Вы тут

Паядынкі і дыялогі ў ненапісаных гісторыях Івана Семілетава


Фантастычны свет мастака Івана Семілетава ўражвае незвычайнымі гісторыямі і цікавымі персанажамі. На працягу кастрычніка ў мастацкай галерэі «Арт-Хаос» працуе выстаўка творцы «Сюжэты ненапісаных гісторый».


«У доме 18-ць», 2018 г.

Тут кожная карціна — асобны свет, выдуманы мастаком для сваіх герояў. Прататыпамі для іх сталі рэальныя людзі: блізкія аўтара або тыя, хто выпадкова сустрэўся яму ў горадзе.

— Выбар колеру заўсёды адлюстроўвае ўнутраны стан мастака, — падкрэслівае Іван Семілетаў. — Апошнім часам я выбіраю пастэльныя шаравата-ружовыя колеры. У розныя часы былі разнастайныя адценні: сінія, блакітныя, карычневыя. Карціны — на розныя тэмы са шматлікімі прыдуманымі фантастычнымі персанажамі і іх уласнымі гісторыямі. Напрыклад, на выстаўцы прадстаўлены твор, прысвечаны 15-й сімфоніі Шастаковіча, якую я паслухаў адносна нядаўна. З іншай работай звязана цікавая гісторыя. Аднойчы я ішоў па горадзе і сустрэў мужчыну ў жоўтым паліто з барадой і ў капелюшы. У яго ў руках была газета. Прайшло некалькі месяцаў. Я ўзяўся за новую работу і прыдумаў персанажа. Потым гляджу і ўспамінаю, што гэта менавіта той мужчына ў паліто і капелюшы.

Вобраз кожнага казачнага персанажа Іван Семілетаў не толькі прыдумляе — надзяляе характарам. У герояў ёсць свая гісторыя, справы, клопаты. Яны пражываюць казачныя жыццё ў чароўным і маляўнічым свеце. Кожная карціна на выстаўцы — гэта акенца, з якога мы можам паназіраць за жыццём выдуманых герояў. Аўтар упэўнены: усе адценні пачуццяў, якія мы перажываем кожны дзень і ў любой жыццёвай сітуацыі, можна ператварыць у мастацкія вобразы.

Работы творцы дазваляюць аналізаваць узаемаадносіны ў соцыуме, якія спрыяюць разуменню ўласнага «я». Не сюжэт сам па сабе, не падзеі цікавяць аўтара, а душэўныя хваляванні яго герояў, якія шмат у чым падобныя на маладога мастака.

— Усе мае карціны аўтабіяграфічныя, — тлумачыць аўтар. — Апошнім часам можна назіраць, што ў мяне часта з’яўляюцца ў сюжэтах сабачкі. А гэта таму, што мая жонка займела сабаку. Або ў творах можна ўбачыць людзей на роварах. Гэтая тэматыка звязаная з маімі падарожжамі. Я чалавек уражлівы. Мяне захапляе нават штодзённае жыццё. Падабаецца шпацыраваць па горадзе, знаходзіць новыя твары, назіраць за незвычайнымі сітуацыямі.

Іван Семілетаў тонка адчувае нюансы колеру і каляровыя спалучэнні. Яго работы простыя і зразумелыя. У іх шмат ад дзіцячага малюнка: чысціня і шчырасць пачуццяў, прастата формаў і свабода — усё тое, што не пакідае гледача абыякавым. Яго творы — гэта напамін пра самыя добрыя і светлыя моманты. Мастацтвазнаўцы падкрэсліваюць, што ў аўтара атрымалася не паўтараць шлях свайго бацькі.

— Мяне радуе, што мы з бацькам вельмі розныя мастакі. Працуючы ў майстэрні разам, часта сварымся. Кожны адстойвае сваю творчую пазіцыю. Сапраўды, цяпер маладыя творцы паўтараюць лёс сваіх бацькоў-мастакоў. Мне пашанцавала. Мой бацька стаў добрым настаўнікам. Ён не пераносіў паўтораў, а свой стыль наогул знайсці складана. Памятаю, калі вучыўся ў акадэміі, вельмі шмат пра гэта думаў. Але я заўсёды раблю так, як адчуваю, — распавядае Іван Семілетаў. — Прызнаюся, я ніколі не задумваюся аб продажах работ. Парадокс у тым, што, нягледзячы на гэта, мае работы карыстаюцца попытам. Мне здаецца, што сакрэт поспеху — у тэндэнцыі. Раней было модна купляць бэз або бярозы, а цяпер людзей цікавіць абстрактнае, фігуратыўнае мастацтва.

Мэта мастака — распазнаць, утрымаць і зафіксаваць пачуцці на палатне, дзесьці спрабуючы іх перамагчы, дзесьці з’яўляючыся назіральнікам. Гэта і паядынак, і дыялог адначасова.

— Мая мара — не працаваць на заказ. Цяпер так і адбываецца. Але раней даводзілася зарабляць грошы, і я браўся за розныя заказы, — дзеліцца творца. — Гэта было некамфортна, бо ў кожнага сваё бачанне мастацкай глыбіні і разуменне таго, як яна павінна выглядаць. Сёння ў мяне ёсць магчымасць аддавацца працэсу цалкам, не думаючы пра складанасці.

Дарэчы, працяг гэтай экспазіцыі ў некалькіх работах можна ўбычыць на «Восеньскім салоне з Белгазпрамбанкам».

Вікторыя АСКЕРА

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.