творам мастака ўласцівая філасофская трактоўка, паэтычнае ўзвышша, лірызм. Пейзажы, якія займаюць цэнтральнае месца ў творчай спадчыне майстра, захапляюць тонкім, чулым стаўленнем да роднай прыроды. Мастак цікава стылізуе і інтэрпрэтуе натуру ў жывапісе, глядач жа ўбачанае творцам спазнае праз прызму яго душы. Творчасць Алега Скавародкі лёгка пазнаць па індывідуальнай манеры, асаблівым каларыце. Невыпадкова яго называюць майстрам беларускай ментальнасці.

Алег Аляксандравіч шмат часу праводзіць у майстэрні. Мэтанакіраванасць, упартасць, працавітасць дазваляюць лічыць Алега Скавародку адным з самых прадукцыйных віцебскіх мастакоў. Таксама творца часта выязджае на пленэры па краіне і за мяжу. Шмат малюе родную Віцебшчыну. Адзін з найбольш дарагіх для мастака — пленэр у Разані (2005 г.) на радзіме Ясеніна, любімага паэта Алега Скавародкі. Нядзіўна, што яго карціны сугучныя з творчасцю паэта. «Паэзія колеру» — назва для выстаўкі невыпадковая: два віды мастацтва — паэзія і жывапіс — сутыкаюцца ў творчасці майстра.

Неаднойчы яго крытыкавалі за фармат работ і бязмежную свабоду ў творчасці. Аднак ён застаўся верны сябе. Яму не падабаецца, калі яго творчасць параўноўваюць з Шагалам альбо Малевічам. Кажа, што шмат чаго робіць, каб глядач прыходзіў на яго выстаўкі і бачыў творы менавіта Алега Скавародкі, а не запазычаныя сюжэты.

Аўтар любіць адкрытыя кантрасты, сакавітасць фарбаў, фактуру, матэрыяльнасць, аб’ядноўвае іх з фармальнай стылізацыяй, але пры гэтым не аддае перавагу толькі «чыстай маляўнічасці». Велізарную ролю ў яго карцінах адыгрываюць пабудова кампазіцыі, класічныя атрыбуты матэрыяльнага свету рэчаў, постаці людзей, забаўныя спляценні ліній. У карцінах непрыкрыта вылучаецца тэмперамент аўтара, яго самабытнае светаадчуванне, у асноўным жыццярадаснае, часам драматычнае або сюррэалістычнае.

Асаблівы ўнёсак у станаўленне Алега Скавародкі як мастака зрабілі выкладчыкі Фелікс Гумен і Леанід Дзягілеў. Неаднойчы яны раілі творцу пачаць займацца выкладчыцкай дзейнасцю, але майстар так і не адважыўся, бо хацеў прысвяціць сваё жыццё менавіта творчасці, а выкладанне забірае шмат сіл.

Карціны Алега Аляксандравіча экспанаваліся ў рэспубліканскіх, абласных і міжнародных праектах (у Англіі, Францыі, Эстоніі, Літве, Германіі). Адна з яго работ была падорана прэзідэнту Францыі і ўпрыгожвае Елісейскі палац.

Прадстаўленую выстаўку ў Нацыянальным мастацкім творца лічыць лепшым падарункам да юбілею. Гэта своеасаблівая магчымасць зазірнуць у мінулае, успомніць розныя этапы станаўлення і вырашыць, дзе той шлях, па якім лепш рухацца далей.

Вікторыя АСКЕРА

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.